Дракахруст: Паводле папярэдніх дадзеных, партыя «Наперад, Рэспубліка» прэзыдэнта Макрона разам з саюзьнікамі атрымала 350 месцаў з 577 у Нацыянальным сходзе. Правыя рэспубліканцы атрымаюць 130 мандатаў, сацыялісты, пераможцы мінулых парлямэнцкіх выбараў — 29, «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн — 8.
Вынік партыі «Наперад, Рэспубліка» крыху больш сьціплы, чым прагназаваўся пасьля першага туру, вынікі канкурэнтаў прэзыдэнцкай партыі крыху лепшыя, чым прагназавалася тыдзень таму, але па сутнасьці прагнозы спраўдзіліся.
Партыя прэзыдэнта атрымала аглушальную, трыюмфальную перамогу. На першы погляд, прэзыдэнт можа рабіць усё, што хоча.
Але гэта толькі на першы. Выбары 18 чэрвеня прынесьлі яшчэ адзін рэкорд — на іх была самая нізкая яўка за ўсе гады Пятай рэспублікі — 42%.
Навідавоку глыбокі крызіс палітычнай сыстэмы — так шмат галасоў у нармальнай, звычайнай сытуацыі не аддаюць адной палітычнай сіле, тым больш сіле, па сутнасьці — «кату ў мяху».
Макрону давядзецца дзейнічаць неадкладна. Немалая частка грамадзтва ўсё ж паверыла яму, паверыла, як мэсіі. Такі велізарны давер складана, калі наагул магчыма, апраўдаць. Макрону давядзецца дзейнічаць хутка, каб запусьціць рэформы, якія ён хоча, каб іх не падарвала хваля расчараваньня.
Такая пераканаўчая перамога хутчэй за ўсё аслабіць антымігранцкія сілы ў Заходняй Эўропе. На выбарах у Нямеччыне ў верасьні «Альтэрнатыва для Нямеччыны» можа ў выніку рэха ад францускіх выбараў наагул ня трапіць у бундэстаг.
Аднак цэнтрабежныя сілы ў іншых рэгіёнах Эўропы могуць наадварот умацавацца. Макрон ужо заявіў, што краіны, якія адмаўляюцца прымаць уцекачоў паводле квоты ЭЗ, павінны быць пакараныя — Вугоршчына, Чэхія, Польшча. Калі ён будзе на гэтым настойваць, то розныя думкі пра «экзыты» могуць запанаваць у краінах-чальцах Зьвязу ў Цэнтральнай Эўропе. Так што прынамсі канфлікты, калі не цэнтрабежныя тэндэнцыі на ўсходзе ЭЗ могуць узмацніцца менавіта з прычыны аглушальнага посьпеху Макрона і яго партыі.
Макрон хутчэй за ўсё паспрабуе зрабіць крокі да новай мадэлі Эўразьвязу — «Зьвязу дзьвюх хуткасьцяў». Гэта азначае выдзяленьне ў саюзе ядра, злучанага больш шчыльнымі сувязямі, і пэрыфэрыі. Макрон выступаў за стварэньне ўраду зоны эўра, за ўтварэньне супольнага бюджэту эўразоны.
Ня ўсе гэтыя ідэі падзяляюць, не ва ўсім зь імі згодная нават Нямеччына. Але спрабаваць рабіць крокі ў гэтым кірунку францускі лідэр будзе.
Для Беларусі посьпех самога Макрона і макронаўцаў мала што мяняе. Макрон у сваёй выбарчай кампаніі не выказваў асаблівага імпэту наконт прасоўваньня па ўсім сьвеце каштоўнасьцяў дэмакратыі і зьмены аўтарытарных рэжымаў. Ускоснае пацьверджаньне таго — рашэньне новай адміністрацыі ЗША працягнуць санкцыі адносна Беларусі, накладзеныя яшчэ адміністрацыяй Джорджа Буша-малодшага. Чаму Макрон будзе паводзіць сябе інакш, якія рэсурсы ён мае для гэтага?
Цікавасьць новага прэзыдэнта Францыі могуць выклікаць хіба што пляны стварыць новы фармат працэсу ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, нейкі Менск-3. На магчымасьць гэтага празрыста намякнуў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан. Практычна ніякай асаблівай ролі Парыж Алянда ў менскім працэсе не адыгрываў. Новая форма можа зьмяніць разьмеркаваньне роляў. А дзе гэтае новае пагадненьне, калі яно зьявіцца, будзе заключанае — можа быць і зноў у Менску.
