У Варшаве сьвяточны настрой, я б нават сказаў фэстывальны. Бясплатна раздаюць амэрыканскія і польскія сьцяжкі, налепкі «Польшча і ЗША разам». На кожнай тумбе і на білбордах надпісы «Вітаем Трампа ў Польшчы».
Цэнтар горада ад раніцы спаралізаваны. Каб прайсьці на пляц Красінскіх, выстройваліся шматгадзінныя чэргі. Забаранялася праходзіць з торбамі, заплечнікамі, кампутарамі і нават сэлфі-палкамі. Ахова праглядала рэчы і кішэні. На ўзмацненьне прыбылі паліцыянты з усіх рэгіёнаў Польшчы.
Публіка ў чэргах вельмі кансэрватыўная, каталіцкая, праўрадавая, і як падалося, збольшага не варшаўская. Я бачыў майкі і плякаты «Я — хрысьціянін», «спынім імігранцкую чуму», «Трамп, дапамажы Польшчы» і перафразаванае Make Polska Great Again.
Многія людзі прынесьлі партрэты Трампа і Дуды. Падобнае я бачыў падчас інаўгурацыі Трампа ў Вашынгтоне.
У чэргах стаялі сапраўдныя фанаты амэрыканскага прэзыдэнта, якія бачаць у ім збаўцу і абаронцу традыцыйных каштоўнасьцяў.
Калі прамаўляў Трамп, я стаяў побач з касьцельнай дэлегацыяй з Кракава. Малады хлопец Ежы з Кракава прыехаў, бо марыў пабачыць Трампа ўжывую. Ён сказаў, што гэта для яго галоўная падзея ў жыцьці, з захапленьнем праслухаў прамову да канца. Я запытаў, што для яго самае важнае з прамовы, хлопец сказаў, што тое, што Амэрыка Трампа разумее палякаў.
За некалькі сот мэтраў адбываецца мітынг пратэсту пад лёзунгам «Трамп — прэч». Збольшага там маладыя дзяўчаты. Ад людзей, якія прыйшлі слухаць Трампа, іх аддзяляе паліцэйскі ланцуг. Дзяўчына Эва з Варшавы распавяла, што галоўная мэта пратэсту паказаць, што ня ўсе палякі падтрымліваюць яго «мілітарысцкую палітыку». Яна назвала Трампа ворагам жанчын і алігархам.
Экспэрты кажуць, што гэты візыт Трампа можа мець для Польшчы большае значэньне, чым візыты Барака Абамы. У адрозьненьне ад апошняга, Трамп выступіў на плошчы, зьвярнуўся, хоць і праз куленепрабільнае шкло, да народу.
Гэты выступ, як мяркуецца, мае ўзмацніць і ролю Польшчы ў праекце Трохморʼя, і служыць паляпшэньню іміджу новай амэрыканскай зьнешняй палітыкі, якую крытыкуюць за адсутнасьць актыўных дзеяньняў і стратэгіі.