«З такім заявамі трэба разьбірацца адвакату. Лічу, такі чалавек не павінен займаць такую пасаду, яго трэба зь Мінабароны звальняць. Бо гэта зь ягонага боку пэўная публічная зьнявага — маўляў, у тых, хто падпісваецца за забарону ў Менску ваенных парадаў, нібыта духоўны папярэднік — Вільгельм фон Кубэ. А што яшчэ? Ня ведаю, ці будуць людзі зьвяртацца ў суд, гэта іншым чынам будзе вырашацца. Але відавочна, што трэба падымаць пытаньне пра прафпрыдатнасьць гэтага чыноўніка, супрацоўніка Мінабароны, які сядзіць там на нашы грошы і гэтак выказваецца», — сказаў Свабодзе блогер Антон Матолька, які ініцыяваў збор подпісаў за адмену ў Менску вайсковых парадаў.
26 чэрвеня на прэсавай канфэрэнцыі прадстаўніку Мінабароны Ўладзімеру Макараву задалі пытаньне: «У інтэрнэце ідзе збор подпісаў за забарону вайсковых парадаў у Менску і перанос іх за межы гораду. На гэты момант за гэта падпісаліся 3,5 тысячы чалавек, тады як за парады — 26 чалавек. Гэтыя пэтыцыі разглядаліся?»
Адказваючы на пытаньне, спадар Макараў нагадаў, што 20 гадоў таму Дзень Незалежнасьці сталі адзначаць менавіта 3 ліпеня — пасьля таго, як быў абраны прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка і за перанос Дня Незалежнасьці выказалася большасьць на рэфэрэндуме.
Далей прэсавы сакратар Мінабароны сказаў:
«Справа не ў эканамічнай праблематыцы, не ў цане паліва і сродках, якія выдзяляюць на абарону. І нават не ў часовых нязручнасьцях, калі праводзяць начныя трэніроўкі і некаторыя вуліцы закрываюць. Дзень Незалежнасьці, які адзначаецца паводле жаданьня беларускага народу, — гэта сьвятое сьвята, якое напоўнена высокім сэнсам. Але, на жаль, гэта ня сьвята беларускіх радыкалаў. Гэта ня сьвята тых, для каго духоўным папярэднікам быў Вільгельм фон Кубэ.
Вы, пэўна, чыталі спадара прафэсара Лыча пра тое, што калі падумаць, каго абраць ганаровым кіраўніком таварыства імя Францішка Скарыны, дык Вільгельм фон Кубэ быў бы першым сярод кіраўнікоў нашай дзяржавы. Ці трэба казаць, што на гэтым нацысцкім злачынцы, адным з самых небясьпечных са сваімі д’ябальскімі праектамі, якія рэалізавалі тут, „каб ісьці разам у Эўропу пад правадырствам вялікай Нямеччыны Адольфа Гітлера супроць жыдоўства і бальшавізму“. Мы ведаем, чым гэта скончылася. Таму гэта ня сьвята тых, для каго гэта зьяўляецца духоўным папярэднікам і якія хочуць адзначаць Дзень Незалежнасьці ў нейкі іншы дзень. Для іх Дзень Незалежнасьці і мера незалежнасьці — не стабільнасьць і бясьпека на фоне напужанага чалавецтва, на фоне тэрарызму і ўсяго астатняга, што робіцца. Для іх, на жаль, гэта ня сьвята».