Яшчэ 17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды». Сюжэт датычыўся акцый пратэсту «дармаедаў» у Горадні. Адным зь ягоных «герояў» быў Вадзім Саранчукоў. Пасьля гэты сюжэт быў зьмешчаны на афіцыйным сайце тэлеканалу, а таксама на сэрвісе Youtube.
Паводле Саранчукова, відэасюжэт паказалі без указаньня аўтарства, а інфармацыя, распаўсюджаная ў ім, не адпавядае сапраўднасьці. Саранчукоў сьцьвярджае, што зьнятыя кадры ў хутчэй нагадваюць апэратыўныя здымкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а не працу журналістаў.
Са скаргай Саранчукоў зьвяртаўся ў пракуратуру, але адказу адтуль не атрымаў і вырашыў зьвярнуцца ў суд.
— Ад Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі я патрабую, каб мне было прынесеныя прабачэньні, а таксама каб у этэры была абвешчаная інфармацыя, што факты, прыведзеныя ў відэасюжэце, не адпавядаюць сапраўднасьці. Ніякай грашовай кампэнсацыі я ад іх не хачу.