Як Беларусь дзякуючы Дняпру ледзь не атрымала частку тэрыторыі Ўкраіны

Мястэчка Любеч

Рэпартаж Свабоды зь беларуска-ўкраінскай мяжы ў пойме Дняпра, зь мястэчка Любеч Рэпкінскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.

За некалькі гадоў да расейскай анэксіі Крыму і акупацыі часткі Данбасу ўкраінскія СМІ актыўна абмяркоўвалі праблему магчымай страты ўкраінскай тэрыторыі на мяжы зь Беларусьсю ў Любечы Рэпкінскага раёну Чарнігаўскай вобласьці. Гаворка тады вялася пра востраў плошчаю 660 гектараў, што ўтварыўся праз дэфармацыю рэчышча Дняпра, па якім і праходзіць мяжа між Беларусьсю і Ўкраінаю. Мясцовыя ўлады ўмацавалі свой бераг Дняпра, але праблема захаваньня тэрыторыі, як сьцьвярджаюць экспэрты, усё яшчэ застаецца.

Любеч упершыню згадваецца ў «Аповесьці мінулых гадоў»: у 882 годзе яго захапіў наўгародзкі князь Алег

Дарэчы, у Любечы, як і ў іншых паселішчах у 30-40 кілямэтрах на захад ад Чарнігава, ва ўсім FM-дыяпазоне трансьлююцца толькі дзьве радыёстанцыі, і абедзьве беларускія: расейскамоўны «Радыюс FM» і беларускамоўнае радыё «Культура».

Спадчына Вялікага Княства Літоўскага

За Любеч на працягу яго больш як тысячагадовай гісторыі заўсёды вялася барацьба. Складаны рэльеф побач зь Дняпром — узвышэньні і западзіны, у якіх будаваліся жылыя дамы — ня толькі дадаваў маляўнічасьці краю, але і дазваляў стварыць фарпост для абароны подступаў любой дзяржавы, у якую ён уваходзіў. Дарэчы, менавіта тут кантраляваўся і вялікі водны шлях «з варагаў у грэкі».

Так выглядаў Любецкі замак — абарончая крэпасьць у часы ВКЛ. Згарэў падчас аблогі казакамі Багдана Хмяльніцкага

За Любеч змагаліся кіеўскія, смаленскія, маскоўскія, бранскія князі, полаўцы і мангольская арда. Гэты на той час вялікі гандлёвы цэнтар двойчы ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага — у 1350 і ў 1508 гадах (паміж гэтымі датамі паселішча кантралявалася бранскімі князямі). На ўзвышшах Любеча была створаная апорная база войска ВКЛ, але ў 1653-м яго адваявалі казакі Багдана Хмяльніцкага.

Цяпер на Замкавай гары ўстаноўлены помнік князям Любецкага зьезду, на якім Тураў і Пінск адышлі Сьвятаславу

А за некалькі стагодзьдзяў да гэтага, у 1097 годзе, пасьля доўгіх міжусобных войнаў у Любечы на зьезьдзе князёў Кіеўскай Русі князь Сьвятаполк Ізяслававіч атрымаў Кіеў зь беларускімі гарадамі Туравам і Пінскам.

«Раве ды стогне Днепр шырокі»

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што з часоў незалежнасьці краіны Дняпро некалькі разоў мяняў сваё рэчышча. Сьпярша гэта былі толькі нязначныя зрухі — нібыта кожны год у раёне Любеча рака адразала па пяць мэтраў ад украінскага берага, такім чынам павялічваючы беларускі. На гэта мала хто зьвяртаў увагу, пакуль Дняпро ў часе разьліваў не размыў перамычку з суседнім возерам Сімполь і не ўтварыў вялікі востраў. На той момант мяжа між Беларусьсю і Ўкраінай на гэтым месцы яшчэ не была дэмаркаваная, і мясцовыя ўлады пачалі біць ва ўсе званы.

Мяжа між Беларусьсю і Ўкраінаю праходзіць па фарватэры Дняпра

— Гэты востраў для Ўкраіны ў 2009 годзе ўратавала Юля (Юлія Цімашэнка ўзначальвала тады ўрад Украіны. — РС). Тады тут умацавалі бераг і адмысловай дамбай закрылі размытую перамычку. З таго часу больш ніхто нічога ня робіць — ні ў расчыстцы фарватэру ракі, ні ў гаспадарчай дзейнасьці. А беларусы тут падчас вялікай вады пясок вывозяць, — расказвае мясцовы рыбак.

10 гадоў таму на Дняпры зьявіліся дзьве новыя выспы. Бераг зьлева на здымку — беларускі

На гэтым жа ўчастку ракі ёсьць яшчэ дзьве выспы.

— Дзесяць гадоў таму тут гэтых выспаў зусім не было, іх намыла падчас разьліваў. Мы лічым, што яны ўкраінскія, а беларусы — што беларускія. Але да іх лепш не перапраўляцца — беларускія памежнікі там ганяюць. Яны часта тут на добрых катэрах кантралююць сытуацыю, асабліва падчас масавых мерапрыемстваў, — дадае мясцовы жыхар.

Мясцовыя скардзяцца, што рыба ў Дняпры перавялася

Цяпер на ўкраінскім беразе Дняпра стаіць памежны знак. А ў бок беларускага берага інфармацыя на ім, хоць і з памылкамі, напісаная на беларускай мове: «Дзяржаўный кордон Украины. Праход забаронены».

