Пытаньне хлусьні, вялікай, нахабнай, альбо драбнейшай, завуаляванай, яно застаецца надзённым. У кожнай краіне свае асаблівасьці. Дзень прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце ня сьвята; замянілі яго днём вызваленьня сталіцы Чырвонай Арміяй ад нямецкіх войскаў. Мы не нашчадкі рыцараў, а вечныя парабкі сярпа і молата, рыцарскі герб скасаваць! Праспэкт першадрукара, ад якога сьвядома пачаліся беларусы, больш так не называецца. Росчыркам пяра. Прэзыдэнт, якому канстытуцыя дазваляла два тэрміны, будзе аднойчы адзначаць чвэрць стагодзьдзя свайго праўленьня…
Калі чытаеш мэмуары Артура Кёстлера, разумееш, што гісторыя вечна будзе расстаўляць пасткі. Дакладней сказаць, тыя, хто закілзаў яе.
галоўным антысавецкім раманам лічылася «Цемра, якая сьлепіць»
Галоўным антысавецкім раманам лічылася «Цемра, якая сьлепіць» Артура Кёстлера. Калі Джордж Оруэл прачытаў кнігу, у яго пачаў складацца ў галаве славуты раман «1984». Кёстлер напісаў пра судовыя працэсы, пабудаваныя на хлусьні, на бязьлітаснасьці, на празе помсты і крыві. На беспакаранасьці. Расстраляць, расстраляць, расстраляць! Працэсы, якія праводзіў Сталін з памагатымі. Аўтар не назваў месцам дзеяньня СССР, толькі «краіну, дзе перамагла Рэвалюцыя».
Кёстлер выпусьціў некалькі кніг мэмуараў. Палякі склалі зь іх адзін том, назваўшы яго «Полымя і лёд. Прыгоды майго жыцьця». Адарвацца немагчыма. Кёстлер уступіў у кампартыю Нямеччыны напачатку 1930-х, каб пакінуць яе празь сем год. Пасьля таго, як ён убачыў знутры, што ВКП(б), СССР — гэта машына для перамолваньня самых адданых, ахвярных сваіх прыхільнікаў. Што 1930-я — гэта эпоха вялікага тэрору і вялікай хлусьні.
У 1932 годзе Кёстлер паехаў у СССР, які ўяўляўся яму «супэр-Амэрыкай», але камуністычнай. Ён ехаў у Харкаў, памежнай станцыяй была Шапятоўка. Мытнікі на бруднай падлозе расклалі ўсе рэчы, разгарнулі кожны пакуначак з цукеркамі, прагледзелі кожную кніжку. Агляд працягваўся паўдня. З прагнасьцю мытнікі аглядалі кожны пакет цукру, кавалак сала ды іншую ежу, якую везьлі з-за мяжы савецкія пасажыры. Кёстлер паняцьця ня меў, што ў краіне жудасны голад. На прыпынках да вагонаў кідаліся натоўпы сялян у лахманах, яны падносілі да вокнаў згаладалых дзяцей з успухлымі жыватамі, з вялікімі галовамі на тонкіх шыях.
Савецкія пасажыры тлумачылі Кёстлеру, што ўсе гэтыя людзі былі кулакамі, не хацелі ў калгас, таму давялося іх выгнаць з хат, зь вёсак.
У Харкаве ў крамах можна было набыць толькі ліпучку на мухі, прэзэрватывы і паштовыя маркі.
нідзе ні радка аб тым, што ў крамах пуста, што голад
Аднак людзі яшчэ не жылі ў стане пэрманэнтнага страху, адчуваючы пакуль толькі няпэўнасьць і няясныя страхі. Хаця ГПУ было на кожным кроку. Яно было ўсюдыісным, вызначала характар таталітарнай паліцэйскай дзяржавы, пісаў потым Кёстлер. У газэтах абавязкова пісалася пра будоўлі, былі здымкі маладых людзей, якія сьмяюцца альбо вучацца пісаць, змагаючыся з непісьменнасьцю. Нідзе ні радка аб тым, што ў крамах пуста, што голад, што масава паміраюць людзі. У харкаўскіх газэтах ніколі ня ўзгадвалася, што электрычнасьць у горадзе даўно адключана. Кёстлеру здавалася, што ён жыве ў нейкай нерэчаіснасьці, бо ў газэтах было зусім іншае жыцьцё, іншая краіна.
Яму з цяжкасьцю ўдалося атрымаць дазвол на выезд, каб праз год пакінуць СССР. Знаёмыя аўстрыйскія камуністы ў Харкаве, як ён меў магчымасьць ужо адчуць, мелі няпэўную будучыню. Арышт, допыты, абвінавачаньне ў шпіянажы. Кёстлеру з гэтым пашанцавала. Але часова.
Калі ён пакіне СССР ззаду, яго ўразяць станцыйныя буфэты, перапоўненыя ежай, якой ён ня бачыў год.
