500 год беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня – чарговая частка цыклю.
Эпоха Рэнэсансу пачалася ў Італіі каля 1300 году. Рэнэсансная культура паводле свайго характару і зьместу была хрысьціянскай. Але ня толькі. Асаблівасьцю Рэнэсансу стаў гуманізм або ўвага і павага да чалавека, яго асобы і прыродных правоў. Цэнтар мастацкай увагі стаў паступова перамяшчацца з Бога на чалавека.
Раньнія гуманісты ставілі сабе за мэту паляпшэньне прыроды чалавека шляхам вывучэньня спадчыны антычных аўтараў. Для гэтага іх спачатку пачалі перавыдаваць на лаціне, а пасьля і перакладаць на народныя мовы. Назва гэтай духоўнай зьявы паходзіла ад лацінскага слова humanus — чалавечы, але грунтавалася і на другім яго значэньні: з лацінскай мовы humanus можа перакладацца і як высокаадукаваны.
Паступова ў эпоху Рэнэсансу сфармаваліся два ўзроўні гуманізму — «элітны», які спавядалі аб’яднаныя ў гурткі-акадэміі высокія інтэлектуалы: філёзафы, пісьменьнікі і мастакі, і «народны» — хрысьціянскі па форме, але са сьвецкімі задачамі свабоды думкі, адукацыі, індывідуалізму. Да гэтага другога тыпу належаў і Скарына.
Нашага Францішка Скарыну вывучаюць ужо больш за два стагодзьдзі, і спрэчкі вакол яго поглядаў і спадчыны не сьціхаюць. Спрачаюцца і наконт гуманізму Скарыны. Нядаўна чэскі гісторык Пэтр Войт заявіў, што Скарына ня быў гуманістам у клясычным сэнсе гэтага слова. Паводле Войта, Скарына не перакладаў Біблію з клясычных моваў Сьвятога Пісаньня — габрэйскай, арамейскай і грэцкай, не перакладаў іншых антычных аўтараў і г.д., а значыць — і ня быў гуманістам.
Беларускія навукоўцы, аднак, ня згодныя з такой інтэрпрэтацыяй. Пэтр Войт дае трактоўку гуманізму на стадыі яго нараджэньня ў Італіі ў XIV-XV стагодзьдзях. Тым ня менш, паступова, па меры разьвіцьця і пашырэньня, гуманізм стаў дэмакратызавацца і набываць рысы другога тыпу — народнага, які абапіраўся ня столькі на антычную спадчыну, колькі на хрысьціянства.
Беларускі філёзаф, прафэсар Сямён Падокшын некалі пісаў пра гуманізм Скарыны так:
«Для Скарыны як мысьліцеля характэрная спроба гуманістычнай інтэрпрэтацыі Сьвятога Пісаньня. У прадмовах ён імкнуўся з дапамогай біблейскіх тэкстаў апраўдаць і абгрунтаваць гуманістычныя ідэі Рэнэсансу аб рэлігійнай і маральнай аўтаноміі чалавека, яго годнасьці, якая вызначаецца ня столькі паходжаньнем альбо сацыяльным становішчам, колькі інтэлектуальна-маральнымі дабрачыннасьцямі і асабістымі заслугамі».
Гуманістычны подзьвіг Скарыны заключаецца ў тым, што ён першым у нашым народзе зразумеў патрэбу шырокай народнай асьветы і пераклаў Біблію на зразумелую мову, прычым ня толькі для царкоўных патрэбаў, але і для сьвецкіх людзей. Пра гэта ён напісаў так: «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению»
Гэта вельмі дакладнае азначэньне. Стары Запавет у часы Рэнэсансу быў асноўнай (хоць і не адзінай) крыніцай натхненьня мастакоў і пісьменьнікаў. Можна нават сказаць, што Стары Запавет ва ўмовах няразьвітасьці літаратуры быў бэлетрыстыкай XIV-XV стагодзьдзяў.
У часы Скарыны простыя вернікі Біблію не чыталі, бо добра ня ведалі ні царкоўнаславянскай, ні лацінскай моваў. А нярэдка гэтых моваў ня ведалі і сьвятары. Гуманістычны подзьвіг Скарыны заключаецца ў тым, што ён першым у нашым народзе зразумеў патрэбу шырокай народнай асьветы і пераклаў Біблію на зразумелую мову, прычым ня толькі для царкоўных патрэбаў, але і для сьвецкіх людзей. Пра гэта ён напісаў так: «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению».
У сваіх 50 прадмовах і 62 пасьляслоўях Скарына выявіў глыбокія гістарычныя веды, прыгожыя і цьвёрдыя маральныя прынцыпы. А да таго ж, у поўнай адпаведнасьці з гуманістычнымі стандартамі таго часу і рэнэсанснай самапавагай уставіў у Біблію свой партрэт!
Так што мы з поўным правам можам называць Скарыну беларускім гуманістам эпохі Адраджэньня.