Пачатак ТУТ
Проста сярод ночы на зону ўрываліся вэвэшнікі з дубінамі і бамберылі ўсё, што трапіцца пад руку. Навошта? Для парадку, казалі. А яшчэ казалі, што зэкі самі правакуюць – учыняюць бунты. Праўда, пры дэталёвым вывучэньні высьвятлялася, што такі «бунт» старанна распрацоўваўся самімі вэвэшнікамі і асабістамі. Ізноў – навошта? Казалі, такая сыстэма, так заведзена...
«Як яшчэ доўга скрыпучы выраз Takie jest Życie (Такое жыцьцё) адзіным будзе апраўданьнем недарэчнай сьмерці чалавека?» Словы з «Эпітафіі» Чэслава Немэна. Але гэта так, лірыка. «Эпітафію» ў выкананьні аўтара мы слухалі ў менскім Палацы спорту ў 1976-м, яна прысьвячалася памяці Пётра, Немнавага барабаншчыка, які перад тым загінуў у аўтакатастрофе, а ў 1978-м мяне забралі ў ВВ. Там я і даведаўся пра «навядзеньне парадку» і не аднойчы згадваў Немэна і «такую сыстэму, так заведзена».
Ня ведаю, ці працягваюцца тыя пастановачныя «бунты» на цяперашніх беларускіх зонах і ці робяцца на іх начныя налёты сёньняшніх вертухаяў. Здаецца, усё ж крыху ўлегліся чалавечыя норавы з тых жорсткіх пасьлясталінскіх часоў. Але тое, што схема «навядзеньня парадку» функцыянуе – у гэтым я пераканаўся дакладна. Маю на ўвазе масавыя арышты і пасадкі мытнікаў, якія пэрыядычна ініцыюе КДБ. І, як за тымі зэкаўскімі бунтамі, пры дэталёвым вывучэньні выразна бачыш руку кадэбэшніка, які распрацоўвае схему злачынства і масавага пабою мытнікаў. Быццам мытнікі прыйшлі на зьмену колішнім зэкам – ва ўскосным і простым сэнсах. Мытнік сёньня і значыць – патэнцыйны зэк.
У перапынку суду над мытнікамі паста Каменны Лог, там, дзе судзяць Алеся Юркойця, да мяне падышла маладая жанчына. Яна адмыслова прыехала з Гомеля, дзе неўзабаве павінен пачацца чарговы «мытны працэс». Адно што, у адрозьненьне ад ашмянскай справы, пра гомельскую няма ніякага розгаласу, усё шыта-крыта, цішыня.
А колькі яшчэ такіх нікому невядомых мытных справаў шылася і шыецца… Вось вы чулі, скажам, пра працэс мазырскіх мытнікаў, якім зачыталі прысуды ў мінулы панядзелак? Тэрміны далі адносна невялікія, бо ўсе абвінавачаныя прызналі сваю віну.
У Гомелі іншая справа. Ёсьць тыя, хто прызнаў, і такія, хто з-за непрызнаньня застаецца за кратамі. Жанчына – жонка якраз такога мытніка. Усяго разам з мазырскімі там арыштавана больш за 30 чалавек мытнікаў і прадпрымальнікаў.
А зацікавіў жанчыну ашмянскі працэс з-за таго, што тут усё адбываецца нібы пад капірку. І стыль арыштаў, і мяшкі на галаве, і катаваньні і ўсё іншае. Адно ведамства працуе, адзін аўтар – КДБ.
Адпаведна і сцэнар падобны.
У гомельскіх адзін мытнік звольніўся са службы і заняўся кантрабандай наркотыкаў. Такі гаваркі разьняволены чалавек. Балагур, яна сказала. Я адразу «пазнаў» Ігара Высоцкага з Ашмян, які таксама «балагур», таксама звольніўся з мытні і зьвязаўся зь фірмачамі, што перавозяць кветкі, каб за грошы прадстаўляць іхныя інтарэсы на мытні. Сьледчыя КДБ паціраюць рукі – ідзем бамберыць барак, то бок цэлую мытню, сьвеціць службовы рост, новыя зоркі і падзяка ад прэзыдэнта! І чым болей мытнікаў удасца замазаць і ўзяць, тым больш салідным будзе працэс.
За добрую супрацу Балагуру абяцаюць ролю сьведкі на працэсе, ня больш. «А на наркотыкі мы вочы заплюшчым». Тое самае абяцаюць і Ігару Высоцкаму – ролю сьведкі, «а што ты там сабе ўзяў, забудзь». Высоцкі кажа, што гэта яму абяцалі не абы хто, а генэралы. «У чым справа, мужыкі, усё зробім як найлепей».
Балагур і Высоцкі пачынаюць «умазваць» у справу мытных інспэктараў. Першы сустракаецца з былымі калегамі ў кавярні і прапануе пэўныя сумы за пэўныя паслугі. Хто згаджаецца, хто не згаджаецца – ня так і важна. Тых, хто прызнаецца, адпусьцяць на волю, дадуць меншы тэрмін, тых, хто не згадзіўся, а таму і не прызнаўся – з-за кратаў ня выпусьцяць і запякуць па поўнай. Так набіраюцца «злачынныя групы». Навошта? Для парадку. Так заведзена. Takie jest Życie.
Ня ведаю, якія ў Беларусі маштабы ценявой эканомікі, але маштабы ценявой юрыспрудэнцыі ўражваюць.
Выглядае, што Ашмянскую і Гомельскую мытні КДБ пачаў распрацоўваць прыблізна ў адзін час – калі Балагур і Высоцкі звольніліся з працы на мытні. Гэта 2014 год. Яшчэ праз год і там і там пачаліся масавыя арышты…
Цалкам магчыма, што нехта прызнае такое жыцьцё за норму. Ёсьць жа такія, хто ўхваляе Сталіна за масавыя рэпрэсіі. І ўсё ж здаровы розум падказвае, што: ня можна гэтак бамберыць нацыянальную мытню, выстаўляючы ўсіх яе работнікаў злачынцамі; ня можна дзеля імітацыі бурнай дзейнасьці таптацца па лёсах людзей; ня можна прызнантаў у хабарніцтве ставіць вышэй за непрызнантаў, якія ні ў чым не вінаватыя і трапілі пад раздачу адно «для масавасьці». Дыскрэдытацыя мытнага ведамства – каму і навошта гэта патрэбна?
Разумею, што КДБ трэба дэманстраваць дзейнасьць і што ў Беларусі праблема з рэальнай злачыннасьцю, якой для дэманстрацыі дзейнасьці КДБ яўна недастаткова. Таму даводзіцца літаральна сваімі рукамі ствараць «злачынныя групы» і бамберыць мытню, за якую ніхто ў грамадзтве слова ня скажа, маўляў, калі мытнік, дык ужо патэнцыйны хабарнік, маўляў, калі пасадзілі, значыць, было за што. Выглядае, што праблема зусім ня ў мытні, а ў неадэкватнасьці КДБ – сёньняшняму часу, аб’ёмам задач, чалавечай маралі.
Паводле вэрсіі КДБ, на мытні працуюць толькі злодзеі, а прысяга ў Беларусі прымаецца службовымі асобамі толькі для таго, каб яе парушаць. У такіх умовах менавіта тыя, хто прысягі не парушаў, ратуюць гонар мытнага ведамства і самой дзяржавы, а ім за гэта дастаецца больш, чым астатнім.
Працяг ТУТ
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.