Ён ня мог вярнуцца ў Бэрлін, дзе працаваў да паездкі: ужо кіраваў Гітлер. Якраз пачаўся працэс аб падпале Рэйхстагу, за якім сачыла ўся Эўропа. Людзі яшчэ не прывыклі да тэатральных штучак, да фантастычнай хлусьні, да шарлятанскіх мэтадаў таталітарнай прапаганды, пісаў ён. Выйшла на паверхню, што нацысты сапраўды самі ўчынілі падпал. Выкрываючы іх, эмігранты-камуністы ня мелі яшчэ поўнай закуліснай інфармацыі, у выкрыцьці нацыстаў карысталіся неафіцыйнымі зьвесткамі, «дэдукцыяй, домысламі і звычайным блефам», прызнаваўся ён, паколькі сам удзельнічаў у антыфашысцкай прапагандзе.
першы раз яго пашлюць у лягер Франка
Сапраўдны тэрор пачаўся ў СССР пасьля забойства Кірава (1934), але неўзабаве ўвага Эўропы пераключылася на бунт вайскоўцаў у Гішпаніі (1936). Кёстлер двойчы трапіць туды з журналісцкім пасьведчаньнем. Першы раз яго пашлюць у лягер Франка. Але ў гатэлі, дзе жылі лётчыкі, якіх паслаў ваяваць Гітлер, Кёстлера адразу выкрые былы бэрлінскі знаёмы. Яму ўдасца ўцячы, ён будзе абвешчаны ворагам франкістаў, і напіша аб іх кнігу.
Другім разам яго накіруюць да рэспубліканцаў, і Кёстлер на свае вочы ўбачыць мягкацеласьць Рэспублікі, няздольнасьць абараняцца, проста балаган. Але ня толькі гэта кідалася ў вочы, ня толькі гэта было прычынай яе гібелі. За бунтаўнікоў ваявала італьянская армія, нямецкае люфтвафэ, замежны легіён, мараканскія часткі, уласна саміх гішпанцаў з боку мяцежнікаў часамі было толькі дзесяць адсоткаў, пісаў Кёстлер. Затое яны складуць расстрэльныя каманды.
Кёстлер трапіць у франкісцкую турму. І будзе сьведкам, як палонных міліцыянтаў, апалчэнцаў, абаронцаў рэспублікі будуць расстрэльваць тысячамі. Мэтадычна, нястомна. Лягер для ваеннапалонных, пазбаўленьне правоў? Не, генэралу Франка больш даспадобы былі масавыя расстрэлы, альбо трыццаць год турмы для рэспубліканцаў. Трыццаць!
Зусім ня дзівіць мяне, што ў гішпанскім парлямэнце нядаўна патрабавалі эксгумаваць, вынесьці прах Франка з даліны загіблых, дзе былі пахаваныя спачатку ягоныя жаўнеры, і куды пазьней былі зьвезеныя безназоўныя косткі з братніх магіл расстраляных рэспубліканцаў.
за вызваленьне Кёстлера змагаліся
За вызваленьне Кёстлера змагаліся ў Англіі таварыства журналістаў ды іншыя. Але хіба Франка турбавалі пратэсты? — пісаў ён і дадаваў: «За некалькі апошніх гадоў стала традыцыяй, калі дэмакратычныя краіны пратэставалі, а дыктатары рабілі сваё і такі „падзел працы“ нібыта задавальняў абодва бакі». Можна падумаць, што гэтыя словы былі напісаныя пра нашы часы…
Артур Кёстлер пакінуў важныя сьведчаньні гішпанскай трагедыі. Але сапраўдным адкрыцьцём для мяне стаў адзін факт. Мяцежнік Франка, які паўстаў супраць дэмакратычнай рэспублікі, які разьвязаў грамадзянскую вайну, судзіў абаронцаў рэспублікі «за ўзброены мяцеж». Кёстлер так і пісаў: «Людзей, якія баранілі легальны ўрад ад узброенага мяцяжу, нелегальныя суды судзілі за «ўдзел у мяцяжу». Вось яна, эпоха вялікай хлусьні! Маладога міліцыянта Ніколаса завялі ў вайсковы суд на тры хвіліны, зачыталі імя, прозьвішча, месца нараджэньня і тое, дзе быў узяты ў палон. Сьмерць! Самога Кёстлера ніхто нікуды не выклікаў, толькі паведамілі, што прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Аднак яму ў рэшце рэшт пашанцавала, за яго заступіліся ў Лёндане дэпутаты Палаты абшчынаў. За гішпанца Ніколаса і за дзясяткі тысяч іншых не было каму заступіцца.