Для беларусаў памежны знак на беларускай мове, для ўкраінцаў — па-ўкраінску на адваротным баку

Тэрыторыя адразаецца, але перагляду мяжы ня будзе

Цяперашнія ўлады Любеча кажуць, што праблема зьмены фарватэру Дняпра вырашаная толькі часткова, а пагроза страціць тэрыторыю ўсё яшчэ застаецца. «Украінская зямля па-ранейшаму адразаецца вадою. Але і раённыя, і абласныя ўлады трымаюць гэтае пытаньне пад кантролем. Патрэбна шмат сродкаў, і гэта ня тысячы, а мільёны грыўняў», — адзначыла стараста Любецкай сельрады Таісія Галабурда.

Дамбай «прывязалі» стыхійны востраў да мацерыковай Украіны

У сваю чаргу раённыя ўлады таксама пераконваюць, што перамогуць сілу Дняпра. «Работы ва ўмацаваньні берагоў працягваюцца. Рызыка зьмены мяжы спыненая. Пытаньне вырашаецца, і адпаведныя службы над гэтым працуюць. І гэта ўсё, што я магу сказаць на сёньняшні дзень», — зазначыў першы намесьнік Рэпкінскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандар Андрушка.

Від на беларускі бераг Дняпра з дамбы

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны лічаць некарэктнай пастаноўку пытаньня пра магчымую зьмену лініі мяжы зь Беларусьсю ў гэтым раёне. «Зьмена фарватэру (Дняпра) мае быць пацьверджаная адпаведнымі двухбаковымі камісіямі. Што тычыцца ўмацаваньня берагоў, то гэтае пытаньне належыць да кампэтэнцыі мясцовых органаў улады. На дадзены момант нявырашаных пытаньняў па гэтым участку няма», — падкрэсьліў дарадца старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.

Спачатку Данбас, а потым — выклікі прыроды

Дырэктар Інстытуту гідрабіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Сяргей Афанасьеў расказвае, што на зьмену фарватэру ракі ў Любечы навукоўцы зьвярнулі ўвагу ў 2012 годзе, калі разам зь беларускімі калегамі праводзілі трансгранічныя дасьледаваньні экалягічнага стану басэйну Дняпра.

— За кошт таго, што рака жыве, яна можа «адшпіліць», «прамыць» або «адрэзаць» кавалак поймы. Вось, напрыклад, прайшла паводка, утварылася выспа — каму яна належыць? Гэта пытаньне. Калі там суднавы ход, то бок самае глыбокае рэчышча, вось па ім і лічыцца мяжа. Значыць, гэты кавалак сушы, які ўтварыўся або вымыўся, можа перайсьці ад адной краіны да другой. Такія месцы рэчышчавых дэфармацый мы вызначылі ў сваёй справаздачы для праграмы ПРААН-ГЭФ па экалягічным аздараўленьні басэйну ракі Дняпро. І яны ўсім вядомыя. Але што там адбылося пасьля дэмаркацыі мяжы, я не магу сказаць.

Любеч

Іншыя экспэрты лічаць непараўнальнымі страты тэрыторыі Украіны ў выніку зьмены фарватэраў памежных рэк з магчымым перасоўваньнем межаў у выніку вайны на Данбасе і анэксіі Крыму Расеяй. Але, нягледзячы на маштабы, Украіне давядзецца вяртацца і да водных межаў.

«У нас цяпер больш складаныя праблемы, таму гэтыя зьявы адышлі з-пад увагі. Усе гэтыя трансгранічныя пытаньні — і па Дунаі ў нас з Румыніяй было адчувальна, і па Днястры з Малдоваю... Зь Беларусьсю, наколькі я разумею, там гэтая мяжа ледзь існуе. Гэтае пытаньне аб’ектыўна ёсьць, але суб’ектыўна, у сувязі з баявымі дзеяньнямі, яно зьнікла з парадку дня і з фокусу ўвагі. Украіна на сёньняшні дзень страціла 7 адсоткаў сваёй тэрыторыі! Таму да пытаньня рэк — украінскага Дунаю або Дняпра на мяжы зь Беларусьсю — можна вярнуцца тады, калі будзе вырашана пытаньне Данбасу. Пакуль я ня бачу, каб на гэта былі нейкія рэсурсы і інстытуцыйныя магчымасьці. Пакуль зь Беларусьсю нармальныя дачыненьні, гэта не выклікае занепакоенасьці і на гэта ня вельмі зьвяртаюць увагу. Але ніякіх аб’ектыўных фактараў, якія б перашкодзілі вырашэньню гэтага пытаньня, я ня бачу», — рэзюмаваў экспэрт інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў «Нова Украіна» (Кіеў) Вячаслаў Патапенка.

​***

Пазыцыю Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь па гэтым пытаньні чытайце пазьней на сайце Свабоды.

Прэсавы сактарар Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь Антон Бычкоўскі паабяцаў Свабодзе высьветліць гэта пытаньне і пазьней даць больш падрабязны і разгорнуты камэнтар:

«Гэта пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі двухбаковых дэмаркацыйных камісій, якія займаюцца пытаньнямі дэмаркацыі і дэлімітацыі дзяржаўных межаў Рэспублікі Беларусь і Ўкраіны. Працы там вядуцца, і што тычыцца гэтага канкрэтнага месца — Любчы, я сходу не магу сказаць, абмяркоўваліся праблемы ці не. Гэта пытаньне мне трэба ўдакладніць у нашым кампэтэнтных органах, якія ўдзельнічаюць у гэтых дэмаркацыйных камісіях».