Рымашэўскаму пагражаюць забараніць выезд за мяжу і апісаць маёмасьць. Гэта ж можа чакаць дзясяткі актывістаў

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

Сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі расказаў на Facebook, што зь ім зьвязаліся судовыя выканаўцы. У сувязі зь няплатай штрафаў за акцыі пратэсту (а такіх штрафаў у Рымашэўскага больш як на 4000 рублёў) 29 чэрвеня ў палітыка маюць апісаць маёмасьць, таксама яму могуць забараніць выезд за межы Беларусі.

Рымашэўскі зьвязвае такія дзеяньні зь нядаўнімі выступамі перад эўрапейскімі палітыкамі ў Бэрліне і Брусэлі:

«Можа быць, улада думае, што такiм чынам нас прымусяць спынiць падрыхтоўку рэзалюцыi пра Беларусь на ПА АБСЭ, прымусяць не уздымаць пытаньне палiтвязьняў-патрыётаў, што пакутуюць дагэтуль у вязьнiцах? — разважае Рымашэўскі. — У такiм разе, рашэньнi наконт рэпрэсiяў прымаюць наiўныя, недалёкiя людзi. Адзiнае, да чаго прывядуць такiя iх захады, — да фiксацыi мiжнароднай супольнасьцю новых мэтадаў рэпрэсiяў. Авечая маска, якую спрабуе нацягнуць на сябе беларускi рэжым, трашчыць па швах, адусюль выглядваюць ваўчыныя iклы».

Разам з Рымашэўскім у Эўропу езьдзілі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім, праваабаронца «Вясны» Алесь Бяляцкі, а таксама лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Ніхто зь іх, прынамсі пакуль, не паведамляў пра звароты судовых выканаўцаў або іншыя пагрозы, хоць тых жа Губарэвіча і Лябедзьку нямала штрафавалі.

Губарэвіч кажа Свабодзе, што ня зьвязваў бы зварот судовых выканаўцаў да Рымашэўскага менавіта з выступамі ў Эўропе, але адзначае, што ў падобнай сытуацыі могуць апынуцца шмат актывістаў:

Юрась Губарэвіч

«Цяпер цяжкая сытуацыя, вельмі шмат актывістаў трапіла пад фінансавы перасьлед, вялікія сумы трэба сплаціць, — распавядае Губарэвіч. — У мяне самога ёсьць да гэтага часу „запазычанасьць“ перад дзяржавай: за акцыю 1 траўня атрымаў штраф у 40 базавых. Літаральна днямі даслаў ліст у суд Першамайскага раёну з просьбай аб растэрміноўцы. Але не выключаю, што суд адмовіць і неўзабаве прыйдуць судовыя выканаўцы.

Мне пакуль такім не пагражалі, але сытуацыя падобная па ўсёй Беларусі. Да актывістаў ужо прыходзілі, у нефармальных размовах казалі, што быў загад зьверху не даваць ніякіх растэрміновак, спаганяць як мага хутчэй — і такім чынам ствараць дадатковы ціск. У мала каго ёсьць магчымасьць такія вялікія сумы сабраць за кароткі час».