Саудаўская Арабія: дзесяць рэчаў, якія вы ня ведалі пра адно з наймагутных каралеўстваў сьвету

Кіраўнік Саудаўскай Арабіі, другога найбуйнейшага экспарцёра нафты ў сьвеце, зьмяніў спадкаемцу. Замест свайго пляменьніка 21 чэрвеня кароль паставіў першым у чарзе на пасад сына, Мухамеда бен Салмана Аль Сауда.

За апошнія гады 31-гадовы прынц, міністар абароны краіны (а зараз і віцэ-прэмʼер), стаў адным з самых уплывовых лідэраў у краіне і рэгіёне. Экспэрты лічаць, што менавіта ён прымаў рашэньне аб пачатку вайны ў Емэне і нядаўняй блякадзе Катара.

Малады лідэр рыхтуецца моцна зьмяніць кансэрватыўнае каралеўства. Але што адбываецца ў Саудаўскай Арабіі цяпер? «Настоящее время» сабрала факты пра адну з самых багатых і самых закрытых дзяржаваў сьвету:

1. У Саудаўскай Арабіі працуе самая дарагая кампанія ў сьвеце. І частку яе зьбіраюцца прыватызаваць на найбуйнейшым IPO у гісторыі

Saudi Arabian Oil Co., або Aramco — найбуйнейшая нафтавая кампанія краіны і самая дарагая кампанія ў сьвеце. Яе рынкавы кошт, па самых сьціплых ацэнках, перавышае трыльён даляраў.

Гэта вышэй, чым у цяперашняга лідэра сярод публічных кампаній, Apple Inc. (каля $747 млрд). У рамках маштабнага пляну прыватызацыі Саўдаўская Арабія рыхтуецца прадаць 5% акцый Aramco за суму ня менш за 50 млрд у наступным годзе. Гэта будзе самае маштабнае першаснае разьмяшчэньне акцый (IPO) у гісторыі. Грошы краіне будуць вельмі дарэчы — рэзэрвовы фонд прыкметна схуднеў за гады нізкіх коштаў на нафту: з 730 млрд у 2014 ён зьменшыўся да 493 млрд у красавіку 2017.

Нафту ў Саудаўскай Аравіі выявілі ў 1938 годзе, яе экспарт зараз прыносіць больш за 91% даходаў. Распрацоўку радовішчаў пачало сумеснае з амэрыканцамі прадпрыемства California-Arabian Standard Oil, аднак каралеўства патроху выкупляла і ў выніку нацыяналізавала кампанію.

2. Для ўезду ў каралеўства патрэбна віза. Але турыстычных віз не існуе

Саўдаўская Арабія — адна з самых закрытых краін у сьвеце. Грамадзянам усіх краінаў сьвету (акрамя Кувэйта, ААЭ, Бахрэйна і Амана) для ўезду патрэбна віза.

Візы ў Саудаўскую Арабію бываюць транзытныя, працоўныя і дзелавыя, а таксама для наведваньня мусульманскіх сьвятыняў у Мецы і Мэдыне — яны разыгрываюцца ў лятарэі.

А вось турыстычных віз Саўдаўская Арабія не выдае, але зьбіраецца (ужо не ўпершыню, праўда). Да пачатку іх выдачы самыя рэалістычныя спосабы наведваньня каралеўства для немусульман — транзытная віза або купля авіябілетаў з доўгай стыкоўкай у аэрапортах краіны.

3. Дзьве траціны насельніцтва — маладзей за 30 гадоў, а траціна — працоўныя мігранты

Жыхары Саудаўскай Арабіі маладыя. Каля 67% усяго насельніцтва каралеўства — людзі, маладзейшыя за 30 гадоў, а сярэдні ўзрост — 28,3 года (супраць 29,6 гадоў у сьвеце).

Усяго ў краіне жыве каля 33 млн чалавек, амаль траціна зь іх — працоўныя мігранты.

4. Каралеўства марнуе казачныя грошы на ўзбраеньне

У мінулым годзе Саўдаўская Арабія па абʼёме ваенных выдаткаў саступіла толькі ЗША, Кітаю і Расеі.

