Гэнік Лойка хоча давесьці «справу фізкультурнікаў» да ААН

Гэнік Лойка

Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйнай скаргі рупліўца беларускай мовы Гэніка Лойкі на рашэньне суду Фрунзэнскага раёну Менску.

12 траўня судзьдзя Аляксандар Кузьміч разглядаў заяву скульптара і грамадзкага актывіста на кіраўніцтва сталічнай гімназіі № 4 і раённае ўпраўленьне адукацыі, спорту і турызму.

Заяўнік намагаўся прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у тым, што ў беларускамоўнай установе працуюць шэсьць настаўнікаў фізкультуры, якія не валодаюць беларускай мовай і нават не зьбіраюцца яе вывучаць. Найперш прызнаць дзеяньні/бязьдзеяньне дырэктара гімназіі Андрэя Гоцмана і начальніцы ўпраўленьня адукацыі Фрунзэнскага раёну Ірыны Чарняўскай, якія дапусьцілі да працы небеларускамоўных настаўнікаў.

Суд у выніку пастанавіў: паколькі пытаньні арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі, прыманьня на працу і звальненьня работнікаў не падлягаюць разгляду ў судзе, спыніць вядзеньне справы ў сувязі зь яе непадведамнасьцю.

Гэнік Лойка лічыць, што судзьдзя тым самым парушыў п. 5 арт. 335 ГПК Беларусі, у якім пералічваюцца падначаленыя суду справы ў сфэры адміністрацыйна-прававых дачыненьняў. Ён перакананы, што ягоная скарга якраз адпавядае згаданаму пункту: «Суд разглядае справы: ...5) па скаргах на дзеяньні (бязьдзеяньні) дзяржаўных органаў і іншых юрыдычных асобаў, а таксама арганізацый, якія не зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асобаў, якія парушаюць правы грамадзянаў...».

Такім чынам, упэўнены пазоўнік, суд мусіў быў разгледзець скаргу, правесьці судовую лінгвістычную экспэртызу на прадмет валоданьня ці невалоданьня беларускай мовай шасьцю настаўнікамі і па яе выніках вынесьці рашэньне: калі валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай, то артыкулы 4 і 21 закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» не парушаныя, калі не валодаюць — значыць, парушаныя.

Аднак Менскі гарадзкі суд пакінуў рашэньне падпарадкаванай установы нязьменным, паведаміў пасьля паседжаньня Гэнік Лойка:

«Адбыўся мой гарадзкі суд. Зноў перамагла беларуская мова, хоць я асабіста прайграў. Судовая калегія з трох мілых дам на беларускай мове прызнала вызначэньне раённага судзьдзі правільным. Я настойліва прасіў правесьці лінгвістычную экспэртызу наконт слова „валодаць“ дзяржаўнай мовай. Мне задалі пытаньне, ці гатовы я аплаціць тую экспэртызу. Я крыху разгубіўся, а потым рашуча: „Так! Гатовы!“. Але яны ўсё роўна адмовілі. Зараз рыхтую два лісты старшыням гарадзкога і Вярхоўнага судоў, а далей — ААН», — падзяліўся найбліжэйшымі плянамі Гэнік Лойка.

Нягледзячы на нэгатыўны вынік, Гэнік Лойка задаволены, што нарэшце ў судах пачалі рэагаваць на ягоныя моўныя просьбы. У касацыйнай скарзе ён запатрабаваў, каб судовы працэс адбываўся на першай дзяржаўнай роднай беларускай мове:

«Асобы, бязьдзеяньне якіх я абскарджваю, запэўніваюць мяне, што таксама любяць і шануюць беларускую мову. Закон „Аб мовах“ і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, парушэньне якіх я прашу разгледзець у судовым працэсе, таксама маюцца ў беларускамоўным выглядзе.

Судаводзтва ў нашай краіне вядзецца „на беларускай або расейскай мове“, г.зн. на адной дзяржаўнай мове, у адрозьненьне ад справаводзтва, якое можа весьціся на дзьвюх дзяржаўных мовах — „на беларускай і (або) расейскай“. Значыць, усе дакумэнты судовага працэсу павінны весьціся на адной мове, пачынаючы ад гэтай скаргі, якая напісана па-беларуску».

Гэта адзіны вынік, які спадар Лойка можа запісаць сабе ў актыў. Менскі гарадзкі суд, як раней суд Фрунзэнскага раёну, фактычна заняў бок расейскамоўных настаўнікаў у фармальна беларускамоўнай гімназіі.