«Я гарантую вам, эўрапейцам, нягледзячы на тое, што мы не адзіныя, хто займаецца мірным атамам, мы пабудуем самую бясьпечную электрастанцыю, — заявіў 5 ліпеня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску. — У нас, у чарнобыльскай рэспубліцы, пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ня так проста было прыняць гэтае рашэньне. І мы разумеем, што галоўнае пытаньне — пытаньне бясьпекі, — падкрэсьліў Лукашэнка.
Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зьбіраецца завяршыць будаўніцтва Астравецкай АЭС у тэрмін «зь няўхільным выкананьнем нормаў і стандартаў МАГАТЭ».
Паводле кіраўніка Беларусі, ён «нармальна ўспрымае» тое, што Літоўская Рэспубліка часта падымае пытаньне бясьпекі БелАЭС.
«Я нядаўна літоўцам прапанаваў: ну колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі? Давайце разам яе пабудуем і будзем разам эксплюатаваць як беларуска-літоўскую станцыю. Каб яна забясьпечвала электраэнэргіяй і Беларусь, і Літву, і, калі трэба, Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны від электраэнэргіі», — сказаў ён.
«Давайце разам сядзем, разьбяромся. Здымем гэтае пытаньне і ня будзем сьмяшыць увесь сьвет. Нам — Літве і Беларусі — патрэбная гэтая станцыя», — заявіў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў Літве доўга функцыянавала Ігналінская АЭС, працэс вываду якой з эксплюатацыі працягваецца дагэтуль. Беларусь ніколі не падымала пытаньня пра яе бясьпеку, хоць атрымлівала ад «гэтай старой станцыі шмат нэгатыўных працэсаў». «Ваду для астуджэньня гэтая станцыя атрымлівала зь Беларусі. І скід адпрацаванай вады ішоў таксама ў Беларусь. Мы разумелі, трэба час, каб вырашыць гэтае пытаньне», — сказаў кіраўнік Беларусі.
15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.