Ініцыятыва моладзевых актывістаў: надаць імя караля Міндоўга вуліцам у Наваградку і Менску

Ілюстрацыйнае фота. Помнік князю Міндоўгу ў Вільні

6 ліпеня 1253 году адбылася каранацыя Міндоўга, які заклаў падмурак дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага.

У сувязі з гэтым актывісты менскай і наваградзкай арганізацый «Моладзі БНФ» распачынаюць збор подпісаў за ініцыятыву ўганараваньня памяці гэтай гістарычнай асобы.

«Гэтая дата зьяўляецца адной з важных падзеяў у нашай гісторыі, і мы ўпэўненыя: пры сапраўды беларускай уладзе яна будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні», — гавораць арганізатары кампаніі з «Моладзі БНФ».

Міндоўг лічыцца знакавай фігурай у беларускай гісторыі, аднак ён не ўшанаваны на ўзроўні, як належыць чалавеку такога маштабу, падкрэсьліваюць актывісты. Таму «Моладзь БНФ» распачынае ініцыятыву за наданьне адной з вуліц у Менску (сталіцы сучаснай Беларусі) і Наваградку (першая сталіца ВКЛ) імя караля Міндоўга, што будзе значным крокам ва ўшанаваньні ягонай памяці.

Нядаўна ў сваёй прамове Аляксандар Лукашэнка згадваў Полацкае княства, ВКЛ, БНР, падкрэсьліўшы, што гэта неад’емная частка беларускай гісторыі. Але колькі вуліц ці помнікаў гістарычным асобам гэтага пэрыяду ёсьць у Беларусі, задаюцца пытаньнем моладзевыя актывісты. І самі ж адказваюць: існуе безьліч вуліц, названых у гонар дзеячоў савецкай эпохі, і белая пляма ў дачыненьні ВКЛ, найважнейшай часткі гісторыі.

«Мы ўпэўненыя, што наша ініцыятыва пакажа сапраўднае стаўленьне сёньняшняй улады да беларускай гісторыі і нацыянальнай памяці беларусаў. Дзеля гэтага ў нашай пэтыцыі мы знарок патрабуем не пераназваць ужо існуючыя вуліцы (хоць гэта было б лягічна), а надаць новым вуліцам імя караля Міндоўга, каб нельга было адмовіць з фармальных прычынаў», — гаворыцца ў паведамленьні арганізацыі.

Каб далучыцца да кампаніі і дапамагчы са зборам подпісаў, можна напісаць на пошту moladzbelarus@gmail.com.