Упершыню ў гісторыі дарожнага будаўніцтва ва Ўкраіне тэндэр на рамонт дарог выйграла беларускае прадпрыемства.
Дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомелю выканае рамонт аўтамабільнай дарогі дзяржаўнага значэньня Н-16 «Залатаноша — Чаркасы — Сьміла — Умань» у Чаркаскай вобласьці. У публічных таргах апроч беларускага прадпрыемства бралі ўдзел яшчэ пяць кампаній.
Паводле ўмоваў конкурсу, аўтадарожнікі Гомелю да сьнежня 2017 году маюць адрамантаваць 12,3 кілямэтраў дарогі за 113 мільёнаў грыўняў (амаль 4,5 мільёны даляраў у эквіваленце).
Рамонт прадугледжвае дэмантажныя працы, умацаваньне абочыны, будаўніцтва пераходна-хуткасных палос і зьездаў, усталяваньне бартавых камянёў, агароджы і накіравальных слупкоў, а таксама нанясеньне дарожнай разьметкі. Гарантыйны тэрмін на асфальтабэтоннае пакрыцьцё будзе складаць 3 гады, а на разьметку фарбай — паўгода.