Краіна вядзе proxy war зь Іранам на тэрыторыі Емэна, удзельнічае ў канфліктах на тэрыторыі Бахрэйна і Сырыі.

У траўні падчас візыту амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа ў Эр-Рыяд бакі падпісалі дамову пра пастаўку ўзбраеньняў на $110 млрд. Сярод іншага, ЗША паставяць краіне сыстэму супрацьракетнай абароны THAAD і 150 баявых верталётаў Blackhawk.

Але калі верыць рэйтынгу Global Firepower, ваенныя выдаткі каралеўства цяжка назваць эфэктыўнымі: па баявой моцы армія Саудаўскай Арабіі сёньня займае толькі 24-е месца ў сьвеце.

5. Саўдаўская Арабія хоча «зьлезьці з нафтавай іголкі»

Прынц Мухамед яшчэ да таго, як быў абвешчаны спадчыньнікам, прапанаваў буйную праграму рэформаў Vision 2030 ( «Бачаньне 2030»). Ён зьбіраецца зрабіць эканоміку краіны больш рознапрофільнай і зьнізіць залежнасьць ад нафтавых даходаў. Продаж долі ў Saudi Aramco — як раз частка Vision 2030.

Праграма таксама прадугледжвае скарачэньне субсыдый на электраэнэргію, ваду і бэнзін, разьвіцьцё турызму і малога бізнэсу, а таксама ненафтавую вытворчасьць. На фоне гэтага дзяржава зьбіраецца аслабіць жорсткія забароны ў сьвецкім жыцьці: напрыклад, мужчыны і жанчыны змогуць прысутнічаць адначасова на музычных спэктаклях, піша Washington Institute.

Мухамед бен Салман Аль Сауд

6. Каралеўства «імпартуе» ваду, хоць раней яе «экспартавала»

Гаворка ідзе аб утоеным імпарце і экспарце — «віртуальным гандлі вадой», якая знаходзіцца ў тым ці іншым тавары. У дадзеным выпадку — аб куплі і продажы сельскагаспадарчых культур, якія патрабуюць для свайго росту шмат вады. У першую чаргу, пшаніцы — для вытворчасьці 1 кг травы трэба да 2 тонаў вады.

Саму ваду перавозіць у велізарных колькасьцях нявыгадна, але транспарціроўка водаінтэнсыўных прадуктаў — іншая справа. Характэрна, што ў 1990-х гадах Саўдаўская Арабія была адным з найбуйнейшых у сьвеце экспарцёраў пшаніцы: гэта значыць прадавала «віртуальную ваду» за мяжу, нягледзячы на дэфіцыт вады ўнутры краіны.

У 2000-х Саўдаўская Арабія адмовілася ад разьвіцьця гэтага напрамку і зараз імпартуе пшаніцу як і раней.

Уласныя патрэбы ў вадзе каралеўства, 99% тэрыторыі якога складае пустыня, пакрывае ў асноўным за кошт апрасьненьня марской вады — гэта дорага і энэргаёміста.

7. Самая прэстыжная і высокааплатная праца — на дзяржаву. Але цяпер чыноўнікам будуць плаціць за вынік

У дзяржсэктары, дзе пераважна працуюць грамадзяне краіны, вышэйшыя заробкі і лепшыя ўмовы працы. Акрамя таго, грамадзяне маюць бясплатную адукацыю (у краіне ці за мяжой), ахову здароўя, беспрацэнтны крэдыт на жыльлё і іншыя льготы. Пры гэтым падаткі для грамадзян краіны практычна адсутнічаюць.

У прыватным сэктары ў асноўным працуюць працоўныя мігранты (85%), іх у краіне амаль траціна ад усяго насельніцтва.

Саудаўскую Арабію ня раз крытыкавалі за залішне раздзьмуты і «дарагі» дзяржсэктар. Vision 2030 прадугледжвае ўзмацненьне жорсткасьці ўмоў працы для дзяржаўных работнікаў на фоне актыўнага разьвіцьця электронных паслуг.

