1. Хуан Мануэль Маркас. «Зіма Гюнтэра». Раман. Пераклад з гішпанскай Васіля Песенькі
«Зіма Гюнтэра» — раман усясьветна вядомага парагвайскага пісьменьніка, у якім пераплеценыя дэтэктыўная інтрыга, ода каханьню, сацыяльная сатыра, глыбокі роздум аб гістарычных каранях парагвайскай нацыі ды іранічны погляд, не пазбаўлены гумару і эратызму, на парадоксы нашага часу. Падарожнічаючы разам з халодным эканамістам Гюнтэрам, немцам па крыві, але парагвайцам па нараджэньні, ды ягонай пекнай жонкай, мулаткай Элісаю Лінч, чытач трапіць у апраметную паўднёваамэрыканскай вайсковай дыктатуры, дзе адзіная надзея на збаўленьне — непераможны ідэалізм моладзі. Раман «Зіма Гюнтэра» — гэта раман пра свабоду.
2. Льюіс Кэрал. «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Казка. Пераклад з ангельскай Веры Бурлак
Адзін з самых загадкавых твораў клясычнай літаратуры Вялікай Брытаніі па-беларуску ў цудоўным перакладзе паэткі і дзіцячай пісьменьніцы Веры Бурлак — гэта найлепшае чытво для сямейнага адпачынку. Будзеце чытаць дзецям, якім і прысьвячаў казку аўтар, але і самі атрымаеце неверагоднае задавальненьне. Арыгінальныя ж ілюстрацыі Кацярыны Дубовік, якія суправаджаюць Алісу ў падарожжы ў залюстравы сьвет, дазволяць вам адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай славутым Льюісам Кэралам.
3. Максім Кутузаў. Князь-ваўкалак. Гістарычна-прыгодніцкі раман
Людзі звычайна думаюць, што жыцьцё князя прыемнае і бесклапотнае. Аднак ці яно такое на самой справе? Ці можна назваць бесклапотным жыцьцё, калі пагроза варожага мяча і здрадніцкага кінжала заўсёды побач? Ці можна назваць прыемным жыцьцё, калі ты ім не валодаеш? Калі ты ня можаш зрабіць ніводнага кроку бяз згоды тваіх дарадчыкаў? Жыцьцё князя можа быць і вельмі цікавым, калі, вядома, яму пашанцавала і ён нарадзіўся... ваўкалакам. «Князь-ваўкалак» — дэбютная кніга Максіма Кутузава, імя якога вам запомніцца, калі вы прачытае ягонае гісторыка-прыгодніцкае фэнтэзі.
4. Ярыла Пшанічны. «Атамная лучына». Паэзія
У 2015-м абарвалася жыцьцё таленавітага маладога паэта, музыкі, мастака і пэрформэра Ярылы Пшанічнага (сапр. Уладзімер Банько). Засталіся вершы, якія дбайна сабралі ў кнігу сябры. Назву ёй далі па аднайменнай паэме, якая таксама ўвайшла ў зборнік. Зьедлівая сатыра, іронія, сарказм, давядзеньне да абсурду, зварот да глябальных праблемаў сучаснасьці, актыўнае выкарыстаньне «трасянкі» вызначаюць адметны зухаваты стыль творцы. Выданьне багата аздобленае малюнкамі самога аўтара, яго фотаздымкамі зь сябрамі і сутворцамі на літаратурна-музычнай сцэне. Кнігу ўклаў Віктар Жыбуль, ён жа напісаў бліскучае дасьледаваньне пра Ярылу Пшанічнага.
5. Міхась Зізюк. «Планктон». Аповесьць, апавяданьні, нарысы
У новай кнізе сучаснага беларускага пісьменьніка Міхася Зізюка знойдуцца творы для аматараў самых розных жанраў: прыгодніцкай і містычна-фантастычнай аповесьці, псыхалягічнага апавяданьня, вандроўна-падарожных нарысаў... Але ўсе гэтыя творы аб’ядноўвае шчырая любоў да чалавека, прыроды, роднай зямлі.
Усе кнігі можна набыць у выдавецкай інтэрнэт-кнігарні http://halijafy.by/