Рэжысэру Віталю Краўчанку бракуе беларускамоўных п’есаў

Віталь Краўчанка

Гомельскі гарадзкі моладзевы тэатар (колішні Незалежны, заснаваны ў 1992 годзе мэцэнатам, нараджэнцам Гомля Рыгорам Фігліным) абнаўляе рэпэртуар да сваіх 25-х угодкаў.

Запрошаны зь Менску малады рэжысэр Віталь Краўчанка прапануе гледачам псыхалягічны трылер паводле п’есы каталёнскага драматурга Жардзі Гальсэрана «Мэтад Гранхольма». Прэм’ера спэктакля заплянаваная на 6 ліпеня. З рэжысэрам пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Мне падаецца, што Гальсэрану, як нікому іншаму, удалося праз герояў сваёй п’есы — Фэрнанда, Энрыке, Карласа і маладую жанчыну Мэрсэдэс — паказаць сучасны твар эўрапейскага грамадзтва. Беларусь, канечне, частка Эўропы. Чатыры кандыдаты праходзяць гутарку, каб атрымаць прэстыжную пасаду ў буйной кампаніі. «Мэтад Гронхальма» ў тым, каб яны самі вырашылі, хто зь іх лішні. Працэдура адбору ператвараецца ў жорсткае псыхалягічнае выпрабаваньне, у барацьбу «за месца пад сонцам», у якой дзеля ўяўнай перамогі чалавек сьвядома пераступае мяжу маральнасьці і ператвараецца ў пачвару.

Сучасны тэатар, а моладзевы тым болей, на мой погляд, павінен рэагаваць на выклікі часу, калі ён хоча быць сучасным, актуальным, сур’ёзным.

З такім варыянтам «натуральнага адбору», з такім спосабам рабіць кар’еру ці проста выжываць у няпростых эканамічных варунках у той ці іншай ступені даводзіцца сутыкацца ці ня кожнаму чалавеку ў сучасным сьвеце. Беларусы тут не выключэньне. І гаворка пра змаганьне ня толькі за цёплыя і высокааплатныя крэслы, але нават за месца, прыкладам, прадаўца ў газэтным шапіку. Сучасны тэатар, а моладзевы тым болей, на мой погляд, павінен рэагаваць на выклікі часу, калі ён хоча быць сучасным, актуальным, сур’ёзным. Вось і праблема, якую мы ўздымаем у спэктаклі «Мэтад», — гэта і ёсьць адзін з вострых выклікаў нашага часу, выклік кожнаму чалавеку: заставацца чалавекам ці прадавацца коштам маральнасьці?

Менавіта таму п’еса Гальсэрана стала адным з гітоў эўрапейскай сцэны. Упэўнены, пастаўленая нарэшце ў Беларусі, яна пашырыць таксама і роздумы беларусаў пра той новы час, у якім мы сёньня таксама жывем, пра адказнасьць кожнага чалавека — прынамсі за свой лёс і сваё чалавечае аблічча.

— Беларускія драматургі хіба не адлюстроўваюць выклікі часу? Чаму спатрэбілася вам п’еса каталёнскага аўтара?

— Шчыра скажу, што сур’ёзных п’есаў, напісаных па-беларуску айчыннымі аўтарамі, сапраўды бракуе. Мяне, напрыклад, апошнім часам уразілі толькі драматургічныя творы паэткі Вольгі Гапеевай. Адзін зь іх, ня буду пакуль называць, які канкрэтна, я мару ўвасобіць на сцэне. Я тут кажу пра беларускамоўныя п’есы. Я ж думаю па-беларуску, а таму мне прасьцей і больш плённа працаваць зь беларускім тэкстам. Але нават калі казаць пра расейскамоўныя п’есы драматургаў Беларусі, п’есаў такога ўзроўню, як тая, якую мы ставім у Гомлі, сярод іх няма. Мы маем справу з высокай сучаснай драматургіяй.

— Вы рэжысэр, актор і радыёжурналіст. Прычым, беларускамоўны. Як прыйшло разуменьне таго, што бяз мовы ня будзе паўнавартаснага спэцыяліста, творцы?

—У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, калі я вучыўся на акторскім, а пасьля і рэжысэрскім аддзяленьні, у мяне былі выдатныя настаўнікі зь Беларускага тэатру імя Янкі Купалы, выдатныя творцы менавіта нацыянальнай сцэны — прафэсары Валеры Раеўскі, Фама Варанецкі, Мікалай Пінігін. Празь іх, зь імі я зразумеў, што хачу быць беларускім акторам, беларускім рэжысэрам, рабіць менавіта беларускі тэатар. А першым мяне «прыструніў» мой бацька Васіль, звычайны будаўнік, якога, на жаль, цяпер ужо няма. Калі я быў яшчэ студэнтам-першакурсьнікам, прыехаў у свой родны Лоеў на канікулы. Бацька нешта запытаўся, а я адказваю па-расейску. Бацька зьдзівіўся: «А што гэта мы па-расейску загаварылі?» І столькі ў яго інтанацыі было зьдзіўленьня і дакору, што я зарокся ў побыце размаўляць на нейкай іншай мове, апроч роднай.

— Маладыя беларусы цяпер ідуць больш у айцішнікі, юрысты, мэнэджэры, а вы выбралі прафэсію актора, рэжысэра. Хто паўплываў на ваш выбар?

Каб быць заўтра, трэба ствараць сёньня.

— Паўплывала найперш народная артыстка Беларусі Ніна Карнеева з Гомельскага абласнога драмтэатру. Сьветлая ёй памяць... Калі я жыў у Лоеве, мяне папрасілі паўдзельнічаць у навагодняй праграме раённага Дому культуры — пабыць мядзьведзем. Так пачалася мая цікавасьць да тэатру. А гадоў у 15 я прачытаў кнігу Карнеевай «Тэатар у маім жыцьці». Яна мяне ўзрушыла настолькі, што я напісаў удзячны ліст артыстцы на адрас тэатру. І нечаканы цуд — атрымаў ад Ніны Аляксееўны пэрсанальны адказ. Яна запрасіла мяне, падлетка, наведаць тэатар. Так пачалося маё вялікае сяброўства з выдатным майстрам сцэны і цудоўным чалавекам. Яно працягвалася да канца дзён Ніны Аляксееўны.

Пасьля займаўся ў студыі драмтэатру, пабыў у Лоеве мастацкім кіраўніком народнага тэатру «Адлюстраваньне». І паступіў вучыцца ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Мне пашанцавала, бо скончыў яе двойчы — як актор і рэжысэр. Працаваў акторам у Нацыянальным тэатры імя Максіма Горкага, Дзяржаўным тэатры лялек, прыватных тэатральных ініцыятывах, здымаўся ў кіно. На радыё «Сталіца» вяду праграму «Бліжэй да зорак». Мне 33 гады, мае юнацкія мары збыліся. Стаўлю цяпер «Мэтад», трэці спэктакль, калі не лічыць дыплёмных. Трымаюся ў жыцьці прынцыпу: каб быць заўтра, трэба ствараць сёньня.