Алексіевіч выступіла ў Эўрапарлямэнце. Відэа

Беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч выступіла 27 чэрвеня ў Эўрапарлямэнце перад кіроўнай Эўрапейскай народнай партыяй. Выступ пераказвае Tut.by, жывую трансьляцыю вёў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Алексіевіч расказвала, што камунізм ня мёртвы, а канец «чырвонага чалавека» быў толькі марай і рамантычнай ідэяй 1990-х. Жаданьне разьвітацца з камунізмам, кажа яна, было ў элітаў, у простага люду ж была настальгія («Была бясплатная мэдыцына, ніхто не ўспамінае, якой яна была, але яна была бясплатная»). Высілкі апазыцыі і дэмакратычна настроеных творцаў працавалі толькі ў іхным асяродзьдзі, мяркуе Алексіевіч, а калі тыя выходзілі «ў народ», лёзунгі даводзілася або спрашчаць, або падладжваць пад аўдыторыю («Якая свабода? Зайдзі ў краму, там ёсьць усё: гарэлка, каўбасы, нават банан»).

Пісьменьніца распавяла, што цяпер езьдзіла па вёсках і чула, што людзі пакрыўджаныя на Аляксандра Лукашэнку за тое, што іх мары ня спраўдзіліся, за несправядлівасьць у грамадзтве («Вунь у Швэцыі добра, усё падзялілі справядліва, а ў нас несправядліва»). Нават у часы, калі ў Расеі ішла чачэнская вайна, каля 80% казалі Алексіевіч, што хацелі б жыць у «вялікай краіне» і ня могуць прывыкнуць да жыцьця ў «маленькай». У Беларусі, заўважае Алексіевіч, пераходнае пакаленьне выхаванае савецкай культурай, бо людзям распавядаюць не гісторыю Беларусі, а міты, якія «пакінуў той час».

Паводле пісьменьніцы, у Беларусі апазыцыя мае 25–30% уплыву ў грамадзтве, таму лепей мець адзінага кандыдата, але не «мэсію»: Лех Валенса ня быў «мэсіяй», Барыса Ельцына «можна было ўявіць у рабочай спэцоўцы з пляшкай». Апазыцыі, кажа яна, трэба тлумачыць, што такое Эўропа і што яна дае, акрамя крэдытаў Лукашэнку.

Савецкі чалавек карысны Ўладзіміру Пуціну, разважае Алексіевіч, бо мае «вечнае рускае цярпеньне» і не пратэстуе, калі ежу спальваюць, хоць сам галодны. Пісьменьніца кажа: Пуцін прыйшоў і сказаў: «Мы вялікая краіна, мы не дамо сябе прыніжаць, нас баяліся і мусяць баяцца», ад гэтага народ загаварыў так, што стала страшна. Яна прыгадвае, як слухала пропаведзь сьвятара ў Волагдзе, у якога «вакол адны ворагі» (у тым ліку ворагі тыя, хто абмяркоўвае дарагі гадзіньнік патрыярха), а калі ў сям’і кагосьці б’юць, то «гэта Божая воля». Можна было зразумець, кажа Алексіевіч, што на месца камуністычнай ідэалёгіі прыйшлі абсалютна страшныя рэчы.

Алексіевіч заявіла, што беларускі народ не гатовы да рэвалюцыі і што сама яна прыхільнік «эвалюцыі», бо «рэвалюцыя — гэта кроў». Пісьменьніца мяркуе, што сёньня «час маленькіх крокаў» — трэба ісьці на выбары і спрабаваць перамагчы, спрабаваць прасоўваць «сваіх людзей».

***

У той жа дзень у Эўрапарлямэнце выступалі праваабаронца Алесь Бяляцкі, дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім, а таксама палітыкі Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька. Трансьляцыю іх выступу перадавала ePramova: