«А ў вас у Гамбургу вадамёты!» — якімі аргумэнтамі адказвала беларуская дэлегацыя на крытыку Беларусі ў ПА АБСЭ

Сяргей Гайдукевіч на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску

«Мы бачылі палітычны тэатар», — пракамэнтаваў прыняцьце рэзалюцыі, у якой крытыкуюцца ўлады Беларусі, дэпутат Валер Варанецкі. «Я за беларусаў і супраць уціску з боку ўлады», — адказвае на гэта аўтар рэзалюцыі, швэдзкі дэпутат Крысьціян Хольм Барэнфэльд.

Рэзалюцыя «Становішча ва Ўсходняй Эўропе» была прынятая на 26-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) ў Менску 8 ліпеня камітэтам, які займаецца правамі чалавека.

Беларусь згадваецца ў дванаццаці з 23 параграфаў рэзалюцыі. Яе аўтары шкадуюць з нагоды сыстэмных парушэньняў правоў чалавека ў нашай краіне, несвабодных і несумленных выбараў 2015-2016 гадоў, асуджаюць прыняцьце рэпрэсіўных законаў па абмежаваньні свабоды сходаў і свабоды СМІ, настойліва заклікаюць урад Беларусі вызваліць палітзьняволеных, забясьпечыць свабодныя выбары і адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Аўтарам рэзалюцыі стаў швэдзкі дэпутат Крысьціян Хольм Барэнфэльд. Чарнавік дакумэнта, які быў прыняты з папраўкамі ў параграфах 2, 7, 10 і 12, разьмешчаны тут. Зьмененыя параграфы Беларусі не датычаць.

Беларускія дэлегацыя патрабавала адмяніць усе параграфы, у якіх згадвалася Беларусь, шляхам унясеньня паправак. Ніводная з гэтых паправак не была прынятая.

«На жаль з моманту Венскай сустрэчы ў лютым, мы былі сьведкамі пратэстаў і масавых арыштаў у Беларусі. Трэба на гэта адрэагаваць, — заявіў Крысьціян Хольм Барэнфэльд, прадстаўляючы рэзалюцыю. У падтрымку швэдзкага калегі выказаўся дэлегат з ЗША.

Самыя гарачыя і працяглыя дэбаты разгарнуліся вакол беларускіх пытаньняў. Беларуская дэлегацыя абвясьціла, што лічыць праект «непрымальным» і зьвярнулася з заклікам галасаваць супраць. Яе падтрымалі прадстаўнікі дэлегацый Расеі, Швайцарыі, Кіргізстану і Азэрбайджану.

Якімі аргумэнтамі адказвалі беларускія дэлегаты на крытыку Беларусі?

  • (Рэзалюцыя) выказваючы шкадаваньне з нагоды таго, што парушэньні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму носяць сыстэмы і структуры характар, пра што наглядна сьведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзыдэнта, чые ўказы зьяўляюцца асноўным заканадаўчым мэханізмам у краіне, што падрывае ролю парлямэнту (параграф 5)

Супраць гэтага параграфу выказваўся віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук. Ён спаслаўся на тое, што прынцып падзяленьня ўлады і паўнамоцтваў прэзыдэнта і парлямэнту вызначаны Канстытуцыяй. І прэзыдэнцкія дэкрэты зьяўляюцца толькі ў выпадку, калі абедзьве палаты парлямэнта дэлегуюць прэзыдэнту такія паўнамоцтвы.

«Сьцьвярджэньне пра тое, што правы чалавека нівэлююцца дэкрэтамі і ўказамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца, мякка кажучы, некарэктнымі», — Баляслаў Пірштук.

  • (Рэзалюцыя) шкадуючы ў сувязі з тым, што выбары ў Беларусі, уключна з прэзыдэнцкімі выбарамі ў кастрычніку 2015 і парлямэнцкімі выбарамі ў верасьні 2016 году, не былі ані свабоднымі, ані сумленнымі (параграф 8)

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рахманаў спаслаўся на тое, што назіраць за выбарамі былі запрошаныя місіі Бюро па дэмакратычных інтытутах і правах чалавека АБСЭ, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы.

«Кампаніі 2015-16 гадоў прайшлі ў мірнай і спакойнай атмасфэры. Яны характарызаваліся высокай канкурэнтнасьцю, актыўнасьцю палітычных партый», — Сяргей Рахманаў.

Крысьціян Хольм Барэнфэльд: АБСЭ кожны раз гаварыла пра тое, што выбары далёкія ад дэмакратычных стандартаў.

  • (Рэзалюцыя) шкадуючы з нагоды ўвядзеньня абмежаваньняў на свабоду сходаў, улучна з амаль фактычнай забаронай на правядзеньне пікетаў, дэманстрацый і мітынгаў прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных груп у Беларусі (параграф 9)

Сяргей Рахманаў ізноў спаслаўся на Канстытуцыю, якая гарантуе свабоду сходаў. Праўда, адмыслова падкрэсьліў , што гэта тычыцца толькі тых сходаў, якія «не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян».

«У большасьці выпадкаў заявы на правядзеньне мясцовымі ўладамі ўзгадняюцца. Напрыклад, у Менску ў 2016 годзе было ўзгоднена 99% з 566 такіх заяваў. Гэта вельмі высокі паказьнік», — Сяргей Рахманаў.

  • (Рэзалюцыя) шкадуючы з нагоды адсутнасьці свабоды СМІ ў Беларусі, уключаючы павелічэньне колькасьці выпадкаў уціску журналістаў, законы, якія абмяжоўваюць свабоду эфірнага вяшчаньня і інтэрнэту, а таксама выбіральнае прымяненьне правасудзьдзя ў дачыненьні да незалежных журналістаў (параграф 10)

Дэпутат Сяргей Рахманаў агучыў лічбу зарэгістраваных друкаваных (1600) дзяржаўных і камэрцыйных (72%) сродкаў масавай інфармацыі.

«Вядома, што галоўным індыкатарам сытуацыя сёньня зьяўляецца інтэрнэт. І тут відавочны рэальны плюралізм і роўныя магчымасьці для ўсіх беларускіх СМІ. Тут няма абмежаваньняў», — казаў падчас свайго выступу Сяргей Рахманаў.

«Калі і маюцца асобныя выпадкі блякіроўкі сайтаў, то яны датычаць спыненьня распаўсюду інфармацыі, якая датычыць наркотыкаў, прапаганды гвалту і экстрэмізму, дзіцячай парнаграфіі. Для нас такая інфармацыя ў Беларусі недапушчальная. Менавіта таму Беларусь зьяўляецца адной з самых стабільных краінаў у сьвеце», — Сяргей Рахманаў.

У тэксьце рэзалюцыі ёсьць непасрэдныя заклікі да ўраду Беларусі. Так, рэзалюцыя заклікае:

  • Неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных (параграф 13).

«У нашай краіне няма палітзьняволеных. Усе асобы пакараныя за абсалютна канкрэтныя правапарушэньні, пра якія яны ведаюць», — Сяргей Рахманаў.

  • Асудзіць нядаўнія масавыя арышты і парушэньне ўладамі права на дэманстрацыі (параграф 14)

«Мне сорамна ўсё гэта слухаць», — распачаў свой выступ Сяргей Гайдукевіч, выступаючы па гэтым пункце. Ён заявіў, што «у сакавіку 2017 году беларускія праваахоўныя органы атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку асобнымі замежнымі радыкальнымі, у тым ліку анархічнымі групамі, масавых непарадкаў. Беларускія праваахоўнікі былі вымушаныя рэагаваць, у тым ліку прэвэнтыўна на супрацьзаконныя дзеяньні гэтых асобаў з тым, каб не дапусьціць кровапраліцьця».

«Сумнявацца ў гэтых легітымных дзеяньнях уладаў проста не даводзіцца!» — эмацыйна выказваўся Сяргей Гайдукевіч.

«А што ў вас адбываецца ў Эўрапейскім зьвязе?! Што, ня ведаеце, як адбывалася дэманстрацыя ў Гамбургу? Як прымяняліся вадамёты?! Калі б мы такое зрабілі, вы б на наступны дзень сабралі сэсію, абвінавацілі нас ва ўсіх сьмяротных грахах! На наступныя дні выходзілі мітынгоўцы, ніякіх не было затрыманьняў... Гэтага ніхто ня бачыць!» — Сяргей Гайдукевіч.

  • (Рэзалюцыя) Асудзіць прыняцьце сэрыі рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць асноўныя правы на свабоду сходаў, выказваньне меркаваньняў і даюць дадатковыя паўнамоцтвы супрацоўнікам КДБ (параграф 15)

Сяргей Гайдукевіч падчас дыскусій пераконваў, што супрацоўнікі КДБ адказваюць перад законам нароўні зь іншымі грамадзянамі.

