Макей бачыць у Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве найперш эканамічны складнік

Уладзімер Макей, архіўнае фота

Пасьля сёньняшняга завяршэньня паседжаньня кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы (ЦЭІ) міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (Беларусь цяпер старшынюе ў гэтай міжнароднай арганізацыі) зрабіў заяву для журналістаў.

Ён адзначыў, што, на думку Беларусі, краіны Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы павінны супрацоўнічаць з упорам на эканамічны складнік. На яго думку, менавіта гэтая рэгіянальная структура павінна стаць галоўным зьвяном паміж Усходам і Захадам.

А паколькі асноўны інтарэс для Беларусі эканамічны, беларускі бок хацеў бы зрабіць так, каб гэтая ініцыятыва ўлічвала тыя транзытныя магчымасьці, якія мае краіна. У прыватнасьці, Макей сказаў, што добрыя пэрспэктывы ёсьць у пашырэньні транспартных сетак — асабліва з улікам ініцыятывы Кітаю «Адзін пояс, адзін шлях».

Беларусь будзе старшыняваць у ЦЭІ яшчэ паўгода, пасьля чаго старшынёўства пяройдзе да Харватыі. Намесьнік міністра замежных спраў гэтай краіны Таміслаў Лендзіч у сваёй прамове адзначыў, што для Харватыі асноўнымі тэмамі на 2018 год стануць міграцыйны крызіс, барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Журналісты, якія сабраліся ў менскім «Прэзыдэнт-гатэлі», не змаглі задаць выступоўцам ніводнага пытаньня. Уладзімер Макей патлумачыў: паколькі дыскусія зацягнулася і ўдзельнікі форуму выбіліся з графіку, падрабязна адказваць на пытаньні няма часу. І паабяцаў, што пры іншай нагодзе прадстаўнікі СМІ атрымаюць усю неабходную інфармацыю.