францускія ўлады пасадзяць у канцлягеры ўцекачоў ад нацысцкай улады
Кёстлер вернецца ў Парыж, дзе жыў раней. Але спакойнага жыцьця ня будзе. Падобна як Сталін пазьней выдасьць антыфашыстаў гестапа, там францускія ўлады напачатку арыштуюць і пасадзяць у канцлягеры ўцекачоў ад нацысцкай улады — інтэлектуалаў, вучоных, рабочых. Каб выдаць пазьней. У найгоршых, жывёльных умовах будуць трымаць былых удзельнікаў інтэрбрыгад, якія баранілі гішпанскую рэспубліку ад мяцежнікаў. Эпоха вялікай хлусьні наступіла і ўва Францыі. Кёстлеру адзінаму ўдасца вызваліцца з канцлягеру, але паліцыя ня дасьць яму спакою, а неўзабаве Гітлер нападзе на Францыю, і пісьменьніку давядзецца пятляць як зайцу, уцякаючы ад наступу нямецкай арміі…
Я задумаўся: а ці можа быць у нас у чымсьці падобная кніга? Пра час вялікай хлусьні? Бадай што. Мэмуары «Справы і людзі КПЗБ» Мікалая Арэхвы, выдадзеныя па-расейску. Вельмі цікавая па фактуры кніга, у чалавека была добрая памяць. А самае галоўнае, яму пашанцавала ацалець. У час вялікай чысткі і наогул гвалтоўных, жорсткіх падзеяў.
У 1936-м з Менску праз Скандынавію, Данію, нацысцкую Нямеччыну Арэхва накіроўваецца ў Прагу. Зь югаслаўскім пашпартам. Месца яўкі — кавярня на Вацлаўскай плошчы. Ён пакінуў цікавае апісаньне Прагі, куды трапіў упершыню. Між іншым, рух быў тады левабаковы. Пасяліўся ён на Жыжкаве. Арэхва пісаў, што праз Прагу пасылалі добраахвотнікаў у інтэрбрыгады, за некаторых, хто з Заходняй Беларусі, ён адказваў сам. Паасобных ён называе, зазначаючы, што прозьвішчы многіх іншых засталіся невядомымі. Беларусы ехалі ваяваць за гішпанскую рэспубліку ня толькі з Польшчы, але з Аргентыны, Бразыліі, адзін нават з Кубы. Яны ваявалі ў брыгадзе імя Яраслава Дамброўскага.
грошай на явачныя кватэры больш не было
У 1938-м раптоўна падпольна-партыйная работа пачала ламацца. «Узважваючы ўсе абставіны, мы меркавалі, што кампартыя Польшчы распушчана», напіша праз 45 год у асьцярожных словах аўтар. Сталін скасаваў. Што рабіць? Грошай на явачныя кватэры больш не было. Якое выйсьце? Перабрацца добраахвотнікамі ў рэспубліканскую Гішпанію. Але 12 сакавіка 1938 Гітлер захапіў Аўстрыю, шлях у Гішпанію быў перакрыты. І пачаліся бадзяньні па Празе. Арэхва часта разглядаў на Вацлаўскай плошчы на сьцяне газэтнай рэдакцыі мапу Гішпаніі, рэспубліка рабілася ўсё меншай. Загінуў Мікалай Дворнікаў, якога ён сам праводзіў на вайну.
А вось ужо Судэты занятыя немцамі. Арэхву стала яшчэ больш небясьпечна. Частая зьмена кута, спаць даводзілася часам на краю ложка з кімсьці з гаспадароў. Галодныя бадзяньні па Празе, аб чым ён напісаў даволі цікавыя старонкі: абы ня страціць прытомнасьці ад голаду на вуліцы. Хтосьці падказаў беларуса, былога салдата царскай арміі, які застаўся ў Празе напэўна пасьля палону. Той перапісваўся са сваякамі ў Беларусі. Напісаў і Арэхва ліст у Менск: які лёс жонкі з дачкой? Атрымаў адказ: дачка ў дзетдоме, «маці кудысьці зьехала». «Ён усё зразумеў».
як дурны набыў «з-пад прылаўка» ў гэты дзень «Правду
15 сакавіка 1939 немцы занялі Прагу. Ён адчуў, што дні на свабодзе для яго палічаныя. Адчуў сябе ў пастцы. Аднойчы яго арыштавалі на Вінаградзкай плошчы, гестапа. Як дурны набыў «з-пад прылаўка» ў гэты дзень «Правду», яна стала доказам супраць яго. У камэры палітэмігранты, хто ўцёк з Аўстрыі і Нямеччыны, белаэмігранты. Затым турма Панкрац. Пазьней вызвалілі пад нагляд гестапа. Прапісаўся, уладкаваўся на працу. Становішча значна палепшылася, толькі адзначайся ў гестапа штодня. Але ён дамагаўся, каб трапіць у СССР. Пасьля пакту Молатава-Рыбэнтропа і падзелу Польшчы паміж Бэрлінам і Масквой часова ўсталяваліся амаль што ідылічныя адносіны. Арэхву далі дазвол на выезд. У Маскве ён зьявіўся ў Камінтэрн, дзе адбылася размова зь Янам Дзяржынскім, сынам стваральніка ВЧК.
Пасьля ўсяго перажытага Кёстлер стаў непрыхільнікам камуністычнай сыстэмы. Арэхва закончыў кар’еру супрацоўнікам Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ.