На гомельскі незалежны сайт навінаў «Сильные новости» падалі дзьве позвы ў суд, перадае БелаПАН.
Пры гэтым у сайту ўжо ёсьць два папярэджаньні Міністэрства інфармацыі — а пасьля двух яно можа заблякаваць сайт.
Адну з позваў падаў забудоўнік, які палічыў, што артыкул на сайце шкодзіць яго рэпутацыі. Другую — дзяржаўная газэта «Гомельская праўда», якая просіць «абвергнуць» фатаздымак «Сильных новостей», на якім архітэктар Сяргей Ляпін трымае «Гомельскую праўду» над сьметніцай. Раней Ляпін сам судзіўся з «Гомельскай праўдай» за абрáзы.
«Пазовы рыхтавалі і падавалі прынцыпова розныя арганізацыі, СМІ і забудоўнік. У іх розныя юрысты, і пазовы трапілі да розных судзьдзяў, але напісаныя паводле аднаго шаблёну, — заявіў БелаПАН стваральнік „Сильных новостей“ Пятро Кузьняцоў. — Калі прааналізаваць гэтыя два пазовы, ад забудоўніка і газэты, напрошваецца адназначная выснова пра тое, што гэтым працэсам дырыгуюць прадстаўнікі ўлады — альбо аддзел ідэалёгіі, альбо спэцслужбы, альбо і тыя, і другія разам. Рашэньні, якія ўжо прынялі судзьдзі — прыняць пазовы ў работу, часова прыпыніць доступ да артыкулаў — паказваюць, што яны частка гэтага працэсу».
Раней з сайтам судзіўся Гомельскі мясакамбінат. Сайту давялося публікаваць абвяржэньне фота «каўбасы з поўсьцю», але юрыст мясакамбінату «не заўважыў» абвяржэньня і падаў скаргу ў Мінінфарм, дзе абвяржэньня таксама не пабачылі і вынесьлі папярэджаньне. Калі кіраўніцтва сайту заявіла міністэрству пра памылку, Мінінфарм вынес другое папярэджаньне — за тое, што ня выдалілі матэрыялы пра «каўбасу з поўсьцю» (на сёньня арыгінал артыкулу выдалены, але згаданае фота ёсьць у іншых публікацыях).
Кузьняцоў лічыць, што працэсы — палітычны ціск на СМІ і грамадзянскую супольнасьць, спроба «заткнуць рот найбольш прынцыповым прадстаўнікам мясцовай грамадзянскай супольнасьці», да якіх залічвае і Лепіна.
Паводле зьвестак, якія прыводзіць Кузьняцоў, сайт «Сильные новости» мае паўмільёна ўнікальных наведнікаў за месяц, зь якіх 300 тысяч — жыхары Гомлю і Гомельскага раёну. На старонку выданьня «ЎКантакце» падпісана больш за 100 тысяч чалавек.