Штраф Міколу Чарнавусу зьменшаны ўдвая — зь 10 базавых (230 рублёў) да 5 (115 рублёў).
У рашэньні абласнога суду паведамляецца, што пастанова Баранавіцкага суду «падлягае зьмяненьню» на падставе «неадпаведнасьці прызначанага судом адміністрацыйнага спагнаньня».
Мікола Чарнавус быў пакараны Баранавіцкім судом на 10 базавых велічыняў (230 рублёў) за выклік міліцыі ў Баранавіцкі райвыканкам.
Як распавядаў Свабодзе Мікола Чарнавус, аднойчы, калі ён зайшоў у Баранавіцкі райвыканкам па справе, патрэбныя кабінэты былі зачыненыя і толькі ў адным «адбывалася нейкае сьвяткаваньне — сьмех, звон келіхаў». Спадар Чарнавус выклікаў міліцыю, і чыноўнікаў райвыканкаму павезьлі на мэдыцынскі агляд. У лякарні паведамілі, што чыноўнікі цьвярозыя.
Пасьля таго на Чарнавуса напісалі заяву за «лжывае паведамленьне», за якое ў Баранавіцкім судзе ён атрымаў 230 рублёў штрафу.