«Бо хочацца жыць у добрай краіне». Як адно тэлешоў зьмяніла 10 гарадоў Беларусі за адзін год

Гэтым летам у Горадні зьявілася новая пляцоўка для выгулу сабак, у Лідзе — першы ў краіне пляж, даступны для інвалідаў-вазочнікаў, у Маладэчне — галерэя на звалцы, а ў Менску — грузавік з арт-цэнтрам і кінатэатрам. Ніводнага з гэтых аб’ектаў не было ў плянах мясцовых выканкамаў. Яны зьявіліся з ініцыятывы мясцовых жыхароў і дзякуючы шоў «Горад».

Улады — таксама гараджане

«Мне проста хочацца жыць у добрай краіне, дзе ёсьць нейкі рух, людзі дапамагаюць адзін аднаму, — кажа Свабодзе пра ідэю шоў „Горад“ заснавальніца і прадусарка Надзея Ількевіч. — Хочацца жыць у краіне, дзе ёсьць клясныя пляцоўкі і фэстывалі. І каб менш людзей з кіслым выразам твару, якія на ўсё скардзяцца».

Надзея Ількевіч раней працавала ў Нацыянальным мастацкім музэі, ладзіла выставы за мяжой. Апошнія тры гады яна займаецца грамадзкімі і гарадзкімі ініцыятывамі і прадусуе кіно.

Надзея Ількевіч

Шоў «Горад» праходзіць другі год запар. Атрымаўшы 200 заявак, журы адабрала дваццаць удзельнікаў. На працягу васьмі выпускаў яны праходзяць навучаньне, змагаюцца за выхад у фінал і грашовы прыз. Грошы на сваю ідэю атрымліваюць толькі чацьвёра. І гэта павінен быць праект, які паляпшае родны горад.

Дадаткова разыгрываецца яшчэ і Гран-Пры — паездка ў Бразылію. Яе выйграе той, хто найлепш рэалізуе свой праект. Трансьляцыя яго адбудзецца сёньня а 21-й гадзіне на афіцыйным youtube-канале.

Пераможцы сёлетняга «Гораду» атрымалі на свае задумы ад 500 да 1300 даляраў. Але тыя, хто не атрымаў фінансаваньня, усё роўна працягваюць працаваць над сваімі гарадзкімі праектамі. Таму што галоўная перашкода для такіх праектаў — гэта ня столькі брак грошай, колькі адсутнасьць аднадумцаў. Дзякуючы шоў «Горад» да іх часта далучаюцца новыя людзі.

«Гарадзкому актывісту складана існаваць у асяродзьдзі, дзе яго ніхто не падтрымлівае, — кажа Надзея. — Каб было больш людзей, якія прыдумляюць шалёныя ідэі і іх падтрымліваюць, было б прасьцей».

Пляцоўка для выгулу сабак, якая зьявілася ў Горадні

Многія праекты, зь якімі прыходзяць на шоў «Горад», маглі б быць у «плянах мерапрыемстваў па добраўпарадкаваньні гораду Х». Іх маглі б арганізаваць за кошт мясцовых бюджэтаў. Аднак Надзея Ількевіч кажа, што мясцовая супольнасьць можа разьвівацца, толькі калі там ёсьць ініцыятыўныя жыхары.

«Улады нікому нічога не павінны, — кажа Надзея. — Трэба зразумець, што ўлады — гэта таксама жыхары гораду, і мясцовы бізнэс — гэта жыхары гораду. Таму мы павінны зьмяняць нашы гарады разам».

Ніхто нічога ня зробіць, калі ты сам нуль кіляджоўляў энэргіі на гэта патраціў

Саша Аўдзевіч — пераможца сёлетняга шоў «Горад». Ён атрымаў тысячу даляраў, каб зрабіць даступным гарадзкі пляж у Лідзе. Пляж афіцыйна называецца «інклюзіўны», а гэта значыць — «даступны для ўсіх». Паўзьверх пяску пакладзены драўляны насьціл і зробленыя бэтонныя дарожкі. Такая дарожка вядзе ў самую ваду, каб нават вазочнік мог самастойна даехаць да возера. Таксама тут усталявалі зручныя для вазочнікаў пераадзявальні і прыбіральні.

