Грыбаўскайце: ЗША павялічаць кантынгент сваіх войскаў у Літве на час вучэньняў «Захад-2017»

  • БелаПАН

Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла пра гэта, выступаючы 6 ліпеня ў Варшаве на саміце «Ініцыятыва трох мораў», дзе кіраўнікі больш дзесяці краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы сустрэліся з кіраўніком ЗША Дональдам Трампам.

Як паведамляе партал delfi.lt, Грыбаўскайце заявіла аб вызначальнай ролі ЗША ў забесьпячэньні агульнаэўрапейскай бясьпекі. «Мы ясна чуем ня толькі запэўніваньні ў бясьпецы, але і бачым канкрэтныя вынікі: павялічаны на 40% бюджэт на стрымліваньне для ўсходняга флянгу, дысьлякацыя амэрыканскіх войскаў у Літве і краінах Балтыі Мы ведаем, што будзе павялічана кантынгент [войскаў ЗША] у нашай краіне падчас вучэньняў „Захад-2017“. Мы бачым рэальныя вынікі, якія забясьпечваюць нашу бясьпеку», — сказала прэзыдэнтка Літвы.

Беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасьні. Іх тэмай названая падрыхтоўка і прымяненьне груповак войскаў у інтарэсах забесьпячэньня ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы. Занепакоенасьць з нагоды маючых адбыцца вучэньняў неаднаразова выказвалі заходнія палітыкі і прадстаўнікі суседніх зь Беларусьсю дзяржаў, у тым ліку Ўкраіна. На іх думку, Расея можа выкарыстаць Беларусь як пляцдарм для ўварваньня на тэрыторыю сумежных краін.

15 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў, што вучэньні не нацэлены на наступ на нечыя тэрыторыі. Ён адзначыў, што беларуская і расейская арміі на заходнім кірунку дзейнічаюць як адзінае цэлае.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.