Урад нядаўна ўжо адбіраў у чыноўнікаў дапамогу і бонусы, але хутка адмовіўся ад гэтых мер. Афіцыйна — каб увесьці ў абарот больш грошай. Неафіцыйна — каб здушыць незадаволенасьць, якая расьце.

Па словах замежніка, які ўжо некалькі гадоў працуе ў Саудаўскай Арабіі, дзяржаўным работнікам цяпер плацяць за фактычна выкананую працу, а ня проста знаходжаньне ў офісе.

«Ужо нельга прыходзіць у офіс да 10-й раніцы, нетаропка абедаць, затым наведваць малітвы перш чым сыходзіць дадому ў 2 гадзіны дня», — распавядае ён.

8. Саудаўскія жанчыны: без аўтамабіляў і ў поўнай залежнасьці ад мужчын

У Саудаўскай Арабіі існуе мноства забаронаў для жанчын у публічных месцах. Напрыклад, яны ня могуць вадзіць аўтамабіль або наведваць спартыўныя спаборніцтвы. Хоць закона аб прамой забароне і не існуе, ёсьць закон, які забараняе садзіцца за руль без правоў, а жанчынам іх не выдаюць.

Аднак рэформы могуць распаўсюдзіцца і на гэтыя абмежаваньні.

У траўні 2017 году кароль Салман дазволіў жанчынам карыстацца дзяржаўнымі паслугамі (у тым ліку, сыстэмамі аховы здароўя і адукацыі) без дазволу мужчыны-апекуна.

Нягледзячы на строгасьць патрыярхальнага грамадзтва, жаночы музычны гурт з Саудаўскай Арабіі Majed al-Esa ў канцы сьнежня мінулага года выпусьціў кліп на песьню «Праблемы», у якой высьмейвае норавы: дзяўчаты катаюцца на роварах, скейтбордах і гуляюць у баскетбол у каляровых хіджабах, ня кажучы ўжо пра іранічны тэкст. Да канца чэрвеня кліп паглядзелі амаль 14 мільёнаў разоў.

9. У Саудаўскай Арабіі — строгая цэнзура, а за маральлю сочыць адмысловая паліцыя

Тут строга ахоўваюць маральныя нормы. Цэнзары замазваюць у друкаванай прэсе, у рэкляме і на тэлебачаньні ўсё, што лічаць хоць трохі пагрозьлівым для грамадзкай маралі — напрыклад, аголеныя ўчасткі цела жанчын і нават іх асобы, людзям дамалёўваюць доўгія рукавы або проста выдаляюць:

Саўдаўская Арабія знаходзіцца на 168-м месцы (са 180) у рэйтынгу свабоды прэсы, сумна тут ідуць справы і са свабодай інтэрнэту.

У каралеўстве да гэтага працуюць каля 3000 супрацоўнікаў Камітэту па садзейнічаньні дабрачыннасьці і прадухіленьні заганы. Работнікі органа могуць і арыштоўваць жанчын з макіяжам, нежанатыя пары, якія ішлі па вуліцы занадта блізка адзін да аднаго ці сядзелі разам у машыне і караць людзей зь кветкамі ў руках на Дзень сьвятога Валянціна (яго ў краіне не сьвяткуюць).

10. За абразьлівы твіт або гомасэксуальны кантакт — сьмерць

У 2016 годзе ў Саудаўскай Арабіі абезгаловілі 154 чалавекі, і праваабарончыя арганізацыі лічаць, што забітых было больш. У студзені мінулага года ўлады правялі самае масавае з 1980 года сьмяротнае пакараньне: забілі адразу 47 чалавек.

Аб сьмяротным пакараньні ў Саудаўскай Арабіі вядома мала. Але ў красавіку заходняя прэса пісала пра Ахмада Аль-Шамрэя, якога прысудзілі да пакараньня сьмерцю за твіт, які нібыта абражаў прарока Мухамеда.

Сьмяротнае пакараньне (праз забіваньне камянямі) пагражае па мясцовым рэлігійным законе (шарыяце) і за гомасэксуальныя кантакты. Праўда, для нежанатых справа можа абысьціся сотняй удараў бізуном.