У Віцебску легалізавалі сьвята, якое раней лічылася «несанкцыянаваным мерапрыемствам»

У парку

У выглядзе імпрэзы на вольным паветры «Сьвята ветру» ўпершыню адбылося ў красавіку 2003 году ва ўрочышчы Касьцюкова Гара пад Віцебскам. Тады галоўным і адзіным пунктам праграмы мерапрыемства быў запуск паветраных зьмеяў.

Ініцыятыва «пачысьціць неба» ў дзень агульнадзяржаўнага суботніка належала Ігару Несьцераву, Вячаславу Новікаву, Сяргею Мацюшыну ды Ігару Высоцкаму, вядомым у Віцебску ініцыятарам яшчэ некалькіх тагачасных самадзейных моладзевых праектаў. Ідэя знайшла падтрымку — некалькі год запар аматары «зьмеемадэлізму» канструявалі свае «лятальныя апараты» адмыслова да гэтага дня. І «Сьвята ветру» стала яшчэ адной віцебскай адметнасьцю.

Паветраныя зьмеі — па-ранейшаму галоўны атрыбут фэсту

Аднак штогадовым на самым пачатку існаваньня яно так і ня стала: віцебская міліцыя залічыла запуск паветраных зьмеяў у «несанкцыянаваныя мерапрыемствы». Магчыма, камусь не спадабаліся колеры бел-чырвона-белых хвастатых сьварэньняў — хаця такіх было зусім няшмат, а можа, жартоўныя надпісы на іх... Так ці йнакш, аде ўдзельнікаў пачалі затрымліваць, і «Сьвята ветру» спыніла сваё існаваньне.

Але, як аказалася, толькі часова. З 2015-га году ўжо цяперашнія моладзевыя лідары — мясцовае прадстаўніцтва кампаніі «Будзьма беларусамі» і культурна-асьветніцкая ўстанова «Vitebsk4me» («Віцебск для мяне») спрабуюць адрадзіць прыгожую гарадзкую традыцыю.

Арт-пляцоўка для юных мастакоў

«Сьвята ветру» зьмяніла лякацыю — «перабралася» у гарадзкі парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, бо цяпер яно праводзіцца паводле згоды мясцовых уладаў. Гэтаксама зьмяніўся і фармат мерапрыемства: гэта ўжо не спаборніцтва канструктараў і «пілётаў» паветраных канструкцыяў, а цэлы цыкль разнастайных мерапрыемстваў у фармаце open-air.

Дзіцячы майстар-кляс па кампутарнай графіцы

Сёлета гэта і майстар-кляc па кампутарнай графіцы, і дзьве лекцыі — па беларускай этнаастраноміі і «Энэргія ветру ў Беларусі», і асобная дзіцячая праграма, і выступы бардаў, літаратараў ды майстроў, гатовых паказаць сваю творчасьць усім ахвотным.

Безумоўна, «Сьвята ветру» за апошнія тры гады стала багацейшым на розныя віды дзейнасьці, праграма фэсту стала куды больш разнастайная, дый увогуле ён зрабіўся імпрэзай зь беларускім калярытам. Шкада хіба аднаго: паветраныя зьмеі цяпер крамныя, і няма больш тых, самаробных, — у якія ўкладзена ня толькі канструкцыйная здольнасьць да палёту, але й душа.

Самы вялікі зьмей сёньняшняга сьвята