Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб працягу расейскіх контрсанкцый да канца 2018 году. Дакумэнт апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі.
Краіны Захаду ў 2014 годзе ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі за анэксію Крыма і ўзброеную падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. У адказ на гэта Крэмль забараніў увозіць прадукты з гэтых дзяржаваў. Пасьля гэтага расейскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі пра карысьць так званага «імпартазамяшчэньня» для краіны і расейскага бізнэсу.
За час дзеяньня «контрсанкцый» у Расеі па ўказе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна былі зьнішчаны дзесяткі тысяч тон прадуктаў харчаваньня, увезеных у абыход эмбарга. Пры гэтым, толькі па афіцыйных дадзеных, каля 22 мільёнаў расейцаў жывуць за мяжой беднасьці, яшчэ 5 мільёнаў — зарабляюць у месяц ня больш за сем з паловай тысяч рублёў.