Глод: Значэньне перамогі партыі Макрона для Эўропы і для Беларусі Юры Дракахруст выклаў падрабязна і пераканаўча. Што тычыцца самой Францыі, то галоўны вынік дзьвюх выбарчых кампаніяў, на мой погляд, такі — выбарцы падтрымліваюць курс на неабходныя краіне рэформы.
Рэфармаваньне было ў цэнтры прэзыдэнцкай праграмы Эманюэля Макрона. Яно ж засталося цэнтральным пунктам і парлямэнцкай кампаніі. Зразумела, што абсалютная большасьць у Нацыянальным сходзе дае Макрону велізарныя магчымасьці для рэалізацыі ягонай праграмы. Прэзыдэнт і яго каманда могуць адчуваць сябе ўпэўнена і праводзіць сваю праграму, карэктуючы яе ў выпадку неабходнасьці. Вынікі галасаваньня 7 траўня аказаліся тым моцным лякаматывам, які пацягнуў прыхільнікаў Макрона да істотнай перавагі над канкурэнтамі. Ніякіх перамоваў зь іншымі партнэрамі ім ужо няма патрэбы весьці.
Да таго ж Францыя краіна з традыцыйна моцнай прэзыдэнцкай уладай. Нездарма ж Лукашэнка казаў, што асноўны беларускі закон вельмі падобны на францускі. Таму, калі французы падтрымалі новага прэзыдэнта, то яны сьледам падтрымалі і ягоную партыю. Такім чынам, уся ўлада ў краіне цяпер фактычна будзе ў адных руках.
Аднак наступныя пяць гадоў, я думаю, ня будуць для самага маладога прэзыдэнта Францыі лёгкімі. Па-першае, што б ні рабіла новая каманда, некаторыя выбарцы, якія за яе галасавалі, палічаць яе намаганьні недастатковымі. Пачнуцца размовы кшталту: мы на іх так спадзяваліся, а яны...
Па-другое, любыя рэформы балючыя па сваёй сутнасьці. Яны абавязкова закрануць інтарэсы нейкай часткі насельніцтва. І тады зноў пачнецца: мы гэтым людзям даверылі, а яны... Да таго ж, новыя ўлады заявілі пра неабходнасьць перагляду дачыненьняў паміж работнікамі і наймальнікамі. А гэта непазьбежна выкліча сутыкненьне з прафсаюзамі. А прафсаюзы ў Францыі вельмі моцныя.
Па-трэцяе. Невядома, як будуць паводзіць сябе так званыя старыя партыі, якія прайгралі выбары, найперш, рэспубліканцы і сацыялісты. Тут могуць быць два варыянты. Адзін, калі яны ператвараюцца ў парлямэнцкую канструктыўную апазыцыю, што будзе лягчэй для каманды Макрона. Горшы варыянт, калі яны стануць бязьлітасна крытыкаваць уладу за любую памылку, нават дробную.
І, нарэшце, чацьвёртае. Надзвычай нізкі ўзровень яўкі выбарцаў. У другім туры ён быў яшчэ ніжэйшы, чым у першым. На выбарчыя ўчасткі не прыйшло больш за палову насельніцтва з правам голасу. І гэта можа ў пэрспэктыве стварыць для пераможцаў надзвычай складаную сытуацыю. Іхныя апанэнты будуць апэляваць: маўляў, гэтая ўлада — толькі ўлада меншасьці.
Карней: Сапраўды, вынікі парлямэнцкіх выбараў у Францыі важныя найперш для нядаўна абранага прэзыдэнта Эманюэля Макрона — бальшыня ў Нацыянальным сходзе дазволіць яму прасоўваць рэформы, дэкляраваныя ў перадвыбарнай праграме.
І выглядае, што нягледзячы на рэкордна нізкую за апошнія 20 гадоў яўку выбарцаў з пастаўленай задачай ягоны рух «Рэспубліка, наперад!» пасьпяхова справіўся, атрымаўшы месцаў істотна больш за палову. Прынамсі, канстатавана, што гэта ці не найлепшы паказьнік за апошнія паўстагодзьдзя.
