На лаве падсудных пяць чалавек, якіх сьледзтва лічыць выканаўцамі: Заур Дадаеў, Анзор і Шадзід Губашавы, Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў. Заказчыкам і арганізатарам забойства сьледзтва называе былога супрацоўніка МУС Чачні Руслана Мухудзінава. Ён абвешчаны ў вышук.
У пачатку чэрвеня адвакат сям’і Барыса Нямцова Вадзім Прохараў заявіў, што забойства палітыка «не раскрытае» і заклікаў ня верыць «тым, хто кажа адваротнае». Падчас выступу перад прысяжнымі ў Маскоўскім акруговым ваенным судзе адвакат дадаў, што сьледзтва, на яго думку, «пацярпела відавочнае фіяска». «Хутчэй за ўсё, сьвядома» — адзначыў Прохараў.
Вольга Міхайлава — іншы адвакат сям’і Нямцова — таксама заявіла, што замоўцы забойства апазыцыянэра і тыя, хто кіраваў выканаўцамі злачынства, да гэтага часу знаходзяцца на волі. На думку Міхайлавай, замоўцаў забойства Нямцова «трэба шукаць» сярод вышэйшых службовых асобаў Расеі й Чачэніі.
Напярэдадні «Новая газета» апублікавала зварот да кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава з просьбай паспрыяць у допыце былога намесьніка камандзіра батальёну «Поўнач» Руслана Герэмеева па справе аб забойстве Барыса Нямцова. Выданьне прапанавала Кадыраву задаць Герэмееву шэраг пытаньняў пра яго сувязь з падазраванымі ў забойстве Нямцова. «Новая газета» заявілі пра гатоўнасьць апублікаваць усе адказы Герэмеева ў поўным аб’ёме.
Родныя і паплечнікі Нямцова настойваюць на датычнасьці Кадырава да яго забойства, а арганізатарам злачынства неаднаразова называлі менавіта Герэмеева. У ходзе сьледзтва ён ні разу ня быў дапытаны.
У гутарцы з Радыё Свабода дачка палітыка Жанна Нямцова заявіла, што незадаволеная вынікамі сьледзтва і ходам судовага разбору:
— У мяне не было ніколі ніякай упэўненасьці ў тым, што дзяржава будзе зацікаўлена ў выкрыцьці арганізатараў і замоўцаў гэтага забойства. На маё вялікае расчараваньне, я мела рацыю. Таму, безумоўна, сьледзтва і суд пацярпелі фіяска ў пошуку арганізатараў і замоўцаў. Хоць сьледчая група прызнае наяўнасьць і першага, і другога. І другое фіяска — гэта безумоўна тое, што не атрымалася знайсьці матыў, акрамя матыву выканаўцы, які быў прызнаны карысьлівым. Для таго, чаму не атрымалася знайсьці матыў, мне здаецца, таксама існуе даволі простае тлумачэньне. На мой погляд, гэта забойства дзяржаўнае, гэта забойства па палітычным матывах. Безумоўна, дзяржава гэта прызнаваць ня хоча. Таму яны адмовіліся перакваліфікаваць справу з артыкулу 105 на артыкул, які прадугледжвае пакараньне за забойства грамадзкага дзяржаўнага дзеяча. Але гэта ня значыць, што трэба апускаць рукі, будзем працягваць працаваць далей. Самае важнае, чаго ўдалося дамагчыся — гэта прызначэньне спэцыяльнага дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ён падрыхтуе на працягу году-двух даклад аб тым, як вялося сьледзтва, як вёўся суд — гэта будзе афіцыйная пазыцыя Рады Эўропы з нагоды гэтай справы. Безумоўна, гэта не інструмэнт расьсьледаваньня, ніводная дзяржава не дапускае ў расьсьледаваньні міжнародных органаў, калі, вядома, сама ня просіць аб дапамозе. Але прымяненьне гэтых інструмэнтаў кантролю — гэта афіцыйная прававая пазыцыя, якая будзе сфармуляваная Радай Эўропы, — кажа Жанна Нямцова.
