Лукашэнка паехаў да Пуціна. Пра што ім пагутарыць?

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка ладзіць 29-30 чэрвеня афіцыйны візыт у Расею, дзе ў яго заплянаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным і ўдзел у паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «Саюзнай дзяржавы», а таксама чацьвёртым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Беларусь-Расея: сваркі і пацалункі

Папярэдняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна прайшла 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Тады кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся пра газ і рэфінансаваньне запазычанасьцей, стасункі з ЗША і Эўразьвязам. Сустрэча прайшла нягледзячы на тое, што перад яе пачаткам адбыўся тэракт у піцерскім мэтро — Пуцін, седзячы побач з Лукашэнкам, выказаў спачуваньні пацярпелым і працягнуў сустрэчу.

Пра гандлёвыя войны

У пытаньнях, што плянуецца абмеркаваць, прэс-служба Лукашэнкі называе найперш эканоміку і гандаль. А з гэтым праблемы: паводле Белстату, ужо пяць год запар таваразварот між Беларусьсю і Расеяй падае, у цэлым ён зьменшыўся на 40%. Калі ў 2012 годзе экспарт зь Беларусі ў Расею склаў 16,3 млрд даляраў ЗША, і імпарт — 27,5 млрд, то за 2016 Белаурсь прадала ў Расею на 10,8 млрд, а імпартавала — на 15,3 млрд даляраў.

Топ-10 незвычайных тавараў, якія Беларусь купляе і прадае Расеі

Сярод анансаваных пытаньняў — нарошчваньне двухбаковай супрацы ў аграпрамысловасьці і машынабудаваньні. Але з апошнім нешта ня так: беларускі МАЗ, паводле расейскага «Аўтастату», у траўні адкаціўся ў Расеі з 4-га на 9-е месца ў долі рынку, адстаў ад Scania, Mercedes-Benz, Isuzu, DAF і MAN.

У Расеі «санкцыйныя» прадукты зьнішчаюць бульдозэрамі, паляць у печах, абліваюць зялёнкай. Так бывае і зь беларускімі прадуктамі, якія западозрылі ў «небеларускім» паходжаньні

Але сярод пытаньняў не анансуецца абмеркаваньне «харчовых войнаў» — а на іх Лукашэнка ў траўні наракаў губэрнатару Растоўскай вобласьці. Не падобна, каб скаргі дапамаглі: з моманту сустрэчы Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі з шэрагу беларускіх малочных і мясных прадпрыемстваў, потым іх «амніставаў», але прадставіў «чорны сьпіс» з тых, каму не давярае. Акрамя таго, Расея ня раз выказвала сумневы ў паходжаньні, напрыклад, «беларускіх крэвэтак» або «беларускай папаі». Мінсельгасхарч Беларусі падазрае Расею ў несумленнай гульні, а МУС Беларусі правярае кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Пра расейскія танкі

Таксама плянуецца, што Лукашэнка возьме ўдзел у абмеркаваньні выкананьня расейска-беларускай «Праграмы ўзгодненых дзеяньняў у замежнай палітыцы». Падобна, што з узгодненасьцю дзеяньняў асаблівых праблемаў не агучвалася, але праз гэтую ўзгодненасьць турбуюцца суседзі Беларусі.

Ці пагражаюць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» незалежнасьці Беларусі?

Прэзыдэнтка Літвы, намякаючы на беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017», назвала «выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў» ў ліку пагрозаў сваёй краіне. Раней міністар абароны Эстоніі заяўляў, што вучэньні могуць стаць «квітком у адзін бок» у Беларусь для расейскіх вайскоўцаў.

«Зялёныя чалавечыкі» ў Крыме — як прызнаваў Пуцін, гэта былі расейскія вайскоўцы

Пра тое самае Свабодзе казаў міністар замежных спраў Латвіі: «Мы маем асьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не пайсьці [адтуль]». Амбасадар Украіны ў Беларусі крыху пакрытыкаваў іншыя беларуска-расейскія вучэньні «Славянскае братэрства-2017», а яго за гэта выклікалі ў беларускі МЗС.

«Лукашэнка прасіў таньней, але Пуцін не саступіў», — экспэрт пра куплю Беларусьсю самалётаў СУ-30СМ