Каб маладыя таксама пакутавалі

Наста Захарэвіч

Беларускім ВНУ і каледжам забаранілі выдаваць «свабодны дыплём» тым, хто вучыўся за кошт бюджэту — разьмеркаваць трэба ўсіх.

Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая кажа, што нават тыя, хто вучыцца за свае грошы, часта хочуць быць разьмеркаваныя: «Дзяржава клапоціцца, каб маладыя ўладкоўваліся, атрымлівалі досьвед, каб было першае працоўнае месца. Нічога дрэннага ў гэтым няма».

Але на практыцы штогод маладыя выпускніцы і выпускнікі альбо радуюцца, што ўдалося пазьбегнуць непэрспэктыўнага працоўнага месца, альбо скардзяцца, што камісія па разьмеркаваньні дасылае іх на два гады працаваць ва ўмоўны Брагін, хоць яны самі знайшлі лепшае працоўнае месца.

Нібыта ўвесь сьвет — гэта адно вялікае войска з квітнеючай дзедаўшчынай.

Як правіла, навакольныя падтрымліваюць маладых у іх жаданьні будаваць добрую кар’еру. Але заўжды знойдуцца тыя, хто лічыць, што маладосьць абавязана быць галоднай. Нібыта ўвесь сьвет — гэта адно вялікае войска з квітнеючай дзедаўшчынай, і, каб трапіць на наступны ўзровень герархіі, трэба прайсьці праз шэраг пакутаў. А галоўнае — не высоўвацца.

Толькі сёньняшні сьвет так больш не працуе. За 20 гадоў працы на адным месцы не даюць аўтаматычна кватэру, а пачынаць кар’еру неабавязкова з найгоршай пазыцыі ў кампаніі. У першы ж год пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту можна стаць галоўнай рэдактаркай альбо дырэктаркай уласнай камэрцыйнай арганізацыі, і імкнуцца да гэтага — нармальна. Што ненармальна — дык гэта патрабаваць ад маладых, каб мы радаваліся разьмеркаваньню з зарплатай 200 рублёў і немагчымасьцю зьмяніць працу раней, чым праз два гады.

Замест таго, каб паляпшаць умовы працы на пэўных месцах, туды проста засылаюць маладых спэцыялістак і спэцыялістаў.

Гэта хітры падыход дзяржавы: замест таго, каб паляпшаць умовы працы на пэўных месцах, туды проста засылаюць маладых спэцыялістак і спэцыялістаў. Усё адно ў іх выбару няма, так што нікуды не падзенуцца.

Але што ў выніку? Па-першае, у такіх умовах чалавек ня будзе добра выконваць сваю працу. Па-другое, зьбяжыць ад працадаўцы на наступны ж дзень пасьля сканчэньня ненавіснай «адпрацоўкі». Па-трэцяе, дзякуючы такой працы, страціць час, які мог быць задзейнічаны ў разьвіцьці кар’еры.

Прымусовае разьмеркаваньне пазытыўна ўплывае хіба што на статыстыку ўнівэрсытэту. Ні працадаўцам, ні тым, каго разьмяркоўваюць, у большасьці выпадкаў, рэальнай карысьці гэты мэханізм не прыносіць.

Людзі на высокіх пасадах упэўнены, што калі яны ў свой час пакутавалі на ненавіснай працы, дык і я мушу цяпер прайсьці праз тое ж?

Першы раз я разьмяркоўвалася ў 2015 годзе, другі — пасьля магістратуры — у 2016. На маю спэцыяльнасьць — філязофія — працадаўцы не дасылаюць заяўкі ва унівэрсытэт, і нам нібыта вельмі шанцуе, бо камісія па разьмеркаваньні падпіша любую заяўку, якую ім прынясуць. Але тут акурат і раскрываецца ўся рэпрэсіўная сутнасьць сыстэмы разьмеркаваньня. Калі я сама знайшла сабе працу, чаму мы з маім працадаўцам мусім даваць справаздачу ўнівэрсытэту? Таму што людзі на высокіх пасадах упэўнены, што калі яны ў свой час пакутавалі на ненавіснай працы, дык і я мушу цяпер прайсьці праз тое ж?

Гэтыя людзі лічаць, што вопыт працы вымяраецца ў гадах, а не ў эфэктыўна выкананых задачах. Яны ўпэўненыя, што даваць чалавеку падвышэньне «за выслугу гадоў» — здаровая практыка. Для іх «амбіцыйнасьць» — гэта нэгатыўная рыса, і яны не саромеюцца заяўляць, што на пачатку кар’еры працаваць трэба задарма, а калісьці ў будучыні гэта ўсё нейкім чынам вернецца.

Ім пляваць на вёскі і мястэчкі, і на людзей, якія там жывуць.

Калі вам у нейкі момант можа падацца, што заклікі ехаць працаваць ва ўмоўны Брагін — гэта праява патрыятызму, а адмова ад такой працы — снабізм і фанабэрыстасьць, дык гэта будзе памылковае адчуваньне, якое ўзьнікла як вынік маніпуляцыі.

Маралісткі і маралісты, якія кажуць, што мы мусім «уздымаць сяло», ня надта імкнуцца самі гэтым займацца, і часта выпадкова прагаворваюцца, называючы такую працу «школай жыцьця» і кажучы «ну а што ж вы хацелі?». Ім пляваць на вёскі і мястэчкі, і на людзей, якія там жывуць. Яны проста хочуць, каб іншыя таксама пакутавалі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.