Пра гэта паведаміла начальніца ўпраўленьня арганізацыі гандлю і паслугаў ведамства Віялета Бразоўская. Раней з падобнай прапановай выступіла «Белпошта».
«Цяпер дзяржаўныя органы на чале з Мытным камітэтам абмяркоўваюць тэму ўнясеньня зьменаў ва ўказ № 40. Гаворка пра тое, каб прапанаваць павялічыць кошт пасылак да 200 эўра і да 31 кіляграму на месяц у сукупнасьці. Пры гэтым адна пасылка не павінна перавышаць 22 эўра і 10 кіляграмаў. Міністэрства не пярэчыць і будзе ўзгадняць дакумэнт з улікам меркаваньня бізнэсу», — цытуе чыноўніцу БелТА.
Цяпер Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі разглядае варыянты ўніфікацыі ў Эўразійскім эканамічным саюзе бязмытных лімітаў на міжнародныя паштовыя адпраўленьні з-за мяжы. Пакуль задача прыйсьці да адзінага ліміту ў 200 эўра.
Летась у красавіку Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра (цану самастойна вызначае мытня) і цяжэйшымі за 10 кіляграмаў трэба плаціць дадатковы мытны збор.
Яго тады падтрымаў і старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. Ён заявіў, што пасылкі з таварамі з-за мяжы, якія заказваюць праз інтэрнэт-крамы, «абвалілі» беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці.