Пра гэта сёньня на брыфінгу паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык:
«На сёньня ніякага афіцыйнага паведамленьня мы не атрымлівалі, таму лічым заўчасным камэнтаваць гэты намер. Дакладныя тэрміны прыняцьця рашэньня аб адмове ва ўездзе ва Ўкраіну ўладальнікам звычайных пашпартоў не вядомыя. Турбавацца трэба будзе тады, калі такое паведамленьне прыдзе ў ведамства».
На сёньня памежны кантроль між Украінаю і Беларусьсю рэгулюецца пагадненьнем пра бязьвізавыя паездкі грамадзян. Яно падпісанае ў чэрвені 2009 году. У ім прадугледжаны пералік дакумэнтаў, зь якімі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны маюць права ўяжджаць на тэрыторыю краінаў. У гэтым пераліку біямэтрычны пашпарт, як і абавязковае зьняцьце адбіткаў пальцаў, адсутнічае.
Згодна з артыкулам 4 гэтага пагадненьня, бакі абавязаныя неадкладна інфармаваць адзін аднаго па дыпляматычных каналах аб увядзеньні новых дакумэнтаў або ўнясеньні зьменаў у пералік дакумэнтаў, якія выкарыстоўваюцца для ўзаемных паездак, і адначасова даслаць адзін аднаму іхныя ўзоры.
Афіцыйны Кіеў прызнае, што рашэньне пра неабходнасьць мець біямэтрычныя пашпарты абцяжарыць сытуацыю з краінамі, у якіх пакуль такія пашпарты ня ўведзеныя. Таму ўкраінскія ўлады заявілі, што яны пачнуць тэрміновыя перамовы, найперш з краінамі, што маюць права бязьвізавага ўезду, каб «прадугледзіць мэханізмы, што дазволяць іх грамадзянам бесьперашкодна ўяжджаць на тэрыторыю Ўкраіны».
Беларускія ўлады плянуюць увесьці біямэтрычныя пашпарты для паездак грамадзян Беларусі за мяжу ў канцы 2018 году.