60 замежнікаў з 20 краін сьвету прыме міжнародная школа беларусістыкі

Прыхільніца беларускай культуры, эквадорская школьніца Эліяна Фуэнтас

Ад 4 да 15 ліпеня на базе Белдзяржунівэрсытэту будзе працаваць школа беларусістыкі. Яе слухачамі стануць 60 прадстаўнікоў амаль з двух дзясяткаў краін сьвету. Мерапрыемства прымеркавана да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня.

Як паведамляе прэсавая служба навучальнай установы, міжнародная летняя школа беларусістыкі пройдзе ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы БДУ. Сярод замежных слухачоў — «абітурыенты» з Вугоршчыны, Гішпаніі, Грузіі, ЗША, Інданэзіі, Індыі, Кітая, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Славаччыны, Сэрбіі, Украіны, Чэхіі, Швэцыі, Японіі.

Навучаньне будзе праходзіць па трох праграмах, разьлічаных на розную моўную падрыхтоўку і базавыя веды ўдзельнікаў. Сёлета створаны групы для ахвотных вывучаць беларускую мову з нуля.

Усе праграмы ўключаюць па 40 лекцыйных гадзінаў і столькі ж практычных заняткаў па фанэтыцы, граматыцы, разьвіцьцю вуснай і пісьмовай мовы, а таксама адмысловыя курсы па розных аспэктах беларускай мовы, гісторыі і культуры. Дадаткова прадугледжаны індывідуальныя заняткі па ўдасканаленьні моўнага ўзроўню.

У ноч на 7 ліпеня ўдзельнікі адукацыйнага праекту возьмуць удзел у сьвяце «Купальле», якое пройдзе ў Музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, таксама для іх будзе наладжана экскурсія ў старажытны Полацак, на радзіму Францішка Скарыны.