Хлопца зь Бярозы пабілі за «Пагоню» і беларускую мову, пераблытаўшы з братам

Мікола (зьлева) і Ільля Шыманскія

Беларускі рэпэр Ільля Шыманскі распавёў пра здарэньне зь ягоным братам Міколам: хлопца прынялі за Ільлю і моцна зьбілі — за цішотку з «Пагоняй», беларускую мову і рэлігійныя погляды.

Ільля кажа Свабодзе, што год таму ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі ў Бярозе, калі Аляксандар Кабанаў балятаваўся ў дэпутаты ад АГП. Тады аднаго дня ён ішоў па вуліцы ў цішотцы з «Пагоняй» (якую яму падарыў дырэктар Symbal.by Павал Белавус), да яго прычапіўся незнаёмы яму мужчына, стаў абражаць за цішотку і адказы на беларускай мове. Ледзь не завязалася бойка. Хуліган спрабаваў ударыць, але прамахнуўся. А пасьля падышлі іншыя людзі, і хуліган ня стаў працягваць бойку. Што дзіўна, як кажа Ільля, пасьля хуліган падышоў на пікет і паставіў подпіс за кандыдата.

Праз год Ільля прыехаў у Бярозу. На вуліцы недалёка ад дому яго заўважыла група хуліганаў. Неўзабаве побач праходзіў Мікола — хуліганы заўважылі яго і падумалі, пераблытаўшы братоў, што гэта Ільля ідзе дамоў.

Мікола Шыманскі ў лякарні

«Падумалі, што гэта я іду, — кажа Ільля Шыманскі. — Учатырох яго на зямлю павалілі, пабілі, крычалі кшталту „ты баптыст“, „ты ненавідзіш Пуціна і Лукашэнку“, „едзь у сваю Амэрыку да Трампа“ і ўсё такое. Пасьля па іх прыехала машына, яны зьехалі. Мой брат хацеў пайсьці ў міліцыю, але дайшоў толькі да запраўкі, бо далей ужо ня мог ісьці. Выклікаў міліцыю, яны яго распыталі, але адзінае, што не адвезьлі ў лякарню, хоць мала што зь ім, бо пабілі моцна. Па камэрах вызначылі тых людзей і завадатара, які хацеў на мяне напасьці».

Цяпер Ільля Шыманскі зьбіраецца падаваць заявы на хуліганаў, бо тыя ня толькі зьбілі яго брата, але і хацелі напасьці на яго самога на рэлігійнай, палітычнай і нацыянальнай глебе. Паводле яго, міліцыя зьбіраецца прывезьці завадатара бойкі да сям’і Шыманскіх на размову.

Ільля Шыманскі ў той самай цішотцы, за якую зьбілі яго брата