20 чэрвеня ў Менску адбыўся прэм’ерны паказ францускага мультфільму «Маленькі прынц» па-беларуску. Яго можна будзе пабачыць на вялікім экране кінатэатру «Масква» 23–25 чэрвеня а 19 гадзіне. Перад паказам адбудзецца прэзэнтацыя перавыданьня кнігі «Маленькі прынц» з ілюстрацыямі аўтара, у перакладзе Ніны Мацяш.
«Маленькі прынц» — найбольш чытаная кніга францускай літаратуры, прызнаная ў Францыі найлепшай кнігай XX стагодзьдзя. Пераклады «Маленькага прынца» існуюць на 300 мовах і дыялектах, у тым ліку тры на беларускай: Эдзі Агняцьвет, Ніны Мацяш і Паўла Касьцюкевіча. Паколькі гэтай кнігі цяпер ня знойдзеш у кнігарнях, у межах сэрыі «Добрая кніга» пры падтрымцы кампаніі Velcom зьявілася перавыданьне «Маленькага прынца» ў перакладзе Ніны Мацяш. Яно выйшла накладам 1000 асобнікаў, 500 зь якіх распаўсюдзяць па бібліятэках і школах Беларусі, а рэшту прададуць на паказах мультфільму.
Выданьне кнігі зьвязанае з выхадам на шырокі экран мультфільму «Маленькі прынц» (2015) у беларускай агучцы і прысьвечана дню нараджэньня Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры (29 чэрвеня 1900 г.). Пры падтрымцы кампаніі Velcom і «Атлант Тэлекам» героі мультфільму загаварылі галасамі беларускіх актораў Ганны Хітрык, Сьвятланы Цімохінай, Зьмітра Бейнарт-Саладухі, Паўла Харланчука, Сяргея Жбанкова і Ўладзімера Глотава.
Мультфільм распавядае гісторыю дзяўчынкі і яе сябра, старога — таго самага лётчыка, які і напісаў гісторыю пра Маленькага прынца. Самастойны сюжэт, зьняты ў сучаснай анімацыйнай тэхніцы, пераплятаецца зь сюжэтам кнігі, рэалізаваным у традыцыі лялечных мультфільмаў з кардоннымі і папяровымі дэкарацыямі, драўлянымі і плястылінавымі лялькамі.
23–25 чэрвеня менчукі змогуць пабачыць мультфільм «Маленькі прынц» у кінатэатры «Масква», а пазьней паказы адбудуцца ў іншых абласных гарадах Беларусі: у Гомлі, Магілёве і Горадні.
Як адзначыў кіраўнік праекту «Кінаконг» Андрэй Кім, беларускія паказы ўсясьветна вядомых фільмаў маюць у публікі шалёны посьпех. За тры месяцы фільмы і мультфільмы па-беларуску паглядзелі каля 5 тысяч чалавек. Гэта параўнальна хіба толькі з праглядамі «Піратаў Карыбскага мора» ў Беларусі.
Мультфільм «Маленькі прынц» перакладзены на беларускую мову Цімохам Каліноўскім. Аб праблеме дубляжу фільмаў расказала Надзея Кім:
«Калісьці на БТ быў аддзел дубляжу, але ён не існуе з 2008 году. Нашы акторы агучваньня — менавіта адтуль, а вось перакладчыкі некуды зьніклі. Цяпер у дубляжы фільмаў вельмі шмат аматараў, але гэтай справе трэба вучыцца некалькі гадоў. Гэта вельмі спэцыфічная праца: тэкст павінен пападаць у рэплікі актораў, не павінна быць у тэксьце ані трасянкі, ані занадта літаратурнай мовы, ані складаных выслоўяў. У нас ніхто ня ведае беларускай мовы на ўзроўні носьбіта. Перакладчыкі, якія з намі працуюць 3–4 гады (напрыклад, Вольга Жандарава), толькі цяпер пачынаюць перакладаць так, каб пасьля не даводзілася рэдактару правіць тэкст яшчэ некалькі сутак. Да таго ж для ўсіх перакладчыкаў гэта ўсяго толькі хобі. Але цяпер, калі ў нас ёсьць плян паказаў на год наперад, гэта можа набыць іншы маштаб».
Андрэй Кім распавёў пра пляны на наступныя паказы:
«Пасьля „Маленькага прынца“ мы плянуем паказаць па-беларуску фільм „Форэст Гамп“, а потым замахнёмся на кінанавінкі. У найбліжэйшых плянах паказаць па ўсёй Беларусі прыгодніцкі фільм 2017 году пра часы Рэфармацыі і Адраджэньня. Наагул жа мы выбіраем для агучваньня толькі якасныя і значныя фільмы, якія робяць чалавека лепшым. Але пры гэтым мы агучваем мэйнстрым, не арт-хаўс. Для нас вельмі важна, каб фільмы адпавядалі хрысьціянскай ідэалёгіі, мы ніколі ня будзем агучваць „50 адценьняў шэрага“. І кожны раз на паказе мы выбіраем нейкую тэму. Кожны наш фільм быў прысьвечаны ці то міжнароднаму дню анкапацыента („Пакуль ногі носяць“), ці то Чарнобылю („Кніга Ілая“), ці то дню сьвятога Патрыка („Таямніца Келза“), а гэты будзе прысьвечаны дню народзінаў Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры».
Фільмы, агучаныя ў межах праекту, можна глядзець таксама анлайн на VOKA-TV aд Velcom i IPTV ад «Атлант Тэлекам».