Беларусь і Эўразьвяз дамовіліся аб рэадмісіі: мінус адна перашкода да візавай лібэралізацыі

Кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун

Прадстаўнікі Беларусі і Эўразьвязу дамовіліся наконт тэксту будучага пагадненьня аб рэадмісіі — прыёме сваіх грамадзянаў, дэпартаваных зь іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю, перадае БелТА.

Пра што дамовіліся ў справе рэадмісіі

Як перадае Tut.by заяву кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, прадстаўнікі Эўразьвязу гатовыя афіцыйна ўзгадніць (парафіяваць) тэкст дакумэнту ўжо ўвосень. Экспэртных нарадаў надалей не плянуецца.

Раней беларускі бок наракаў, што Эўразьвяз ня хоча даваць Беларусі пераходны пэрыяд, у які ня будуць прымацца назад грамадзяне трэціх краінаў і асобы без грамадзянства. Але ва ўзгодненым цяпер тэксьце дамовы ёсьць такі пераходны пэрыяд, які будзе «крыху меней» за тры гады.

Ім Беларусь зьбіраецца скарыстацца, каб збудаваць неабходную інфраструктуру для ўтрыманьня нелегальных мігрантаў — агучаныя пляны збудаваць цэнтар часовага ўтрыманьня нелегальных мігрантаў у межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі, на які выдзяляецца 7 млн эўра. У цэнтры таксама будуць разьмяшчаць людзей, якія маюць намер зьвярнуцца ў Беларусі па міжнародную абарону.

Да чаго тут візы

Паралельна зь перамовамі аб рэадмісіі ішлі перамовы прадстаўнікоў МЗС Беларусі з экспэртамі Эўразьвязу аб спрашчэньні візавага рэжыму. Гэтыя перамовы трываюць з 2014 году.

Вынікі іх пакуль не агучваюцца. Але дамова аб рэадмісіі зьяўляецца абавязковай умовай Эўразьвязу для спрашчэньня візавага рэжыму. Беларускі бок называў галоўнай перашкодай спрашчэньню патрабаваньні Эўразьвязу ў бясьпецы дыпляматычных пашпартоў — з гэтым беларускі бок абяцае разабрацца ў 2018 годзе, калі дыпляматы разам з усімі грамадзянамі змогуць атрымліваць біямэтрычныя пашпарты.

Калі такое спрашчэньне адбудзецца, шэнгенская віза будзе каштаваць для Беларусаў 35 эўра замест 60, трэба будзе падаваць меней дакумэнтаў для яе атрыманьня, а студэнты, прадстаўнікі дыяспараў і шэраг іншых катэгорыяў грамадзянаў змогуць атрымліваць бясплатныя візы і шматразовыя доўгатэрміновыя.