135 гадоў таму, якраз пад Купальле, нарадзіўся слынны беларускі паэт і драматург Янка Купала. Менавіта ў гонар гэтай падзеі Купалаўскі тэатар ініцыяваў творчую імпрэзу на паветры.
Вядоўцам і мадэратарам імпрэзы быў папулярны артыст купалаўскай сцэны Раман Падаляка. Ён прывітаў гасьцей і абвясьціў фармат — вершы не на зададзеную тэму, але абавязкова ад сэрца. Гарманічным фонам паэтычнай дзеі былі ўнікальныя «шаманскія» інструмэнты (гэндпан), зь якімі віртуозна ўпраўляўся заснавальнік творчай майстэрні «Хангмэлеон» Іван Крыванос.
Літаратурную вечарыну фундавала кампанія Bosch. Экспэрт у разьвіцьці сэрвісных канцэпцыяў Дзьмітры Скакун быў адзіным, хто з імправізаванай сцэны прамаўляў не па-беларуску. Апраўдаўся, што нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, але ягоныя бабуля зь дзядулем — з Полаччыны. У дзяцінстве часта гасьцяваў там на вакацыях, слухаў беларускую гаворку, упадабаў тэлевізійную «Калыханку», таму не было ніякага сумневу, каб падтрымаць творчую ініцыятыву.
Літаратурны маратон доўжыўся амаль дзьве гадзіны. Запачаткавала яго знаўца Купалавай творчасьці Вольга Бабкова. Эстафэту падхапіў знакаміты пісьменьнік і дасьледнік Уладзімер Арлоў.
Далей вершы беларускіх клясыкаў дэклямавалі акторы Купалаўскага тэатру Алена Сідарава, Міхаіл Зуй, Валянціна Гарцуева, Сьвятлана Анікей, Зьміцер Тумас, рэжысэр Андрэй Саўчанка.
Да іх далучыліся музыкі — лідэры гуртоў «Рэха» Андрусь Такінданг і «TonqiXod» Уладзімер Лянкевіч. Імправізавалі маладыя творцы — Наста Кудасава, Даша Бялькевіч, Тацяна Нядбай.
Быў арганізаваны «вольны мікрафон», пры якім кожны ахвочы мог прадэманстраваць свае літаратурныя здольнасьці. Такой магчымасьцю, напрыклад, скарысталася прэсавая сакратарка Нацыянальнага алімпійскага камітэту Анастасія Марыніна — як аказалася, родная сястра Рамана Падалякі.
Пад воплескі наведнікаў тэрасы «Аўстэрыя Ўршуля» таксама гучалі ўрыўкі са знакавых твораў Янкі Купалы, агучаныя і запісаныя ў студыі артыстамі Купалаўскага тэатру.