Саша Аўдзевіч (на вазку) падчас здымак

Зрабіць даступным мясцовы пляж Саша задумаў яшчэ два гады таму. Летам 2015 году ён даехаў роварам да Балтыйскага мора. У Літве ўпершыню пабачыў пляж, па якім можа перасоўвацца і чалавек на вазку.

Ніводнага такога месца ў Беларусі не было. Купацца ў рэчцы ці возеры Саша мог толькі з дапамогай сяброў, якія пераносілі яго да вады, а потым саджалі назад на вазок.

Са сваёй ідэяй ён зьвяртаўся да ўладаў. Тыя пагаджаліся, што такі пляж сапраўды было б варта зрабіць. Але далей за перамовы справа не ішла.

Інклюзіўны пляж у Лідзе

Затое сёлета, калі Саша сказаў, што ўдзельнічае ў шоў «Горад» і можа атрымаць фінансаваньне на інклюзіўны пляж, гарадзкі выканкам сам далучыўся да праекту. За кошт мясцовага бюджэту зрабілі адну з дарожак на пляжы.

«Улады рэагуюць на ініцыятывы, — кажа Саша. — Часта здараецца, што праблема акурат у саміх людзях. Яны нешта ныюць увесь час. Я вось пытаю: „Ці ты хадзіў, каб табе пандус зрабілі?“ А мне адказваюць: „Хіба гэта камусьці трэба?“ Вядома, ніхто нічога ня зробіць, калі ты сам нуль кіляджоўляў энэргіі на гэта патраціў. А ў выканкаме нармальныя людзі сядзяць. Я ўпэўнены, што дыялёг з уладамі можна весьці».

Пасадзіць газон на вуліцы — гэта ці дэбілізм, ці гераізм

У пацьверджаньне словаў Надзеі Ількевіч Саша кажа, што больш за ўсё яму бракуе падтрымкі. У Беларусі толькі нараджаецца канцэпт «мясцовага супольніцтва». Гэта значыць, што людзі асабіста адказваюць ня толькі за прыватную ўласнасьць, але і за свой пад’езд, двор, вуліцу, раён і цэлы горад.

Шэсьць год таму Саша трапіў у аварыю на матацыкле. З таго часу ня можа хадзіць. Але не сядзіць дома, як многія вазочнікі. На ручным ровары ён даехаў зь Беларусі да Балтыкі, а потым праехаў праз усю Эўропу, дабраўся да Турэччыны.

За мяжой Саша бачыў, што такое мясцовая супольнасьць. Аднак кожны раз, калі прапануе нейкі грамадзкі праект у роднай Лідзе, сутыкаецца зь непаразуменьнем. Людзі ня могуць дацяміць, навошта самім жыхарам саджаць новы газон на сваёй вуліцы ці высаджваць там дрэвы. Бо ў іхнім разуменьні гэта абавязак ЖЭСу.

«Гэта ўспрымаюць ці як дэбілізм, ці як неймаверны гераізм, ці як праяву багацьця», — кажа Аўдзевіч.

На здымках шоў

За мяжой Саша бачыў зусім іншыя прыклады. Калісьці ён падарожнічаў у Нідэрляндах і прыпыняўся ў аднаго хлопца. На наступны дзень ім трэба было зьезьдзіць у суседні горад. Хлопец пайшоў да суседа і пазычыў у яго машыну на дзень.

«Я падумаў, можа гэта ягоны брат ці супэр-сваяк. Не. Ён таго суседа два разы на год бачыць. Проста для іх машына — гэта ня рэч, за якую ўсе трасуцца. Гэта супольны сродак транспарту людзей усёй вуліцы. Раз уладальніку яна не патрэбная, можна ёй скарыстацца. Вось гэта супольнасьць!»

