SpaceX вярнула на Зямлю паўторна выкарыстаны грузавік Dragon

Касьмічны грузавік Dragon у космасе.

Прыватная амэрыканская кампанія SpaceX паведаміла пра вяртаньне на Зямлю паўторна выкарыстанага касьмічнага грузавіка Dragon.

Карабель прывадніўся ў Ціхім акіяне, на яго борце знаходзяцца каля двух тон грузу зь Міжнароднай касьмічнай станцыі (МКС) — вынікі навуковых экспэрыментаў і ўзоры тэхналягічных распрацовак.

Dragon быў запушчаны да МКС 4 чэрвеня. Для грузавіка SpaceX гэта ўжо другі рэйс на станцыю — раней гэты ж карабель удзельнічаў у касьмічнай місіі ў верасьні 2014 году. У цяперашні час Dragon зьяўляецца адзіным грузавіком, які здольны дастаўляць грузы зь Міжнароднай касьмічнай станцыі на Зямлю.

У сакавіку SpaceX ўпершыню пасьпяхова адправіла ў космас ракету Falcon 9 зь першай ступеньню, якая ўжо выкарыстоўвалася дагэтуль. У траўні кампанія вывела на арбіту новы тэлекамунікацыйны спадарожнік, які будзе забясьпечваць высакахуткасны доступ у інтэрнэт пасажыраў самалётаў і марскіх судоў.