Макей: Беларусь пераадольвае нэгатыўны імідж у заходняй грамадзкай думцы

Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей лічыць, што краіна знаходзіцца ў пачатку шляху на пераадоленьне нэгатыўнага іміджу ў заходняй грамадзкай думцы.

Пра гэта ён заявіў на сэмінары кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў, паведамляе БелТА.

Паводле кіраўніка замежнапалітычнага ведамства, кантакты Беларусі з замежнымі краінамі становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі, пра што сьведчыць правядзеньне маштабных міжнародных форумаў, рэгулярныя візыты дэлегацый з розных дзяржаваў.

«Цэлы шэраг пасьлядоўных і канструктыўных крокаў з нашага боку спрыяў умацаваньню пазыцый Менску ў якасьці надзейнай перамоўнай пляцоўкі. Гэта тычыцца ня толькі ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне», — сказаў Уладзімер Макей.

Ён адзначыў, што зусім нядаўна Беларусь была месцам правядзеньня мерапрыемстваў у рамках старшынства ў Цэнтральна-Эўрапейскай ініцыятывы, а таксама пасяджэньня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

«Сэсія была праведзеная на належным узроўні. Я сустракаўся са шматлікімі парлямэнтарамі, многія зь іх казалі, што яны „пазытыўна шакаваныя ўбачаным у Беларусі“. Гэта ня значыць, што наша праца на гэтым завяршаецца. Не, мы яшчэ ў пачатку вялікага шляху на пераадоленьне таго нэгатыву ва ўспрыняцьці нашай краіны ў заходняй грамадзкай думцы», — падкрэсьліў Уладзімер Макей.