Тое, што ў Беларусі няма адчуваньня супольнасьці, Саша зьвязвае з савецкай спадчынай і неадукаванасьцю. Сталым людзям, па яго словах, часам проста немагчыма патлумачыць, што можна траціць свае сілы і грошы на агульныя справы.

«Можа, яны думаюць, як бы выжыць, можа, яны выхаваныя так, што трэба ўсё сабе ў двор забіраць. Магчыма, моладзь разважае па-іншаму. Я спадзяюся толькі на дыялёгі з моладзьдзю».

Да нас прыходзяць людзі, якія ніколі ў жыцьці не былі грамадзкімі актывістамі

За адзін год шоў «Горад» зьмяніла зь дзясятак гарадоў. Летась на ўдзел у праекце было сто заявак. Сёлета — ужо дзьвесьце. Рэгіянальныя тэлеканалы яшчэ да канца здымак пытаюцца ў арганізатараў, ці можна будзе ўзяць зьнятыя выпускі для трансьляцыі.

На адборы ў шоў «Горад»

Але пры ўсёй папулярнасьці «Горада» ён можа спыніць існаваньне ўжо сёлета. Надзея Ількевіч кажа, што праект ня можа знайсьці камэрцыйнага спонсара, каб пакрыць выдаткі на відэавытворчасьць. Напрыклад, здымачная група першага выпуску складалася з 47 чалавек.

Апэратар, мастак-пастаноўшчык, рэжысэр-мантажор — на гэтую вытворчасьць і пайшлі ўсе грошы. А ў канцы яшчэ выявіўся дэфіцыт: бракавала 5 тысяч даляраў на грашовыя прызы для пераможцаў. Арганізатары зьвярнуліся ў 136 кампаній, але нікога не змаглі зацікавіць.

«Ім больш зразумелая рэкляма на тэлевізіі. А мы не выходзім на ТВ. Гэта новы фармат. Людзі не разумеюць, навошта на гэта траціць грошы», — кажа Надзея.

Біл Форэстэр адмыслова прыляцеў у Менск

Не знайшоўшы грошай у Беларусі, Надзея Ількевіч напісала амэрыканцу Білу Форэстэру з гораду Кліўлэнд. Летась яна пазнаёмілася зь Білам падчас праграмы Community Connections.

Сем год таму Біл перанёс інсульт. Ён быў паралізаваны, але навучыўся наноў хадзіць і гаварыць. Цяпер ён бегае паўмаратоны і малюе карціны. А яшчэ актыўна ўдзельнічае ў мясцовых праектах.

Гэтыя лаўкі на вуліцы Зыбіцкай у Менску ўсталявалі ў межах шоў «Горад»

Біл пагадзіўся праспансаваць праект і прыехаў на фінал шоў «Горад» у Менск. Ён моцна зьдзівіўся, што ў Беларусі не разьвіты валянтэрскі рух і што так цяжка сабраць грошы на грамадзкі праект.

«У маёй супольнасьці кожны так робіць, — кажа Біл. — Каб быць валянтэрам, трэба мець моцнае захапленьне сваёй супольнасьцю. Рабіць нешта для сваёй супольнасьці — гэта ж цудоўна! Ты бескарысьліва працуеш дзеля іншых, і ў адказ нехта працуе дзеля цябе».

На адкрыцьці пляцоўкі ў Горадні

На выхадзе ў каманды «Горада» ўсё атрымалася. Знайшоўся фундатар — Біл, які прыехаў у Беларусь з натхняльнай гісторыяй, шоў выйшла, пераможцы зрабілі свае праекты.

«Самая галоўная выснова, якую мы для сябе зрабілі, — гэта тое, што ў Беларусі можна рабіць усё што заўгодна, — кажа Надзея. — Да нас прыходзяць людзі, якія ніколі ў жыцьці не былі грамадзкімі актывістамі. І яны робяць неверагодныя рэчы. Было б жаданьне».