Колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка перакананы, што расьсьледаваньне справы журналіста Паўла Шарамета можа дапамагчы раскрыць сёньняшняе забойства палкоўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала, які загінуў сёньня раніцай у Кіеве у выніку выбуху ягонага аўтамабіля.
«Пакуль ня будзе раскрыта хоць адно рэзананснае злачынства, украінцы ня будуць адчуваць сябе ў бясьпецы. Вывесьці на выканаўцаў гэтага злачынства можа расьследаваньне справы Паўла Шарамета. Почырк падобны», — сказаў Валянцін Налівайчанка сёньня журналістам.
Украінскі журналіст Юры Бутусаў перакананы, што сёньняшняе забойства таксама, як забойства і Паўла Шарамета, мае расейскі сьлед. «Няма ніякіх сумневаў, што ён загінуў у выніку тэрарыстычнага нападу расейскіх спэцслужбаў. Почырк забойцаў — такі самы як і пры падрыве журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве, і пры падрыве намесьніка кіраўніка ўпраўленьня контрвыведкі СБУ Данецкай вобласьці Аляксандра Хараберуша ў Марыюпалі (гэта адбылося сёлета 31 сакавіка — РС)», — адзначыў Юры Бутусаў.
Украінскія СМІ таксама зьвяртаюць увагу на тое, што паводле службовых абавязкаў Максім Шапавал кіраваў аховаю застрэленага 23 сакавіка ў Кіеве былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава. «У дадзеным выпадку, ёсьць такая інфармацыя, але я мяркую, што рана яе абнародаваць. Адназначна, абаронай і аховай Вараненкава займалася Ўпраўленьне выведкі, і, адпаведна, як кіраўнік спэцназу Міністэрства абароны, ён таксама быў датычны да гэтага працэсу. Безь яго там не абыходзілася», — заявіў у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Ільля Ківа.
Кіраўнік спэцназу Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максім Шапавал загінуў сёньня раніцай у выніку выбуху аўтамабіля. Ад аскепкаў, што разьляцеліся ад падараванага аўтамабіля, пацярпелі двое пешаходаў, але іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.
Расьсьледаваньне крымінальнай справы, адкрытай паводле артыкулу 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (тэрарыстычны акт), вядзе Галоўная ваенная пракуратура Ўкраіны.