ТОП-10 крыніц Беларусі з гаючай вадой

Дзе бруіць крыніца з-пад капытоў лася? Якую беларускую крыніцу ведалі на Тыбэце? Дзе шукаць беларускія Лазенкі? Дзе ў Беларусі адкрыўся першы прыватны санаторый? У чаканьні летняе сьпёкі разам з нашай аўтаркай Янай Шыдлоўскай шукаем гаючую ваду.

1. Сьцюдзёная вада зь Сіняга калодзежа

​Сіні калодзеж у ваколіцах Слаўгарада называюць найбуйнейшай узыходнай крыніцай краіны. Насычаная мінэраламі вада вырываецца з глыбіні некалькіх сотняў мэтраў і б’е з-пад зямлі з хуткасьцю 60 літраў за сэкунду, даючы штодзень каля пяці мільёнаў літраў вады. Цэлы год яе тэмпэратура не ўздымаецца вышэй за восем градусаў: улетку вада падаецца сьцюдзёнай, узімку ад яе ідзе пара. Падземныя ключы ўтвараюць невялічкае возера, берагі якога ўмацоўваюць карэньнямі ліпа, дуб, алешына, арэшнік ды вярба. Надвор’е і паравіны году зьмяняюць колер тутэйшай вады ад цёмна-сіняга да насычанага бірузовага. Магчыма, уласьцівы марскім лягунам колер вады, што пад зямлёй цыркулюе ў тоўшчы мелу, даў месцу другую назву — людзі часьцей сталі ехаць да Блакітнай крыніцы. Асабліва людна тут робіцца 14 жніўня на Макавей, пасьля якога традыцыйна пачынаецца збор мёду. На варце Сіняга калодзежу стаіць Сож. Будаўніцтва стацыянарнага моста яшчэ ня скончанае, таму ахвочыя набраць вады ці акунуцца ў крыніцы пераяжджаюць раку праз пантонную дарогу, якую ставяць у траўні — акурат пасьля паводкі.​


2. Зімнік пад Маяком

​Крыніцу са сьцюдзёнаю вадою, якая танізуе і мае спэцыфічны пах, бо належыць да хлярыда-натрыевага тыпу, называюць адным зь месцаў mustvisit на Браслаўшчыне. Окменіца, як яе тут называюць, струменіць у сасновым бары ў некалькіх кілямэтрах ад найвышэйшай славутасьці ў ваколіцах — гары Маяк і пазначаная ўказальнікам. Узімку крынічная вада не замярзае, а ўлетку наталяе смагу, нездарма мясцовыя жыхары здаўна называюць крыніцу Зімнікам ці Шалькіняй, што ў перакладзе зь літоўскай азначае «сьцюдзёны». Пра карысныя ўласьцівасьці окменіцкай вады людзям падказала дрэва — першапачаткова крыніца біла з-пад карэньняў яліны, што памерамі і магутным выглядам адрозьнівалася ад іншых. З тае пары месьцічы пачалі шанаваць крыніцу, набіраць вады ў запас і лекавацца ёю. Окменіцы дзякавалі манэтамі і кавалкамі тканіны — стужкі павязвалі на дрэвы, грошы кідалі проста ў крыніцу. Дарэчы, падчас расчысткі тут знайшлі манэты, што былі ва ўжытку, пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя. Традыцыя падзякі за сілу і смак вады захавалася да сёньня і добрасумленна выконваецца турыстамі.


3. Магніт Жыровіцкіх крыніц

З трох жыровіцкіх крыніц для наведваньня адкрытыя дзьве. Цяпер добраўпарадкаваная Старая крыніца, вядомая на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Другую асьвяцілі 11 гадоў таму, а побач пабудавалі мужчынскую і жаночую купальні. Крыніца, што ў свой час бруілася з-пад карэньняў грушы, на якой пастушкі ўбачылі абраз Божай Маці, цяпер знаходзіцца пад алтарнай часткай Усьпенскага сабора на тэрыторыі манастырскага комплексу. За савецкім часам крынічку хацелі засыпаць, аднак вада настойліва прабівала сабе дарогу. Сёньня да яе могуць спусьціцца толькі манахі. Жыровіцкія крыніцы вядомыя ў краіне і за мяжой і нібы магнітам прыцягваюць наведнікаў. Папулярнасьць месца абумовіла стварэньне ў Жыровічах Паломніцкага цэнтру, што каардынуе прыезды турысцкіх груп, забясьпечвае экскурсійнае абслугоўваньне і дапамагае з разьмяшчэньнем. Сюды прыяжджаюць на тэрмін ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён і нават тыдняў, каб адпачыць, паздаравець і папрацаваць сярод старажытных сьвятыняў.


