«Беларусь за апошні час зрабіла дзьве важныя рэчы, — заявіў сёньня міністар замежных спраў і зьнешняга гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта пасьля перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем. — Па-першае, Менск выдатна спраўляецца з абавязкамі старшыні Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы. Па-другое, калі ацэньваць дасягненьні Беларусі апошнім часам, то яны вельмі істотныя».
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Вугоршчыны адзначыў, што ягоная краіна зараз зьвяртае ўвагу Брусэля ды іншых эўрапейскіх сталіц на тое, што яны павінны паглядзець новымі вачыма на станоўчыя пераўтварэньні ў Беларусі:
«Мы рады, што частка санкцый зь Беларусі зьнятая, таксама мы вітаем спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў, якія хочуць наведваць шэнгенскую зону. Акрамя таго, падтрымліваем рух Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю».
Пэтэр Сіярта нагадаў, што Вугоршчына знаходзіцца ў Цэнтральнай Эўропе. Адпаведна, калі стасункі паміж Захадам і Ўсходам пагаршаюцца, становіцца дрэнна тым, хто знаходзіцца пасярэдзіне. І наадварот, добра, калі гэтыя стасункі нармалізуюцца.
На ягонае перакананьне, Эўразьвяз можа падвысіць свой аўтарытэт, калі будзе больш эфэктыўна працаваць з суседзямі. Усходняя Эўропа мае добрыя рэсурсы, Заходняя — найноўшыя тэхналёгіі. І калі ўсё гэта злучыць, атрымаецца выдатны эфэкт.
У сваю чаргу Ўладзімер Макей падкрэсьліў плённасьць перамоваў з вугорскім калегам. Так, ён адзначыў, што пазыцыі дзьвюх краінаў у найважнейшых пытаньнях міжнароднай палітыкі ня маюць значных разыходжаньняў.
Апроч беларуска-вугорскіх дачыненьняў, Уладзімер Макей і Пэтэр Сіярта абмеркавалі стасункі Беларусі з Эўразьвязам ды іншымі эўрапейскімі арганізацыямі.
Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць камплімэнты з боку Будапэшту ў адрас беларускіх уладаў невыпадковымі:
«У Брусэля шмат прэтэнзіяў да кіраўніцтва Вугоршчыны. Многія эўрапейскія чыноўнікі і парлямэнтары адзначаюць аўтарытарны стыль паводзінаў прэм’ера Вугоршчыны Віктара Орбана. Некаторыя нават параўноўваюць ягоныя дзеяньні з паводзінамі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. На мой погляд, у гэтым ёсьць нейкія перабольшваньні.
Але тое, што ва Вугоршчыне існуюць антыдэмакратычныя рэчы, гэта не выклікае сумневу. Нездарма ж у Будапэшце праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць Віктара Орбана. Асаблівыя пратэсты выклікала рашэньне пра Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт, які заснаваў амэрыканскі мільярдэр вугорскага паходжаньня Джордж Сорас. Урад Орбана давёў сытуацыю да таго, што ўнівэрсытэт фактычна мусіць будзе спыніць сваю працу.
Ну а тое, што адна аўтарытарная ўлада падтрымлівае другую, то зьдзіўляцца гэтаму ня трэба».