У знакамітым мястэчку Лужках зьявіўся гістарычны банэр Ігара Марачкіна. Фота

Фрагмэнт банэру

У Лужках, што ў Шаркаўшчынскім раёне, устаноўлены банэр, прысьвечаны гісторыі і выдатным асобам старадаўняга мястэчка. Памер канструкцыі 2×3 мэтры, аўтарства канцэпцыі і дызайн належаць Ігару і Ірыне Марачкіным.

«У Лужках быў ахрышчаны я, адтуль родам мая маці. Банэр пры падтрымцы мясцовых уладаў днямі ўстанавілі ў самым цэнтры мястэчка», — расказвае мастак і выкладчык Ігар Марачкін.

Ён сын вядомага беларускага мастака, аднаго з заснавальнікаў суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна. Яго маці Ірына, актыўная ўдзельніца адраджэнскага руху 1980-х, некалькі гадоў таму памерла і была пахаваная на радзіме недалёка ад Лужкоў.

«Мястэчка з багатай гісторыяй» — галоўны сэнсавы пасыл банэра. Тут жа год першай згадкі пра паселішча — 1514-ы. Адлюстраваныя мясцовыя архітэктурныя славутасьці — касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла пры кляштары піяраў, царква Нараджэньня Божай Маці, сядзіба Плятэра, водны млын і г.д.

Тут жа асобы, якія ўславілі Лужкі — мастак, фальклярыст Язэп Драздовіч, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч эміграцыі Васіль Стома, харавы дырыжор, этнограф Генадзь Цітовіч, сьвятар і публіцыст Язэп Германовіч, бацька сучаснага іўрыту Эліэзэр Бэн-Егуда ды іншыя.