4. Каскад Байкоўскіх крыніц

​Байкоўскія крыніцы (Чавускі раён) упарта б’юць з-пад зямлі на працягу некалькіх стагодзьдзяў і непарушна нясуць ваду ў папулярную сярод байдарачнікаў Проню. Нібы ў падзяку за тое, што рака ахоўвае пад’езд да крыніцаў, якіх у адным месцы налічваюць амаль два дзясяткі. Байкоўскія крыніцы абвешчаныя помнікам прыроды мясцовага значэньня. За імі старанна даглядаюць мясцовыя жыхары — яшчэ з тых часоў, калі ў ваду ўпаў, спатыкнуўшыся, сьляпы на адно вока конь. Кажуць, пасьля падзеньня да жывёлы вярнуўся зрок, а людзі сталі верыць у гаючыя сілы крынічнай вады. Хімічны склад альбо сіла веры прымушае ваду Байкоўскіх крыніц рабіць цуды, таму і наведваюць яе часта — сюды прыходзяць адпачыць, пахадзіць па сьцюдзёнай вадзе, наталіць смагу. Менавіта тут ладзяць «Зялёныя сьвяткі», што паступова сталі аб’ектам падзейнага турызму. Больш за тое, праз Байкоўскія крыніцы пракладзены зялёны маршрут «Жывая вада», які ахоплівае каля дзесяці крыніц Магілёўшчыны.​



5. Беларускія крыніцы на швайцарскіх мапах

​Водалячэньне мела папулярнасьць у Эўропе з даўніх часоў. Швайцарцы нават складалі адмысловыя мапы, дзе былі пазначаныя папулярныя гаючыя крыніцы. У першай палове XVI стагодзьдзя ў крынічны гайд патрапіла і беларускае мястэчка Баркоўшчына, што на Вушаччыне. Празь некалькі стагодзьдзяў лекавыя якасьці тутэйшай вады вырашылі выкарыстоўваць больш актыўна — у Баркоўшчыне адкрываецца першы прыватны санаторый, куды едуць змагацца з рэўматызмам, паралічом і залатухай. Прафэсійныя лекары і насычаныя мінэраламі крыніцы зрабілі месца адным з найлепшых курортаў таго часу. Магчымасьці баркоўскіх крыніц у лекавых мэтах выкарыстоўваюць і цяпер. Тут працуе санаторый «Лясныя азёры», наведвальнікам якога прапануюць ваду зь мінэральных азёр Доўгае і Баркоўшчына, што падсілкоўваюцца знакамітымі крыніцамі. Цяпер у Беларусі адкрытыя дзясяткі санаторыяў, якія спэцыялізуюцца на бальнэалягічным лячэньні, а мінэральная вада паводле хімічнага складу падобная да водаў знакамітых курортаў сьвету.



6. Беларускія Лазенкі ў Відзах-Лаўчынскіх

Паводле папулярнасьці Баркоўшчыне не саступаў курорт «Лазенкі» у Відзах-Лаўчынскіх на Браслаўшчыне. У ХІХ стагодзьдзі мястэчка было вядомае серавадароднымі крыніцамі і лекавым сапрапелем. Яшчэ ў 60 гады пазамінулага стагодзьдзя тут было 60 ваннаў, рэшткі якіх і цяпер можна знайсьці ў ваколіцах былой сядзібы Тамаша Ваўжэцкага. Курорт-цёзка вядомага варшаўскага парка мог зноў загрымець на ўсю Эўропу. Ужо сучасныя дасьледаваньні паказалі, што склад крынічнай вады ў Відзах-Лаўчынскіх рэдкі і ўнікальны, і яе патэнцыял здольны змагацца з шэрагам хваробаў. Магчыма, серавадародныя крыніцы прывабяць інвэстара, што адкрые тут санаторый зь вялікім спэктрам бальнеалягічных сродкаў, а пакуль праз Відзы-Лаўчынскія праходзяць экскурсійныя маршруты, героямі якіх становяцца аб’екты страчанай спадчыны.



