Беларус Віктар Пракапеня купляе ўкраінскую дачку «Сбербанка» Расеі

Віктар Пракапеня, архіўнае фота

Грамадзянін Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Кіпр Віктар Пракапеня падаў у Нацыянальны банк Украіны пакет дакумэнтаў на ўзгадненьне апасродкаванай (праз ААТ «Парытэтбанк» Беларусі) пакупкі 100% акцый публічнага акцыянэрнага таварыства «Сбербанк» (Кіеў).

Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на прэс-службу НБУ.

Днямі Віктар Пракапеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку апублікаваў ліст з падзякай ад Міністэрства па падатках і зборах. «Сёньня ў міністэрстве па падатках і зборах сказалі, што я па 2016, як і па шмат якіх іншых гадах, нумар адзін у краіне паводле падаходнага падатку:) І, відаць, за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі заплаціў найбольш падаходнага падатку :)», — піша Віктар Пракапеня.

У 2015 годзе Віктар Пракапеня быў арыштаваны, але пасьля некалькіх месяцаў за кратамі «кампэнсаваў усю шкоду» і быў адпушчаны на свабоду. Сёлета ў сакавіку Аляксандар Лукашэнка наведаў офісы дзьвюх кампаній Пракапені — «EXP Capital» і «Вanuba Development» — і паабяцаў падтрымку беларускаму ІТ-сэктару.