Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую вялікую справаздачу (PDF) аб гандлі людзьмі ў розных краінах сьвету.
У 2011-м Беларусь у справаздачах Дзярждэпу перайшла з 2-й групы краін (дзе ёсьць праблемы з гандлем людзьмі) у «2-ю з рызыкай трапіць у 3-ю». У 2015 годзе Беларусь трапіла ў ніжэйшую 3-ю групу (краіны зь вельмі сурʼёзнымі праблемамі ў гандлі людзьмі). Сёлета Беларусь засталася ў трэцяй групе.
Беларусь называюць у справаздачы «крыніцай, транзытнай тэрыторыяй і краінай прызначэньня для мужчын, жанчын і дзяцей, якія зазнаюць сэксуальнае рабства і прымусовую працу». Беларускія ахвяры гандлю людзьмі часьцей за ўсё зьнікаюць у Расеі, Польшчы, Турэччыне і самой Беларусі.
З суседзяў Беларусі ў ніжэйшай групе толькі Расея. Латвія і Ўкраіна ў 2-й групе, Літва і Польшча — у 1-й.
«Урад Беларусі ня цалкам выконвае мінімальныя стандарты па выкараненьні гандлю людзьмі і не прыкладае значных намаганьняў, каб зрабіць гэта, — гаворыцца ў справаздачы. — Нягледзячы на адсутнасьць значных намаганьняў, урад зрабіў некаторыя крокі па барацьбе з гандлем людзьмі, у тым ліку актыўна ўдзельнічае ў шматбаковых высілках па барацьбе з гандлем людзьмі, робіць намаганьні па абароне беларускіх ахвяраў эксплюатацыі за мяжой, а таксама па скасаваньні ў чэрвені 2016 году дэкрэту, які забараняў дзяржаўным службоўцам у галіне дрэваапрацоўкі пакідаць свае працоўныя месцы.
Тым ня менш урад працягваў палітыку, якая актыўна схіляе грамадзян да прымусовай працы, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў, студэнтаў, тых, хто працуе няпоўны працоўны дзень, беспрацоўных, грамадзян, якія пакутуюць на залежнасьць ад наркотыкаў або алькаголю, а таксама крытыкаў уладаў.
Ужо чацьвёрты год запар улады не перасьледуюць ніводнага гандляра людзьмі ў адпаведнасьці з законам».
У справаздачы асобна згадваюцца «дэкрэт пра дармаедаў», прымусовыя суботнікі, прымусовая праца ў войску, удзел школьнікаў і студэнтаў ва ўборачнай кампаніі.
Беларусі рэкамэндуюць рэфармаваць дзяржаўную палітыку, каб спыніць усе формы дзяржаўнага прымусу да працы, у тым ліку скасаваць адпаведныя законы і дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі, унесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс, каб выключыць магчымасьць прымусовай працы як пакараньня для іншадумцаў, значна ўзмацніць высілкі па расьсьледаваньні і перасьледзе за прымусовую працу і сэксуальную эксплюатацыю.
Дзярждэп ЗША таксама раіць Беларусі ўнесьці зьмены ў 181-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, дадаўшы туды адказнасьць за эксплюатацыю дзяцей да 18 гадоў у занятках прастытуцыяй, незалежна ад доказаў прымусу, каб артыкул адпавядаў міжнародным стандартам.
Рэкамэндуецца і павялічыць абʼём выдаткаў на дапамогу ахвярам гандлю людзьмі і іх абарону, у тым ліку на дзяржаўныя цэнтры сацыяльных сэрвісаў і няўрадавыя арганізацыі, прадставіць адмысловыя сэрвісы для непаўналетніх ахвяраў сэксуальнай эксплюатацыі і правесьці навучаньне ўсіх адпаведных службоўцаў для працы зь імі, праводзіць прэвэнтыўны маніторынг прастытуцыі на прадмет гандлю людзьмі, павялічыць колькасьць працоўных інспэкцыяў для выяўленьня прымусовай працы.