Упершыню за многія гады на сьвята нацыянальных дыяспараў у Магілеве старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў прыйшоў не ў беларускай вышыванай кашулі, а ў дзелавым строі.
Беларускіх чыноўнікаў апошнім часам усё часьцей можна заўважыць у вышываных кашулях ці ў стылізаваных «вышымайках».
25 чэрвеня Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімір Макей апрануў кіраўнікоў дыпляматычных місіяў у вышыванкі. Кіраўнік беларускага МЗС лічыць, што вышыванка ніколі не выпадала з моды.
«Тое, што цяпер ёй надаецца вялікая ўвага, заканамерна, — зазначыў Уладзімір Макей. — У незалежнай Беларусі нараджаюцца новыя пакаленьні, прадстаўнікі якіх будуць клапаціцца пра краіну, зь якой зьвязваюць сваю будучыню. Заканамерна, што больш увагі надаецца нацыянальным арнамэнтам, нацыянальнай вопратцы, разьвіцьцю нацыянальнай кухні — таму, што мы называем нацыянальнымі сымбалямі».
На магілеўскім сьвяце, прымеркаваным да 750-годзьдзя Магілеву, ня толькі кіраўнік гораду ўпершыню быў без вышыванкі, але і расьцяжка над «беларускім падворкам» была адзінай, якая ня мела беларускамоўнага запрашэньня. Назвы ж усіх іншых падворкаў на вялікіх расьцяжках падаваліся на расейскай мове, але са словамі запрашэньня на мовах нацыянальных грамадаў.