«Вы тут знаходзіцеся, вы бачыце ўсё сваімі вачыма. Дзе тыя мітынгоўцы, якія маглі б нешта зрабіць?!» — Сяргей Гайдукевіч

  • (Рэзалюцыя) Адмяніць артыкул 193.1 КК, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе турэмнага заключэньня да двух гадоў за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (параграф 19)

Дэпутатка Вольга Папко паведаміла, што па пытаньнях, якія закранутыя ў параграфах 19-22 дэклярацыі, вядзецца праца «па паляпшэньні заканадаўства».

«Што тычыцца артыкулу 193.1 КК РБ, то з 2001 году на працягу апошніх шасьці гадоў па гэтым артыкуле ніхто ня быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці», — Вольга Папко (цытата прыведзеная даслоўна)

  • (Рэзалюцыя) Заклікаюць урад Беларусі да выкананьня сваіх абавязаньняў у рамках АБСЭ ў дачыненьні да свабоды сходаў і свабоды выяўленьня меркаваньняў і да лібэралізацыі заканадаўства (параграф 20)
  • Неадкладна адклікаць усе прысуды па выкананьні сьмяротнага пакараньня і прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня (параграф 21)

Вольга Папко распавяла, што ў Беларусі ў апошні час вядзецца «шырокая дыскусія па абмеркаваньні гэтай тэмы».

«Кіраўнікам дзяржавы Рэспублікі Беларусь быў пацьверджаны намер руху нашай дзяржавы да адмены сьмяротнага пакараньня», — Вольга Папко

  • (Рэзалюцыя) Прыняць меры да забесьпячэньня свабодных і сумленных будучых выбараў (параграф 22)

«Мы разумеем, што выбарчая сыстэма ў нашай краіне не ідэальная і працэдуры не зьяўляюцца беззаганнымі», — сказала ў сваім выступе Вольга Папко. — Гэтаксама, як і ў іншых краінах-удзельніцах, і патрабуе пэўнага ўдасканаленьня».

«Як чалавек, які прымаў удзел у гэтых выбарах... Я зьяўляюся прадстаўніком аднаго з аддаленых рэгіёнаў Менску. Яшчэ 5 гадоў таму я выкладала ва ўнівэрсытэце. Магу сказаць, што гэтыя выбары давалі магчымасьць вылучыцца людзям, якія маюць актыўную пазыцыю. І вось я тут», — Вольга Папко.

***

31 дэлегат прагаласаваў за прыняцьце рэзалюцыі, 17 выказаліся супраць. Беларуская дэлегацыя вынікамі галасаваньня была расчараваная.

Галоўнае галасаваньне ішло не па сутнасьці пунктаў, а чыста з палітычных меркаваньняў.

«Галоўнае галасаваньне ішло не па сутнасьці пунктаў, а чыста з палітычных меркаваньняў. Гэта відавочна. Мы бачылі палітычны тэатар», — сказаў журналістам пасьля паседжаньня старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі. — Вельмі небясьпечна, што сёньняшняе галасаваньне прадэманстравала пэўны падзел у Эўропе, нават у цывілізацыйным пляне. Ведаеце, гэта для прасторы АБСЭ вельмі кепскі знак. Мы ж маглі спакойна весьці дыялёг, але была зададзенасьць: «галасуем так». Хіба вы гэтага ня бачылі? Калі хаця б па адной папраўцы прайшлі нейкія зьмены, але гэтага не было. Была зададзенасьць. Вось ёсьць Заходняя Эўропа, а вось вы, усходняя, вы сёньня з намі не ў адну дудку сьпяваеце, сказалі яны. І таму вы, Расея, Беларусь і Азэрбайджан, мусіць падвяргацца абструкцыі"

Я супраць уціску з боку ўладаў.

Швэдзкі дэпутат і аўтар рэзалюцыі Крысьціян Хольм Барэнфэльд, наадварот, выказваў задаволенасьць. Паводле яго, прыняцьце рэзалюцыі — «празрыстае пасланьне з боку ПА АБСЭ, што мы стаім на баку правоў чалавека, дэмакратыі і прымаем меры, калі бачым, што правы чалавека парушаюцца».

«Я спадзяюся аднойчы, раней ці пазьней, прыехаць у Беларусь і назіраць за свабоднымі і сумленнымі выбарамі, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, якія паважаюць правы беларускіх грамадзян», — кажа Крысьціян Хольм Барэнфэльд. — Я сябар Беларусі, мне падабаюцца беларусы і я хачу забясьпечыць выкананьне іх правоў, каб у іх былі такія самыя свабоды, як і ў іншых людзей у сьвеце. І я супраць уціску з боку ўладаў".