Магілёўцам не хапае настойлівасьці, каб ушанаваць імя Янкі Купалы. Такая думка прагучала на першых Купалаўскіх чытаньнях, якія правяла магілёўская бібліятэка імя Янкі Купалы. Бібліятэкары прымеркавалі імпрэзу да 135-годзьдзя літаратара і грамадзкага дзеяча.
Удзельнікі чытаньняў гаварылі пра творчы шлях Купалы, яго стаўленьне да зьменлівага часу, у які ён жыў. Казалі, што цяперашнія рэаліі вымагаюць пераасэнсаваньня творчасьці пісьменьніка, якую старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць ахарактарызаваў як аптымістычную. Згадвалі, якім быў Магілёў у часы Купалы. Адзначалі, што магілёўскае Падняпроўе і сам Магілёў трымаліся беларушчыны. Гісторык Ігар Пушкін назваў горад, якому Янка Купала прысьвяціў паэму «Магіла льва», самым беларускім на пачатку ХХ стагодзьдзя.
«Мы павінны папулярызаваць імя Янкі Купалы і ягоную творчасьць, каб яна не забывалася і была актуальная ва ўсе часы, — акрэсьліла асноўную ідэю дырэктарка бібліятэкі Галіна Жмачынская. — Плянуем, што чытаньні стануць традыцыйнымі. Нездарма сёньняшнія мы назвалі першымі. Хочам, каб наша бібліятэка стала асяродкам беларушчыны».
Акрамя бібліятэкі, у Магілёве імем Купалы названая вуліца ў адным са спальных раёнаў гораду. Заціснутая паміж завулкам Гогаля і вуліцай Кірава, яна нагадвае ўскраек райцэнтру, які абмінулі «Дажынкі» і Дні беларускай пісьменнасьці.
Your browser doesn’t support HTML5
На думку гісторыка Ігара Пушкіна, грамадзкасьці варта падумаць, што зрабіць, каб у Магілёва зьявілася Купалава аблічча. Навуковец прапанаваў вярнуцца да гэтага пытаньня на наступных Купалаўскіх чытаньнях.
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці дастаткова ўшанаванае ў Магілёве імя Янкі Купалы, гісторык Ігар Пушкін сказаў:
«Зваротам, якія дасылалі ў розныя часы з ініцыятывай увекавечыць як сьлед імя Купалы, ніхто не пярэчыў, але нам не хапае настойлівасьці».
«Была цудоўная ініцыятыва ўсталяваць помнік Янку Купалу, але, на жаль, ні ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ні ў Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ды іншых арганізацый не хапіла настойлівасьці, каб давесьці справу да канца, — сказаў навуковец. — Трэба ня проста заявіць пра жаданьне, а яшчэ вызначыцца зь месцам, дзе бачыцца такі помнік, як ён будзе выглядаць. Таму я лічу, што ў Магілёве не хапае настойлівасьці саміх магілёўцаў у справе ўшанаваньня памяці Янкі Купалы».
Пра тое, што магілёўцам не хапае настойлівасьці, казала і яшчэ адна ўдзельніца Купалаўскіх чытаньняў, сябра ТБМ Алена Асмакоўская:
«Я паводле прафэсіі інжынэр-архітэктар, і, на маю думку, горад ужо падрыхтаваны да помніка Купалу, — сказала яна. — Наша замчышча і стромкія берагі над Дняпром — ці гэта ня помнік песьняру? Замчышча просіць паставіць там помнік Купалу. Гэтую мясьціну сама Беларусь падрыхтавала для помніка».
Пра ўсталяваньне помніка клясыку сёлета ўжо гаварыў старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. У сваім выступе на кінавечарыне, прысьвечанай юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, актывіст таксама прапанаваў паставіць помнік на замчышчы.