Адзін з адвакатаў сям’і Нямцова Вадзім Прохараў распавёў у інтэрвію Радыё Свабода каму, на яго думку, магло быць выгадна забойства палітыка:
— Нямцоў, вядома, быў вельмі нязручны — гэта была яркая харызматычная асоба, з выдатнымі кантактамі на Захадзе, напрыклад, ён быў адным з асноўных ініцыятараў «Акту Магніцкага», які вельмі не падабаецца нашай эліце і асабіста закранае яе інтарэсы. Ён пісаў дэпутацкія запыты — што гэта за так званыя кадыраўцы прымаюць удзел у канфлікце ў Данбасе? Ён пісаў рэзкі пост пра той самы шабаш, які кадыраўцы наладзілі ў сьнежні 2014 году на стадыёне ў Грозным, калі паказвалі свае мускулы, што гэта была відавочная дэманстрацыя, у тым ліку і для фэдэралаў, што зьяўляецца такая слаба кіраваная Кадыравым самастойная сіла. Нямцоў гэта ўсё казаў, і гэта ўсё не падабалася. Але па тых дадзеных, па якіх можна зрабіць выснову, апошняй кропляй быў усё ж такі красавік 2014 году, нецэнзурнае выказваньне на адрас грамадзяніна Пуціна. У прынцыпе шырокага абмеркаваньня гэта ня выклікала, але людзі, якія жывуць па адпаведных законах (а я мяркую, што вярхушка Чачні да іх належыць безумоўна, цалкам верагодна, што і частка фэдэральнай улады) не маглі прайсьці міма гэтага, завязаўся клубок. Калі вы спытаеце, ці цягнуцца ніці вышэй за кіраўніцтва Чачні — ня ведаю, трэба разьбірацца. Але тое, што яны цягнуцца як мінімум да кіраўніцтва Чачні, а цалкам верагодна, што і да часткі фэдэральных сілавікоў, для нас гэта, практычна, відавочна.
Адвакат Вольга Міхайлава не выключае, што рана ці позна імёны заказчыкаў забойства будуць названыя:
— Я думаю, для сьледчых не сакрэт, хто зьяўляецца арганізатарам гэтага злачынства. Іншая справа, што ў іх зьвязаны рукі, таму што яны ня могуць пайсьці далей гэтых пяці чалавек і няшчаснага кіроўцы. Як я разумею, павінна быць палітычнае рашэньне, прэзыдэнт павінен набрацца сьмеласьці прыняць такое рашэньне. Калі да гэтага часу ён яго не прыняў, значыць нешта яшчэ адбываецца, я не магу зразумець, што менавіта, што перашкаджае. Сьледзтва зрабіла ўсё, каб адсачыць дакладны ланцужок, у нас нават у справе ёсьць ключы ад нумару Сулеймана Герэмеева (сэнатар ад Чачэнскай рэспублікі. — РС). Гэтыя ключы былі знойдзеныя ў кватэры, напэўна, дзе пражывалі Заур Дадаеў і ўсе астатнія падсудныя. Калі б, напрыклад, ключы Навальнага былі выяўленыя на Веернай, то ўсё [высновы былі б зроблены хутка]. А тут знойдзеныя ключы сэнатара, але мы яго не чапаем, мы яго не дапытваем, мы яго асьцерагаем. Але ў матэрыялах справы яны ляжаць, як рэчавыя доказы выкарыстоўваюцца, чакаюць, напэўна, усё-ткі «гадзіны ікс», калі хтосьці дазволіць увесь гэты ланцужок сапраўды ад пачатку і да канца падняць, усіх вінаватых прыцягнуць да адказнасьці.
Барыс Нямцоў быў застрэлены ў цэнтры Масквы 27 лютага 2015 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, кілерам быў Заур Дадаеў. Астатнія падсудныя зьбіралі інфармацыю пра Нямцова і сачылі за ім. Адвакаты сям’і Нямцова заявілі, што яны сумняваюцца ў датычнасьці да забойства толькі аднаго з абвінавачаных — Хамзата Бахаева. На думку юрыстаў, у дачыненьні да яго сьледзтву не ўдалося сабраць дастатковую доказную базу.