У Міністэрстве адукацыі Свабодзе патлумачылі сутнасьць распараджэньня намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Васіля Жарко аб забясьпечэньні 100-адсоткавага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, якія навучаліся на бюджэтнай форме.
«Працаўладкаваныя павінны быць усе без выключэньня бюджэтнікі, установы мусяць забясьпечыць 100-працэнтнае разьмеркаваньне», — гаворыцца ў дакумэнце.
Платнікаў ня тычыцца
Свабода найперш пацікавілася ў прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Людмілы Высоцкай, ці тычыцца гэта выпускнікоў, якія займаліся на платнай аснове.
Дзяржава клапоціцца, каб маладыя ўладкоўваліся, атрымлівалі досьвед, каб было першае працоўнае месца. Нічога дрэннага ў гэтым няма.
«Не, ня тычыцца. Гаворка толькі пра тых, хто вучыўся на бюджэтнай форме. Безумоўна, калі платнікі самі захочуць, каб іх разьмеркавалі, то такую магчымасьць атрымаюць. Як паказвае практыка, шмат хто хоча быць разьмеркаваным — маю на ўвазе тых, хто вучыўся за свае грошы. У іх будуць тыя самыя льготы, як і ў студэнтаў, якія разьмяркоўваліся зь бюджэту. Дзяржава клапоціцца, каб маладыя ўладкоўваліся, атрымлівалі досьвед, каб было першае працоўнае месца. Нічога дрэннага ў гэтым няма».
Свабодны дыплём як выключэньне, а ня правіла
Паводле Людмілы Высоцкай, працэдура разьмеркаваньня дастаткова даўняя; адзінае, цяпер больш жорсткае стаўленьне да так званых свабодных дыплёмаў для бюджэтнікаў:
«Разьмеркаваньне ёсьць кожны год, чаму сёлета гэта выклікала такі розгалас, не зусім разумею... Што тычыцца свабоднага дыплёму, то гэта тычыцца толькі асобных катэгорый. Напрыклад, студэнтка замужам і трэба ехаць кудысьці сьледам за сужэнцам. Тады так, ідзём насустрач. Без пытаньняў свабодны дыплём могуць атрымаць тыя, хто вучыўся платна. А хто на бюджэце — трэба гарантаваць дзяржаве працоўнае месца. Зразумела, што цяперашняя моладзь хоча, каб і грошы былі вялікія, і пэўны статус. На жаль, ня кожны раз так атрымліваецца».
Распараджэньне Васіля Жарко датаванае 1 чэрвеня, хоць канчатковае разьмеркаваньне завяршылася яшчэ ў красавіку. Паводле кіраўніцтва адукацыйнага ведамства, калі заявак на выпускнікоў-бюджэтнікаў будзе зашмат, найперш будуць задавольвацца замовы базавых арганізацыяў і тых, дзе студэнты былі на практыцы. Потым — усе астатнія, уключна з заяўкамі камэрцыйных арганізацый і прыватных структураў.
Зьмены пачнуць працаваць налета
Прадстаўніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Ала Баярка запэўнівае, што сёньня нейкіх праблемаў з разьмеркаваньнем і свабоднымі дыплёмамі ва ўстанове няма:
Разьмеркаваньнем цікавяцца і студэнты з камэрцыйнага патоку. Сэнс у тым, што лепш быць з працай, чым безь яе: не па ўсіх спэцыяльнасьцях чакаюць з абдымкамі.
«Калі нешта і будзе мяняцца, то наўрад ці сёлета — разьмеркаваньне ўжо адбылося. Дарэчы, разьмеркаваньнем цікавяцца і студэнты з камэрцыйнага патоку, кожны год такія выпадкі — ня масава, але маюць месца. Сэнс у тым, што лепш быць з працай, чым безь яе: не па ўсіх спэцыяльнасьцях чакаюць з абдымкамі. Тым больш што ў нас прапановаў заўсёды больш, чым тых, хто разьмяркоўваецца. Нават тыя, хто вучыўся на платнай аснове, прыходзяць, цікавяцца вакансіямі, якія застаюцца пасьля студэнтаў, што разьмеркаваліся. Больш залежыць ад чалавека: хтосьці хоча быць працаўладкаваным, а хтосьці ўсё жыцьцё займаецца фрылансам».
Як кажа спадарыня Баярка, у выпадку зь бюджэтнікамі задавальняюцца практычна ўсе заяўкі, якія студэнты прыносяць ад патэнцыйных працадаўцаў:
«У нас ёсьць дамовы з асноўнымі рэзыдэнтамі Парку высокіх тэхналёгій адносна падрыхтоўкі кадраў. Такое двухбаковае пагадненьне мае юрыдычную аснову, іх заключаюць як дзяржаўныя кампаніі, так і прыватныя. Падобныя заяўкі заўсёды задавальняюцца, у нас дастаткова вялікі працэнт студэнтаў, якія разьмяркоўваюцца ў кампаніі — рэзыдэнты ПВТ. Нават думаю, што больш за ўсё выпускнікоў менавіта нашай установы, бо яны самі рэгулярна публікуюць такую статыстыку. Усім, хто прыносіць заяўкі на разьмеркаваньне, адміністрацыя заўсёды ідзе насустрач».
Выпускнікоў некаторых ВНУ найперш хвалюе, што яшчэ ў красавіку былі падпісаныя загады аб выдачы свабодных дыплёмаў там, дзе вакансіяў для прымусовага разьмеркаваньня не было. Паводле палажэньня аб разьмеркаваньні, будучае месца працы мае быць вядомым за два месяцы да выпуску, але распараджэньне пра фактычную забарону свабодных дыплёмаў дайшло літаральна за тыдзень да выпуску. Праўда, у Міністэрстве адукацыі запэўніваюць, што падставаў да хваляваньня няма.