У Менск на форуме Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы знаходзіцца намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Барташ Ціхоцкі.
Напярэдадні афіцыйных мерапрыемстваў ён сустрэўся зь беларускімі палітыкамі і грамадзкімі актывістамі.
Адна з удзельніц нефармальнай гутаркі, намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аліна Суравец падзялілася са Свабодай уражаньнямі пра дыялёг:
«Ён спачатку нас выслухаў, кожны распавёў пра сытуацыю ў сваёй сфэры. Паралельна рабіў сабе паметкі па тэмах, якія мы ўздымалі. А потым адказаў на пытаньні, расказаў, што робіць Польшча. Галоўны пасыл, які прагучаў, такі. Палітыка ёсьць адкрытая, калі робяцца афіцыйныя заявы; а ёсьць скрытая, калі тэмы абмяркоўваюцца ў закрытым фармаце, не заўсёды выносяцца ў публічную сфэру. Таксама акцэнтаваў увагу: калі не гучыць у прэсе, што думае Польшча пра будаўніцтва БелАЭС ці пра сытуацыю вакол Белсату, гэта не азначае, што гэтыя пытаньні не хвалююць польскі бок. Ён некалькі разоў паўтарыў: Польшча — адзін зь беларускіх лябістаў на эўрапейскім узроўні. Таму ў такіх актуальных рэчах, як набліжэньне Беларусі да эўрапейскай супольнасьці, захады з польскага боку не спыняюцца».
Беларускія ўдзельнікі сустрэчы заклікалі польскі бок не спыняць падтрымку беларускіх грамадзкіх ініцыятываў і незалежных СМІ, а таксама адпаведным чынам рэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта, у прыватнасьці, казаў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
На перакананьне актывістаў, салідарнасьць з дэмакратычнай супольнасьцю — доўгатэрміновы праект, які мае стаць адчувальным унёскам у разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі.
Як мяркуе Аліна Суравец, польскія ўлады хочуць спрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі:
«На сустрэчы былі прадстаўнікі амаль усіх партый, рухаў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Барташ Ціхоцкі падзяліўся сваімі асабістымі назіраньнямі, наколькі эфэктыўна мы тут працуем. Таксама абмяркоўвалася пытаньне новых эўрапейскіх канцэпцый, якія наўпрост нібыта ня тычыцца Беларусі, але Польшча як краіна Эўразьвязу ў іх задзейнічаная. Таму занепакоенасьць наконт таго, што скончыліся нейкія польскія праграмы для Беларусі, пасьпешлівая. Ён пацьвердзіў: пэўная частка сродкаў сапраўды адцягнутая на ўцекачоў, якія прыбылі ў Эўропу з гарачых пунктаў, але пытаньне пра тое, што праграмы закрываюцца і больш іх ня будзе, не стаіць. Хвалявацца пра зьніжэньне цікавасьці да Беларусі ня трэба, польскія дыпляматы працуюць у самых розных кірунках. Проста трэба разумець, адзначыў Ціхоцкі, што няма магчымасьці выносіць у публічную сфэру абсалютна ўсё».
Падчас наведваньня Беларусі Барташ Ціхоцкі наведаў урочышча Курапаты, дзе ўсклаў кветкі да народнага мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій.