«Цяпер я дакладна ведаю, што мне забаронены ўезд у Расею — хоць я туды і не зьбіралася, ехала ў Менск па сваіх справах. Але Расея і Беларусь — „саюзныя дзяржавы“, а таму зьнялі мяне зь цягніка на мяжы і адправілі назад ва Ўкраіну», — расказала Аксана Каваленка.
Паводле журналісткі, беларускія памежнікі старанна хавалі прычыну, па якой ёй нельга ўяжджаць у Беларусь, не было прад’яўлена ніякіх афіцыйных абвінавачваньняў. Аднак падчас праверкі пашпарту яна пасьпела пабачыць на маніторы кампутара, што знаходзіцца ў базе «непажаданых» для наведваньня Расейскай Фэдэрацыі.
Праўда, памежнікі, як ўдакладняе Аксана Каваленка, увесь час паўтаралі, што высновы пра «руку Масквы» — яе асабістыя фантазіі, а ўезд ёй забаронены менавіта ў Беларусь. На якой падставе — так і засталося таямніцай, бо службоўцы толькі спаслаліся на загад, які так і не прадэманстравалі.
Першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка ў зьвязку з інцыдэнтам на мяжы заявіла, што ўкраінская амбасада ў Беларусі рыхтуе ноту аб беспадстаўнай забароне на ўезд журналісткі Аксаны Каваленкі.