135 гадоў таму, напярэдадні Купальля, нарадзіўся слынны паэт і драматург Янка Купала. У гонар гэтай падзеі Купалаўскі тэатар пры падтрымцы кампаніі Bosch запрашае на творчую імпрэзу.
У прыватнасьці, можна будзе атрымаць асалоду ад вершаў вялікага паэта ў жывым выкананьні вядомых драматычных актораў Купалаўскага тэатру, а таксама даведацца, што аб’ядноўвае кампанію Bosch і выдатнага прадстаўніка беларускай літаратуры — апроч таго факту, што яны практычна аднагодкі.
«Аматары Купалы, паэзіі і ночы, запрашаем вас паслухаць вершы каля Купалаўскага тэатра, — заклікае адзін зь вядучых артыстаў Купалаўскай сцэны Раман Падаляка. — Артысты, паэты, музыкі і слухачы зьбяруцца на тэрасе „Аўстэрыі „Уршуля““ ўвечары 6 ліпеня. Алена Сідарава, Міхаіл Зуй, Валянціна Гарцуева, Сьвятлана Анікей, Зьміцер Тумас, Андрэй Саўчанка, Наста Кудасава, Андрусь Такінданг, Даша Бялькевіч, Віталь Рыжкоў, Тацяна Нядбай, Уладзімер Лянкевіч, Уладзімір Арлоў, Раман Падаляка + вольны мікрафон. Запрашаем!»
Імпрэза адбудзецца на тэрасе «Аўстэрыі „Уршуля“» з тыльнага боку тэатру. Пачатак а 21-й гадзіне, уваход вольны.