А гэта значыць, што рукі ў маладога лідэра збольшага разьвязаныя — Нацыянальны сход мае вырашальнае слова ў працэсе прыняцьця законапраектаў. Канкурэнты ў выглядзе кансэрватараў-«рэспубліканцаў» цяпер маюць бальшыню ў сэнаце, але ў ніжнюю палату прыйшлі зь непрыстойным адставаньнем ад лідэра. Дакладна гэтак жа, як і Сацыялістычная партыя ўжо былога кіраўніка краіны Франсуа Алянда і крайне правы «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн.
Важна адзначыць, што гэта ўжо другая запар пераканаўчая перамога Макрона — у траўні 39-гадовы палітык выйграў прэзыдэнцкія выбары ў той самай Лё Пэн.
Атрымаўшы карт-блянш, Макрон стане ў пэўным сэнсе выратавальным колам для Брусэлю. Бо калі параўнаць лёзунгі Макрона і ягонай асноўнай апанэнткі па прэзыдэнцкай гонцы Марын Лё Пэн, гэта абсалютныя антыподы. Тым часам як Лё Пэн сярод сваіх задачаў абяцала «дэмантаж» Эўразьвязу і адмову ад адзінай валюты эўра, у фокусе Макрона — узмацненьне эўраінтэграцыі, стварэньне бюджэту і парлямэнту эўразоны.
Яшчэ адзін пункт, які ўскосна ці нават наўпрост тычыцца Беларусі — пазыцыя адносна Расеі. Макрон выразна даў зразумець, што прыкладзе максымум намаганьняў, каб патрабаваць ад Масквы безумоўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў па Ўкраіне, падпісаных у прысутнасьці ягонага папярэдніка Франсуа Алянда на пачатку 2015 году ў Беларусі.
Да гэтага часу ў Крамлі небеспадстаўна спадзяваліся, што зь перамогай Лё Пэн атрымаюць лабіста сваіх інтарэсаў у Эўразьвязе — тая не хавала сымпатыяў да расейскага кіраўніка Ўладзімера Пуціна і ставіла ягоную палітыку за ўзор моцнай рукі.
Аднак разьлік не спрацаваў: замест паслухмянай марыянэткі Масква атрымала пасьлядоўнага крытыка. Памятны нядаўні «адлуп» Макрона прапагандысцкім рэсурсам Russia Today і Sputniк — францускі лідэр у прысутнасьці Пуціна назваў іх «распаўсюднікамі хлусьлівай інфармацыі». Апроч таго, паводле яго, расейскія хакеры, нанятыя ўрадам, меліся сарваць перадвыбарную кампанію кандыдата.
Ці трэба казаць, што пасьля такіх заяваў у Парыжы Пуціна наўрад ці чакаюць як дарагога госьця — зрэшты, як і ягонага стратэгічнага саюзьніка Аляксандра Лукашэнку. А менавіта ў гэтую краіну ў 1996 годзе нядаўна абраны кіраўніком Беларусі Лукашэнка ажыцьцявіў свой першы візыт, калі мераць паняцьцем «дальняга замежжа».
Ад таго часу кантакты Менску і Парыжу мелі пераважна санкцыйны кантэкст: калі беларускі рэжым чарговым разам адзначаўся здушэньнем свабоды слова і права на мірныя сходы, заходнія краіны на гэта рэагавалі, Францыя ў тым ліку. Выключэньнем была хіба «адліга» ў сувязі са згаданымі Менскімі дамоўленасьцямі: на ўваходзе ў Палац незалежнасьці Лукашэнка сустракаў высокіх гасьцей, уключна з Франсуа Аляндам, і як ён сам казаў, «вёдрамі падносіў каву перамоўнікам». Ну і натуральна, сфатаграфаваўся на агульным здымку як адзін зь «міратворцаў».
Адпаведна, разьлічваць, што Францыя пры новым лідэры стане правадніком нейкіх беларускіх інтарэсаў, наўрад ці выпадае. Калі Макрон ініцыяваў закон аб маралізацыі палітычнага жыцьця, пазбавіўшы сваіх урадоўцаў і парлямэнтароў усялякай магчымасьці займацца кансалтынгам і ўладкоўваць на працу сваіх сямейнікаў, наўрад ці варта спадзявацца, што ён раптам заклапоціцца паляпшэньнем іміджу апошняй дыктатуры Эўропы. Адзінае, што зьвязвае Лукашэнку і Макрона, дык гэта тое, што абодва сталі прэзыдэнтамі ў 39 гадоў. Але на гэтым палітычныя і цывілізацыйныя падабенствы заканчваюцца...