7. Старажытная крыніца князя Лугвеня

​Вядомая з 1380 году крыніца ў навакольлі вёскі Пустынкі, што на Амсьціслаўшчыне, ніколі не перасыхала і струменіцца да гэтай пары. Яе гісторыю, як і ўзьнікненьне Пустынскага манастыра, зьвязваюць з імем Амсьціслаўскага князя Лугвеня. Сын Альгерда і брат Ягайлы ўвайшоў у гісторыю мужным ваяром і дасьведчаным дыпляматам. Легенда сьцьвярджае, што жыватворная вада крыніцы дапамагла маладому князю вярнуць зрок. Так гэта было ці не, аднак да вядомай далёка за межамі краіны пустынкаўскай крыніцы, вада ў якой мае заўсёдную тэмпэратуру ў чатыры градусы, да гэтай пары едуць паломнікі. Цяпер яна знаходзіцца на тэрыторыі манастыра Раства Прасьвятой Багародзіцы. Наведваньне крыніцы ўваходзіць у праграму паломніцкіх і экскурсійных тураў. Найбольш часта турыстам прапануюць маршрут Амсьціслаў-Пустынка-Магілёў.


8. Некранутая крыніца Болцык

​Каб убачыць найбуйнейшую крыніцу беларускага Паазер’я, што належыць да сыходнага тыпу, варта паехаць у Нарачанскі край. Болцык знаходзіцца на тэрыторыі папулярнага сярод турыстаў заказьніка «Блакітныя азёры». Нягледзячы на прысутнасьць людзей, крыніцы ўдалося захаваць свой спрадвечны выгляд. Легенда сьцьвярджае, што магутныя і чыстыя крыніцы забруілі з-пад капытоў лася, які прасіў паляўнічага Янку дараваць яму жыцьцё. Хлопец пашкадаваў зьвера, а ў падзяку атрымаў шчасьлівы лёс — кожны глыток павялічваў Янкава жыцьцё на два месяцы. Болцык аб’ядноўвае групу крыніц і лічыцца другой па магутнасьці ў Беларусі, даючы больш за паўтара мільёна літраў вады за суткі. Крыніца падсілкоўвае навакольныя азёры, а свае сілы вымярае колькасьцю ападкаў. Вада з Болцыкскай крыніцы мае асаблівы смак, вераць людзі і ў яе гаючыя магчымасьці.


9. Сёмая крыніца сьвету

Ілюстрацыяй да шматлікіх беларускіх казак бруіцца крыніца з жывою і мёртваю вадою паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары на Наваградчыне. Кажуць, пра яе існаваньне ведалі нават тыбэцкія манахі, якія і падказалі хвораму чалавеку яе месцазнаходжаньне. Магчыма, у сьвеце ўсяго сем падобных крыніц, і адна зь іх цячэ ў Беларусі. Крыніца прабівае зямлю ў двух месцах: жывая вада, што падсілкоўвае арганізм, радасна і гучна імчыць, мёртвая цячэ паволі, аднак небясьпечнай можа быць толькі для мікробаў ды бактэрыяў. Не шкадуе мёртвая вада і драўлянай накрыўкі на студні, зь якой выцякае — дошкі хутка гніюць, і калодзеж накрываць перасталі. Крынічная вада ўмацоўвае карэньні дрэваў, што растуць тут у вялікай колькасьці. На іх галінкі людзі навешваюць стужкі з тканіны, каб аддзячыць крынічцы і мець магчымасьць яшчэ раз да яе вярнуцца.


10. Кірмашы ля Пятніцкай крыніцы

​Ваду з Палыкаўскай крыніцы на Магілёўшчыне шанавалі ва ўсе часы. Багатую карыснымі для здароўя рэчывамі яе ахвотна пілі, ёю лекаваліся. Цяпер крыніца носіць імя хрысьціянскай сьвятой Параскевы Пятніцкай — апякункі жанчын і шлюбу. Лічылася, што кожная жанчына ў навакольлі абавязкова хоць раз у жыцьці мусіла пабываць ля Пятніцкай крыніцы і дайсьці да яе пешшу. Асабліва людна каля крыніцы было па пятніцах. Больш за тое, у дзясятую, адзінаццатую і дванаццатую пятніцу пасьля Вялікадня Палыкавічы на Дняпры станавіліся духоўна-культурніцкім цэнтрам мясцовасьці — тут ладзіліся кірмашы, што зьбіралі людзей з усяго навакольля. Па Дняпры нават хадзіў паром, каб даставіць ахвочых на сьвята. Цяпер у ваколіцах вёскі Палыкавічы працуе шмат аграсядзібаў, што прапануюць спакойны адпачынак на беразе спрадвечнай ракі, а крыніца, добраўпарадкаваная і дагледжаная, застаецца галоўнай славутасьцю гэтага месца. Дарэчы, разам з Юцкоўскай крыніцай, што нагадвае горную раку ў вузкім каньёне, Іўеўскай крыніцай, Сінім калодзежам і Сьвятымі крыніцамі, вада якіх трапляе ў Чорнае і Балтыйскае мора, Палыкаўская крыніца ўваходзіць у пяцёрку помнікаў прыроды рэспубліканскага значэньня.