Юркойцеў суд. Прынцып насарога

На працэсе ашмянскіх мытнікаў зачыталі «новую» вэрсію абвінаваўчага заключэньня (АЗ). Прысутныя ў залі пераглянуліся — а што там новага?

Пачатак ТУТ

Працэс доўжыцца зь лістапада мінулага году, 8 месяцаў. Колькі ўсяго было паседжаньняў? — спытаўся ў мяне Алесь Яўдаха, які прыйшоў падтрымаць Юркойця. Сам два тыдні як з Валадаркі. Трыццаць, — адказаў я.

Кантэкст пытаньня такі: пасьля трыццаці паседжаньняў, на якіх зачытвалі дакумэнты, слухалі сьведкаў і абвінавачаных, разьбіраліся ў спэцыфіцы мытнае службы, на якіх паўстала мноства пытаньняў да АЗ, гэтыя пытаньні засталіся «за бортам», так і не знайшоўшы адказаў у «новым» заключэньні. Хіба што тэрмін «бесьперашкодны пропуск» машын з кветкамі замянілі на «бесьперашкодны выпуск». Бо мытня не прапускае грузы, а афармляе іх. Усё астатняе засталося бязь зьмен. А гэта значыць, з гледзішча пракурора, суд 8 месяцаў працаваў упустую.

Фабула абвінавачаньня ўвогуле ня мае да прысутных дачыненьня. Яна ўзятая зь Менскага абласнога суду, дзе судзяць мытных начальнікаў, і распавядае пра тое, як начальнікі Фалевіч і Сарумянц, нібыта, бралі грошы ў камэрсантаў Танкелюна і іншых за хуткае афармленьне фураў з кветкамі. Фалевіч і Сарумянц названыя стваральнікамі арганізаванай злачыннай групы (АЗГ). Пазьней да іх далучыўся Ігар Высоцкі і ўсе трое сталі кіраўнікамі гэтай самай АЗГ. Пасьля яны далучылі да сябе начальнікаў аддзелаў (пералік імёнаў).

Фабула распавядае, хто з гэтых людзей калі і каму на якой запраўцы перадаў колькі грошай, хто і якія вызначаў тарыфы хабараў, хто каму зь якой сімкі званіў… Цікава, канечне. Але запіндзя, як сказаў бы Адам Глёбус, у тым, што ўсіх гэтых людзей на працэсе ашмянскіх мытнікаў, на якім вы прысутнічаеце, няма. І гэта ўсё не пра тых, якія тут. У Партызанскім судзе судзяць зусім іншых людзей — адзінаццаць інспэктараў, якія ні перамовамі з камэрсантамі, ні тарыфамі, ні сімкамі не займаліся. Іх роля ўсплыве толькі ў фінальнай частцы АЗ і будзе заключацца ў тым, што яны «былі ўцягнутыя» героямі фабулы ў тую АЗГ.

Цяпер зразумела, што пасьля новага абвінавачаньня начальнікам у абласным судзе, ва ўсіх чатырох раённых менскіх судах адбудуцца пераабвінавачаньні шараговым мытнікам, якія будуць цалкам тыповымі: фабула пра начальнікаў і фінальная частка пра прысутных абвінавачаных інспэктараў.

Калі Партызанскі і яшчэ тры менскія раённыя суды ідуць толькі прычэпам да начальніцкай фабулы, пра што тады тут будуць гаварыць у спрэчках? Пра паводзіны начальства? Пра інкрымінаваныя сумы? Пра турэмныя тэрміны? Начыста забыўшы пра канкрэтныя доказы — ці было дзеяньне з боку прысутных абвінавачаных і ў чым злачынства?

Я задаўся пытаньнем: ці мусіць АЗ мець у сабе хоць бы нейкія доказы таго, што людзі сапраўды «былі ўцягнутыя», бралі незаконныя грошы і менавіта — за што? Ці мусіць там гаварыцца, на падставе чаго выносіцца абвінавачаньне? Ці АЗ можа насіць чыста дэкляратыўны характар? Аказваецца, ня можа.

Артыкул 205 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ кажа, што «АЗ складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак». У апісальнай частцы «выкладаецца сутнасьць справы: месца і час учыненьня злачынства, яго спосабы, матывы, наступствы і іншыя істотныя абставіны; зьвесткі пра пацярпелага; доказы, якія пацьвярджаюць наяўнасьць злачынства і вінаватасьць абвінавачанага; довады, якія абвінавачаны прыводзіць у сваю абарону, і вынікі праверкі гэтых довадаў». У рэзалютыўнай частцы фармулюецца само абвінавачаньне з указаньнем артыкула КК.

Тое АЗ, якое зачытаў на працэсе пракурор, выглядае наступным чынам: апісальная частка (фабула) распавядае нам пра групавое злачынства, нібыта, учыненае начальнікамі. А рэзалютыўная (фінальная) частка абвінавачвае падначаленых.

Складаецца фінальная частка зь пераліку па асобах: Юркойць А.Я. за бесьперашкодны выпуск 86-ці машын з кветкамі, пэрыяд, забясьпечыў даход АЗГ на столькі тысяч даляраў (на той момант столькі недэнамінаваных мільёнаў або столькі базавых велічынь), за што асабіста атрымаў 10.090 даляраў (на той момант столькі недэнамінаваных мільёнаў або столькі базавых велічынь). Грошы атрымліваў ад свайго начальніка Карповіча на аўтастаянцы пры Ашмянскай мытні або ў іншых месцах.

І так пра ўсіх 11 абвінавачаных мытнікаў. У АЗГ прынёс столькі, сабе на аўтастаянцы атрымаў столькі. Пры гэтым усё, што, на думку пракурора, даказвае сувязь паміж апісальнай і рэзалютыўнай часткамі — пасада, якую мытнік займаў у інкрымінаваны пэрыяд і больш нічога. Нібыта тое, што Юркойць і іншыя працавалі на мытні, аўтаматычна робіць іх чальцамі АЗГ.

За час судовага сьледзтва пракуратура не прадставіла ніводнага аб’ектыўнага факту фіксацыі перадачы грошай! Хоць, паводле пракуратуры, на працягу пяці гадоў такіх выпадкаў былі тысячы, прычым на працоўным месцы (дзе хоць раз той самы КДБ мусіў кагосьці схапіць за руку) і нязьменна пад відэакамэрамі на аўтастаянцы, на самой мытні, на аўтазапраўцы. Не зьдзіўляе, што такіх фактаў няма. Зьдзіўляе тая ўпартасьць, зь якой праз 8 месяцаў судовага сьледзтва пракуратура працягвае стаяць на сваім: былі ўцягнутыя, атрымлівалі, перадавалі грошы.

Гэта зьдзіўляе, а сур’ёзна насьцярожвае тое, што ў абласным судзе, які ўжо выйшаў на фінальную прамую, важныя пытаньні працэсу так і засталіся неадказанымі. Як з тымі двума мілёнамі, што «знайшлі пад ваннай» у Сарумянца, паходжаньне якіх не зацікавіла суд. Іх проста пастанавілі канфіскаваць у даход дзяржавы. А чые гэта грошы і адкуль узяліся — не істотна.

Пракуратура, нібы танк, едзе па каляіне, пракладзенай сьледзтвам, не зважаючы ні на артыкулы КПК, ні на відавочныя «белыя ніткі», якімі шытая справа, ні на чалавечы фактар.

Гэта значыць, што «за бортам» працэсу могуць застацца і ключавыя пытаньні ў Партызанскім судзе, а менавіта:

Навошта начальнікі давалі грошы інспэктарам, калі тыя — іхныя падначаленыя і калі за гэтыя грошы нічога лішняга рабіць не патрабавалася? І яшчэ — дзе злачынства?

Магчыма, пракурор і ня мусіць задавацца пытаньнямі, а наадварот — упарта стаяць на сваім. Недастаткова доказаў? — недапрацаваў сьледчы. Як гэтым распарадзіцца? — хай вырашае судзьдзя. І як бы ён ні вырашыў, я сваю справу зрабіў добра.

Насамрэч, у насарога няма прынцыпаў, ён проста атакуе: бязьлітасна і безаглядна, за што і лічыцца самай небясьпечнай істотай у прыродзе.

P.S. Для азнаямленьня з «новай» вэрсіяй абвінавачаньня суд адкладзены да 15 жніўня.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.